Гомельская міліцыя шукае “Грасю Новак”
Намеснік начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама, палкоўнік міліцыі Яўген Красноў адмяніў пастанову ўчастковага міліцыянера, лейтэнанта Чыгуначнага РАУС Гомеля Міколы Огнява пра спыненне адміністрацыйнай справы ў дачыненні да невядомага карыстальніка, які пад нікам “Грася Новак” працягвае абражаць праваабаронцу Леаніда Судаленку.
2 чэрвеня ў сацыяльнай сетцы “У кантакце” ананімны карыстальнік, які зарэгістраваў старонку пад нікам “Грася Новак”, размясціў пра праваабаронцу абразлівую інфармацыю. У прыватнасці, ананім паведаміў, што “па дадзеных, атрыманых ад крыніцы ў Гомельскай абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы, жыхар Гомеля Леанід Судаленка пакутуе на суцяжны сіндром”. Тут жа ананімны карыстальнік размясціў яго фатаздымак, называючы праваабаронцу псіхічна хворым чалавекам.
Угледзеўшы ў дзеяннях ананіма прыкметы складу адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных артыкуламі 9.2. і 9.3. КаАП (паклёп і абраза), Леанід Судаленка прасіў міліцыю высветліць яго IP-адрас і распачаць у дачыненні да яго адміністрацыйны працэс. Участковы міліцыянер спыніў справу і параіў праваабаронцу самостойна шукаць ананіма ў Расіі, паколькі сацыяльная сетка “У кантакце” зарэгістравана менавіта там.
“Я упэўнены, што пад нікам “Грася Новак” хаваецца 70-гадовы журналіст “Белорусской военной газеты” Уладзімір Кажэўнікаў, супраць якога я падаў зыск аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі з патрабаваннем спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды. Менавіта пра гэта я і заявіў міліцыі, але ж на нізавым узроўні шукаць ананіма-паклёпніка не захацелі. Можа, зараз, пасля ўмяшальніцтва абласнога кіраўніцтва, участковы інспектар пачне сур’ёзна займацца маёй заявай”, — спадзяецца Леанід Судаленка.