• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гродна: 60-годдзе Сяргея Чыгрына

    60-гадовы юбілей слонімскага журналіста і краязнаўцы, сябра ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Сяргея Чыгрына адзначылі ў Гродне. 

    Кіраўнік гродзенскай суполкі Саюза Беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Дубатоўка адзначае, што Сяргей Чыгрын вельмі знакамітая для Гродзеншчыны асоба:

    — Ён вядомы на Гродзеншчыне не толькі як пісьменнік, а таксама як даследчык, які вывучае лёсы і творчасць паэтаў і пісьменнікаў, што жылі ў Заходняй Беларусі яшчэ да Другой сусветнай вайны. Людзей гэтых ніхто не ведае, а ён якраз іх вынімае з нібыцця і даносіць інфармацыю пра іх нашым чытачам.

    Для журналіста і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча Сяргей Чыгрын – гэта прыклад працы над кнігамі, якіх у Сяргея Чугрына больш за шэсцьдзесят.

    — Сяргей Чыгрын – гэта найперш летапісец слонімскай зямлі. Гэта краязнаўца і журналіст, які ўздоўж і ўпоперак пералапаціў усе матэрыялы,  звязаныя са Слонімшчынай. Ён аб’ездзіў усе хутары і вёскі, дасканала ведае рэгіён, па-сутнасці, калі скласці ў адно ягоныя працы, атрымліваецца цэласная энцыклапедыя гісторыі Слонімшчыны. Каб у кожным раёне Беларусі быў такі журналіст і краязнаўца, мы б мелі багацейшыя напрацоўкі. Так што ёсць з каго браць прыклад. А кнігі яго чытаюцца: яны карыстаюцца попытам у мясцовага насельніцтва, у бібліятэках і ў тых, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю. Гэта вельмі высокародны чалавек, які працягвае рабіць справу для нашай Бацькаўшчыны.

    Гродзенцы зрабілі для юбіляра два вельмі каштоўных падарункі – выдалі кнігу з бібліяграфіяй яго твораў і змясцілі ў кнігу якраз да юбілея 60 ягоных твораў, а таксама падарылі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.  

    Урачыстасць адбылася ў Цэнтры гарадскога жыцця. Сам юбіляр трымаўся на сустрэчы вельмі сціпла. Ён падзякаваў за падарункі,  распавёў некалькі гісторый пра свае краязнаўча-журналісцкія пошукі і параіў чытаць яго артыкулы ў штотыднёвіку “Новы час”, а таксама сачыць за выпускам яго новых кніг.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці