Гродзенцы ўручылі ўзнагароду Дзянісу Івашыну
У Гродне 1 кастрычніка адбылася ўрачыстасць з уручэннем дыплома “За адданасць прафесіі” журналісту Дзянісу Івашыну.
Конкурс “За адданасць прафесіі” імя выдаўца Уладзіміра Вербавікова заснаваны Гомельскай філіяй ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у 2009 годзе. Дзяніс Івашын стаў першым гродзенцам, які атрымаў гэту высокую ўзнагароду.
“Гэта добрая навіна не толькі для Гродна, але і для ўсёй журналісцкай супольнасці. Наш гродзенскі журналіст атрымаў дыплом “За аддданасць прафесіі” за артыкул пра Курапаты. Сёння журналістам казаць праўду сапраўды патрабуе мужнасці і адданасці прафесіі. Гэта вяртае веру ў нашу прафесію журналіста. І менавіта праўда ў журналістыцы можа змяняць гэты свет. Тэма Курапатаў зараз вельмі актуальная ў святле падзей, што зараз там адбываюцца, калі сапраўды памяць пра сталінскія часы і пра катаў шануецца больш, чым памяць пра іх ахвяр. Я хачу падзякаваць Дзянісу за яго добрую працу і за тое, што ён не баіцца казаць пра вельмі важнае для беларусаў. Гродзенская суполка БАЖ ганарыцца табой”, – сказала на ўручэнні дыплома кіраўніца гродзенскай суполкі Вольга Корсун.
Дзяніс Івашын, атрымліваючы ўзнагароду, шчыра падзякаваў гомельскім сябрам за высокую ацэнку яго журналісцкай дзейнасці:
“Мне вельмі прыемна, бо апроч мяне ў конкурсе ўдзельнічалі досыць сур’ёзныя аўтары. Я збіраюся надалей ўдзельнічаць у розных конкурсах, бо гэта плюс у кар’еру журналіста, калі ёсць узнагароды і прэміі. А таксама зыходжу з таго, што трэба на міжнародным узроўні падымаць тэму нашага народнага мемарыяла Курапаты: спробаў дзяржавы дэсакралізаваць і дыскрэдытаваць гэты мемарыяльны комплекс праз дзейнасць рэстарацыі “Паедзім-Паядзім”.
Там ужо чатыры месяцы цягнецца варта, штодня стаяць людзі, збіраюцца подпісы з патрабаваннем зачыніць гэты рэстаран. Зразумела, трэба выкарыстоўваць магчымасць на міжнароднай арэне данесці супольнасці пра праблемы, звязаныя з самым масавым сведчаннем савецкага генацыду супраць беларускага народу”.