Гродзенскі фатограф Яўген Бузук: Беларусы саромяцца ўдзельнічаць у конкурсах
Гродзенскі фатограф Яўген Бузук стаў адным з пераможцаў у сусветным фатаграфічным конкурсе і атрымаў медаль Брытанскай фатаграфічнай асацыяцыі. Ён быў адзіным беларусам, хто падаў заяўку і паслаў туды свае здымкі.
Пра заняткі фатаграфіяй і ўдзел ў міжнародных спаборніцтвах распавядае Яўген Бузук:
– Штогод у свеце адбываецца вялікая колькасць розных фотаконкурсаў пад “дахам” трох вядомых арганізацый: Міжнароднай арганізацыі ФІАП, Амерыканскай фатаграфічнай асацыяцыі і Брытанскай. Так атрымалася, што я даслаў свае працы на конкурс у краіну пад назвай Дамініка. Арганізатары конкурсу былі з Канады, а ўсё гэта адбывалася пад эгідай ФІАП і Брытанскай асацыяцыі. Два мае здымкі перамаглі. Адзін здымак атрымаў бронзавы медаль салона – гэта, хутчэй, такі суцяшальны прыз. А другі здымак атрымаў залаты медаль Брытанскай асацыяцыі. Гэта адна з сур’ёзных ўзнагародаў. Больш сур’ёзнай будзе толькі медаль ФІАП.
– Вы ўдзельнічалі ў розных міжнародных фотаконкурсах. Раскажыце, якія здымкі дасылаюць людзі на такія конкурсы?
– У асноўным гэта вельмі банальная фатаграфія, якая не ўздымае ніякіх праблем. Гэта не конкурс фотарэпарцёраў. Большасць людзей хоча глядзець на нешта прыгожае. На такіх конкурсах вы не ўбачыце боль і пакуты. Канешне, некаторыя конкурсы такое дапускаюць, але часцей за ўсё гэта нешта прыемнае для вока. Мае здымкі для гэтага конкурсу былі наступныя: першы – пара людзей, што абдымецца.
Здымак атрымаўся ў стылі 50‑х гадоў ХХ стагоддзя. Другі здымак, які атрымаў залаты медаль, – гэта аголеная жанчына корміць дзіцятка. Здымак атрымаўся вельмі прыгожы, і я адразу ведаў, што буду дасылаць яго на конкурс.
– Ці шмат беларусаў удзельнічаюць у падобных конкурсах?
– У конкурсах пад эгідай ФІАП і міжнародных асацыяцый удзельнічае вельмі мала беларусаў. Напрыклад, ведаю аднаго чалавека з Мінска, у яго ўзнагародаў у некалькі разоў больш чым у мяне. А ўвогуле ведаю двух-трох чалавек, якія ўдзельнічаюць у сусветных конкурсах. На маю думку, прычын некалькі: па-першае, гэтыя конкурсы платныя. Удзельнікам трэба плаціць невялікія грошы, і мы, зразумела, “заціскаецца”. Па-другое, не ўсе пра іх ведаюць. У Беларусі так атрымліваецца, што фатаграфія – гэта камерцыя з зарабляннем грошай. Ці праз здымкі збіраюць “лайкі” ў Інстаграме ды іншых сацыяльных сетках. Адпраўляць здымкі на конкурсы ў нас не прынята.
– Вы – вядомы ў горадзе фатограф, як бы вы ацанілі працы калег, бо Гродна вядомы ў Беларусі як горад фатографаў?
– Сярэдні ўзровень гарадзенскіх фатографаў вельмі добры. Ёсць вельмі цікавыя мастацкія здымкі. Напрыклад, той жа Аляксандр Саенка. Яго здымкі – гэта мастацкі рэпартаж, ля якога я, як кажуць, і блізка не стаяў. Ёсць некаторыя фатографы, якія вельмі паспяховыя ў камерцыйным плане. Але на сусветным ўзроўні вельмі цяжка нешта казаць. Таму я дасылаю здымкі туды, дзе мяне не ведаюць.
Яўген Бузук плануе ў наступным годзе ўдзельнічаць яшчэ ў пяці розных конкурсах і раіць тое ж рабіць беларускім калегам.