Гродзенскі грамадскі актывіст Мышкевіч з прапановай трансляцыі пасяджэнняў гарсавета дайшоў да суда
Блогер і актывіст Анатоль Мышкевіч звярнуўся ў суд Ленінскага раёна Гродна, каб аспрэчыць рашэнне гарадскога савета аб немагчымасці трансляцыі пасяджэнняў мясцовых дэпутатаў.
У красавіку 2018 года Анатоль Мышкевіч звярнуўся ў гарадскі Савет народных дэпутатаў з прапановай весці анлайн-трансляцыі пасяджэнняў, але атрымаў адказ, што рабіць прамыя трансляцыі “на дадзены перыяд не ўяўляецца магчымым”. Цягам наступных васьмі месяцаў актывіст спрабаваў абкардзіць адмову: звяртаўся ў Гродзенскі аблвыканкам, было створаная петыцыя, і цяпер справа дайшла да суда.
3 снежня 2018 года суддзя Ленінскага раёна Гродна Казімір Сяргей правёў апытанне бакоў, пры гэтым выдаліўшы з кабінета прадстаўнікоў прэсы і грамадскіх актывістаў, якія прыйшлі падтрымаць Мышкевіча.
“Гарвыканкам падаў прашэнне аб спыненні справы ў сувязі са сканчэннем тэрміну падачы скаргі. Я патлумачыў, што ў адмове аблвыканкама не былі ўказаныя тэрміны абскарджання, было проста напісана, што магчыма абскардзіць у судовым парадку”, – каментуе вынікі першай сустрэчы ў судзе Анатоль Мышкевіч.
Грамадскі актывіст лічыць, што працэс адбываецца таму, што Гродзенскі гарвыканкам парушыў Канстытуцыю, адмовіўшы ў законным праве атрымліваць поўную інфармацыю аб дзейнасці дзяржаўных органаў.
Папярэдняе слуханне справы распачнецца 6 снежня а 14.30 у суддзе Ленінскага раёна Гродна, працэс будзе весці суддзя Казімір Сяргей.