Гродзенскі журналіст падтрымаў палітвязня Алега Сянцова #SaveOlegSentsov
Гродзенскі журналіст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч прыняў удзел у міжнароднай акцыі падтрымкі ўкраінскага рэжысёра, палітвязня Алега Сянцова, які працягвае галадоўку ў расійскай калоніі.
Акцыя ў падтрымку Алега Сянцова адбываецца 13 ліпеня па ўсім свеце. Яе ўдзельнікі фатаграфуюцца ля знакавых месцаў сваіх гарадоў. Уладзімір Хільмановіч сфатаграфаваўся на фоне Барысаглебскай царквы, аднаго з самых старых беларускіх храмаў, старажытнага сімвала Гродна.
Па словах журналіста, ён хоча паказаць, што многія беларусы выступаюць за вызваленне Сянцова — нявінна засуджанага чалавека.
— Яго засудзілі толькі за тое, што ён меў прынцыповую пазіцыю. У той час, калі ў Расію прыязджаюць прэзідэнты, палітыкі забываюцца на тое, што ў Расіі і яе сатэлітаў ёсць палітычныя вязні. Наш абавязак нагадаць пра гэта палітыкам і ўсім людзям, — гаворыць Хільмановіч.
Падобная акцыя праходзіць сёння, у Дзень нараджэння Алега Сянцова, у многіх краінах свету.
Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, затрыманы ў Крыме і асуджаны паводле абвінавачвання ў тэрарызме, ужо больш за 60 дзён ён трымае бестэрміновую галадоўку ў калоніі. Сянцоў патрабуе вызвалення 64 украінскіх палітвязняў у Расіі.
Ліст да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з просьбай вызваліць Алега Сянцова падпісалі многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў. У тым ліку і нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч.