• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Грымёра няма, навучыўся фарбавацца сам». Вядоўца «Наша Ніва.News» пра асаблівасці працы, прагляды і хейт у каментарах

    Маладзечанец Кірыл Насякайла пачаў весці відэанавіны ў лістападзе мінулага года. «Адгукнуўся на пазіцыю відэамантажора, але ў выніку прапанаваў сябе ў якасці вядоўцы».

    У інтэрв’ю Беларускай асацыяцыі журналістаў Кірыл распавёў, чаму не пабаяўся стаць тварам экстрэмісцкага фармавання, якога кантэнту не хапае беларускаму ютубу і як атрымалася дасягнуць добрых праглядаў. 

     

    «Не баюся выступаць перад публікай яшчэ з дзяцінства»

    Кірыл чытаў «Нашу Ніву» даўно. Калі хлопец ужо даслаў рэзюмэ ў выданне, – у яго з’явілася жаданне працаваць там. «Увогуле хацелася штосьці рабіць для Беларусі», – кажа ён.

    Сам Кірыл з Маладзечна, вучыўся ў беларускай гімназіі. «Усе прадметы былі на беларускай мове. Таму для мяне не было складана перайсці працаваць на роднай мове, але часам бываюць у мяне праблемы з націскамі. Я валодаю літоўскай мовай і заўважыў, што беларуская час ад часу бывае нават больш складанай», – расказвае ён.

    З’ехаў з краіны Кірыл яшчэ ў 2013 годзе: паступіў вучыцца ў ЕГУ на праграму «Медыя і камунікацыя». Тое, што яго ўзялі на пазіцыю вядоўцы, не стала для хлопца нечаканасцю: «Не хваляваўся, калі ішоў на сумоўе».

    «На той момант у «Нашай Нівы» ютуб існаваў, я яго адсочваў, але канцэпцыя яшчэ не была сфармуляваная, фармату навін не было. Я сам прапанаваў сябе ў якасці вядоўцы, таму што ў мяне існавала ўяўленне, як гэта трэба рабіць, як усё мусіць выглядаць. Ніякіх курсаў не праходзіў, проста не баюся выступаць перад публікай яшчэ з дзяцінства.

    Адзін раз ва ўніверсітэце ў мяне быў добры досвед: на дзень адчыненых дзвярэй для абітурыентаў прыехала «Арт-сядзіба» на чале з Франакам Вячоркам і Паўлам Белавусам. Тыдзень яны рабілі для студэнтаў воркшопы арт-менеджарства. Шмат чаго тады расказалі: як арганізоўваць мерапрыемствы, як рабіць афішы, здымаць відэа. Кожнаму ўдзельніку трэба было на камеру нешта сказаць, зняць. Пачуццё страху ў мяне, мабыць, тады зусім знікла», – дзеліцца Кірыл.

     

    «Танальнік падбіраў не я, бо не ўмею»

    Стаць тварам экстрэмісцкага фармавання Кірыл не баяўся. «Прапагандысты на нас звяртаюць увагу, але я так разумею, што яны ў сваёй большасці не глядзяць ютуб, – кажа ён. – Можа, не хочуць нам прагляды накручваць. Не ведаю чаму, але заўважаю, што рэакцыя часцей на тэксты ў іх. 

    Апошняе, на што адрэагаваў Азаронак – наш загаловак у ютубе – «Дзікае паляванне Карпянкова». Кірыл лічыць, што ютуб, – гэта прастора, у якой павінен існаваць чапляючы загаловак, добрая выява.

    «Калі не прыцягнеш увагу чалавека адразу, відэа далей не пойдзе, вельмі шмат залежыць ад першых хвілін праглядаў. Пры гэтым нейкія вірусныя загалоўкі стараемся не рабіць. Ёсць моманты, калі разумееш, што трэба лупіць, а калі сітуацыя не вымушае, то тады і навошта», – разважае ён.

    Асабістага грымёра ў Кірыла няма. Ён робіць «грым» перад здымкамі сам. «Дзяўчаты тут на месцы дапамаглі спачатку. Потым сам стаў цікавіцца, паглядзеў на ютубе, што і як. Гэта з досведам прыходзіць, трэба глядзець, што ў кадры атрымліваеццца, бо даволі адрозніваецца ад таго, што ў жыцці.

    Танальнік падбіраў не я, бо не ўмею. Проста пайшоў у краму, сказаў, для чаго трэба. Але першы раз няправільна падабралі, ужо наступны толькі добра глядзеўся на скуры», – расказвае ён.

     

    «Рэкорд за месяц – 1,6 мільёна праглядаў»

    Пачыналі рабіць выпускі пра нейкую адну канкрэтную падзею дня. «Відэа збірала нейкія прагляды, да 10 тысяч, але гэта слаба. Калі запусцілі навіны, першыя тры тыдні таксама малыя прагляды ішлі. Часам падавалася, што нешта не так робім.

    Вялікі штуршок быў, калі памёр Уладзімір Макей. Мы адны з першых спрацавалі з гэтым, відэа ў нас з’явілася, мабыць, праз дзве-тры гадзіны пасля яго смерці. Гэта была субота, другая палова дня, не кожны здолеў выйсці на працу і зрабіць відэа, не ўлючваючы «Белсат», канешне, там іншая спецыфіка працы.

    Многія відэа пачалі набіраць дзясяткі тысяч праглядаў. Рэкорд за месяц – у маі гэтага года – 1,6 мільёна праглядаў. Гэта добры вынік, але з прыростам гледачоў пакуль ёсць праблемы. Мяркую, што гэта праз палітычную сітуацыю ў Беларусі, не кожны можа падпісацца, пакінуць каментар ці лайк», – расказвае Кірыл.

    Да працы на ютубе «Наша Ніва.News» Кірыл Насякайла супрацоўнічаў з кампаніяй, якая рабіла праграму для літоўскага тэлебачэння. 

    «Займаўся здымкамі, мантажом. Чатыры гады працаваў з відэа. Думаў, што гэта ўсё, чым хачу займацца. Але трапіў у «Нашу Ніву» і трошкі змяніліся інтарэсы. Пры гэтым падабаецца быць як вядоўцам, так і мантаваць. А вось праца з тэкстамі не маё», – кажа ён.

    Як Кірыл ставіцца да хейту ў каментарах пад ролікамі на ютубе?

    «У цэлым я ніяк не рэагую. Калі там нейкія выказванні пра нашу працу, то нармальна, пакідаем. Але калі пераходзяць на асобы, напрыклад, абмяркоўваюць маё прозвішча, то такія каментары выдаляем. Але я далёка не заўсёды чытаю гэтыя каментары», – дзеліцца Кірыл.

    Па словах хлопца, на вуліцах Вільні беларусы яшчэ яго не пазнаюць. 

    «Больш праглядаў ідзе з Беларусі, – тлумачыць ён. –У Вільні некалькі разоў лавіў позіркі некаторых беларусаў, разумею, што пазналі, але каб падыходзілі і вось так наўпрост казалі – не».

     

    «У мяне далёка не заўсёды атрымліваецца запісаць выпуск з першага разу»

    Вядоўца лічыць, што беларускаму ютубу не хапае забаўляльнага, гумарыстычнага кантэнту. У гэтым сэнсе Кірыл раіць вучыцца ва ўкраінскага ютуба. «Але праблема, што проста не хапае аўтараў сцэнароў. Па сабе ведаю, што гэта вялікая праца, трэба ў нейкай ступені мець талент.

    Не хапае яшчэ аналітыкі, увогуле палітычных аглядальнікаў. Ёсць праблема, што моладзевая ютубаўская аўдыторыя мала глядзіць палітычныя навіны. Мабыць, не хапае менавіта маладога чалавека, які б даносіў да гэтай аўдыторыі палітычную аналітыку, прычым простай мовай», – разважае хлопец. Кірыл захапляецца музыкай. Ён ёй займаўся яшчэ са школы, выконваў рэп.

    «Выступаў у Маладзечне, у Мінск ездзілі. Калі пераехаў, крыху перастаў займацца гэтым. Цяпер побытавыя мае пытанні вырашыліся, хачу займацца электроннай і танцавальнай музыкай. На сёння інтэрнэт дае магчымасці для развіцця.

    Да 2020-га ў Беларусі рухаць тэму рэпа можна было вельмі добра. Яна мяне цікавіць, але я б хацеў расказваць больш пра субкультуры, культурныя прасторы, рэйвы. Калісьці мяне чапляў фармат Арцёма Рыбакіна і Андрэя Бонда «Клубны штрых». Гэта быў трэш-кантэнт, але менавіта такога цяпер не хапае ў беларускім ютубе, хоць у твітары, інстаграме мемы выбухоўваюць. Чаму гэта не пераносіцца ў ютуб – цяжка сказаць», – кажа ён.

    Запісваць навіны ў Кірыла не заўсёды атрымліваецца з першага разу. Ён падзяліўся сітуацыяй, праз якую давялося перарабліваць відэа. «Было горача, выцерся папяровай сурвэткай, кавалачак яе застаўся ў мяне на ілбе. Запісалі відэа, давялося перарабляць у выніку, бо там гэтая сурвэтка была добра відаць. Але выпускі нядоўгія ў нас, запісаць займае 15 хвілін.

    Таксама ў мяне ад настрою вельмі шмат залежыць – як ты сябе адчуваеш, ці выспаўся, ці паеў.

    Здараецца, што падчас запісу раблю памылкі, калі агучваю тэкст, доводзіцца перазапісваць, бо, напрыклад, аператар нешта не заўважыў. Трэба ўлічваць, што ў нас невялікая студыя, мала людзей. Якасна атрымліваецца, але, калі б было больш удзельнікаў у гэтым працэсе, то, магчыма, атрымлівалася б яшчэ лепш, некаторыя моманты проста, бывае, прапускаем, таму перарабляем», – падсумоўвае ён.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці