Хто забіў Паўла Шарамета? Тры гады без адказу
20 ліпеня спаўняецца тры гады з дня гібелі ў Кіеве журналіста Паўла Шарамета. Тры гады расьсьледаваньня не далі вынікаў: няма ні падазраваных, ні зачэпак, ні доказаў.
Цягам усіх гэтых гадоў сьледзтва так і ня вызначыла галоўную вэрсію забойства журналіста.
Дагэтуль адпрацоўваюцца ўсе пяць:
-
забілі за прафэсійную дзейнасьць ў Расеі і Беларусі;
-
памылка ў абʼекце злачынства (рыхтавалася забойства ўладальніцы выданьня «Ўкраінская праўда» Алены Прытулы);
-
прафэсійная дзейнасьць ва Ўкраіне — за крытычныя публікацыі ў выданьні «Ўкраінская праўда» і на радыё «Вести»;
-
намагаліся дэстабілізаваць сытуацыю ў дзяржаве;
-
канфліктныя сытуацыі ў асабістым жыцьці Паўла Шарамета — сямейнае, камэрцыйнае і фінансавае становішча.
Нязручная спадчына для новай улады
Ва Ўкраіне пра расьсьледаваньне гэтай справы ўсё часьцей згадваюць напярэдадні чарговай даты гібелі журналіста або падчас выбарчых кампаній.
Пытаньне «Хто забіў Паўла Шарамета?» дагэтуль застаецца нязручным як для былога прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, гэтак і для кіраўніцтва праваахоўных органаў. Усе яны ня раз заяўлялі, што вызначыць заказчыкаў і выканаўцаў забойства журналіста — справа гонару. Расьсьледаваньне было на асабістым кантролі ў Пятра Парашэнкі, а цяпер засталося ў спадчыну новаму прэзыдэнту.
Уладзімір Зяленскі сам не рабіў заяў па гэтай справе, калі не лічыць пытаньня, якое ён задаў на перадвыбарчых дэбатах зь Пятром Парашэнкам на стадыёне ў Кіеве 19 красавіка: «Чаму тых, хто падпаліў [крамы] „Roshen“ знайшлі праз чатыры гадзіны, а тых, хто падпаліў вайсковыя склады [з боепрыпасамі], і падрыўніка Шарамета не знайшлі за некалькі гадоў?» Але дзейны на той момант прэзыдэнт не адказаў на гэтае пытаньне, абвінаваціўшы апанэнта ў некампэтэнтнасьці.
Пазьней дарадца новага прэзыдэнта, а цяпер лідэр прапрэзыдэнцкай партыі «Слуга народу» Дзьмітрый Разумкоў заявіў, што Ўладзімір Зяленскі будзе акцэнтаваць увагу на расьсьледаваньні праваахоўнымі органамі нападаў на журналістаў, у тым ліку забойства Паўла Шарамета, але для пачатку яму трэба вызначыцца з формай такой ініцыятывы.
Заклікі журналістаў і міжнародных арганізацый
У чэрвені Міжнародны камітэт абароны журналістаў заклікаў Уладзіміра Зяленскага забясьпечыць хуткае і дакладнае расьсьледаваньне справы Паўла Шарамета і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, бо беспакаранасьць забойцаў — фактар запалохваньня журналістаў, асабліва тых, хто «асьвятляе патэнцыйна далікатныя і гучныя справы».
Гэтая арганізацыя — адзін з найбольш пасьлядоўных крытыкаў украінскай улады за адсутнасьць прагрэсу ў расьсьледаваньні забойства Паўла Шарамета: апошняя публічная справаздача праваахоўных органаў аб гэтай справе адбылася ў лютым 2017-га.
Ва Ўкраіне ці не адзіныя, хто пасьлядоўна патрабуе ад уладаў эфэктыўнага сьледзтва, — калегі Паўла Шарамета з інтэрнэт-выданьня «Ўкраінская праўда», дзе ён працаваў у апошні перад гібельлю год. Сёлета трэцім разам яны ладзяць акцыю памяці ў цэнтры Кіева — на скрыжаваньні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка, дзе выбухнуў аўтамабіль, якім кіраваў Павал Шарамет.
Пракуратура кожны год з надзеяй
За тры гады кіраўніцтва Генэральнай пракуратуры і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, якія супольна вядуць сьледзтва ў справе аб забойстве Паўла Шарамета, тройчы заяўлялі, што знайшлі зачэпкі. Але кожнага разу такія абнадзейваючыя заявы зьмяняліся іншымі — зачэпкі не пацьвердзіліся.
За два месяцы да трэцяй гадавіны з дня гібелі адразу два пракуроры заявілі аб пэрспэктыўнасьці расьсьледаваньня.
У траўні дзейны генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што сьледзтва выйшла «на пэўных асобаў»:
«У нас ёсьць сурʼёзны прагрэс. Мы бачым пэўных асобаў. Калі адбудуцца пэўныя працэсуальныя дзеяньні, я скажу пра гэта. Але я вельмі задаволены вынікам, які атрымалі Нацыянальная паліцыя і пракуроры. Больш нічога сказаць не магу».
У ліпені гучную заяву зрабіў колішні генэральны пракурор Віктар Шокін, які на момант забойства Паўла Шарамета ўжо не працаваў у Генэральнай пракуратуры Ўкраіны. Паводле яго, да забойства Паўла Шарамета можа быць датычны адзін з народных дэпутатаў Украіны, які і цяпер займае досыць высокую пасаду:
«Прозьвішча публічна называць я ня буду. Але я мяркую і, як казаў раней, практычна ўпэўнены… Каб сказаць з гарантыяй, неабходна правесьці сьледчыя дзеяньні пэўнага характару».
Віктар Шокін перакананы, што дзеля якаснага расьсьледаваньня справу Паўла Шарамета трэба перадаць той сьледчай групе, якая вяла справу аб забойстве ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ:
«Усё зойме месяц, ня больш. Тады можна было б паставіць кропку ў гэтай справе. Сувязь паміж гэтымі справамі, хутчэй за ўсё, ёсьць».
Хто займаўся справай Гангадзэ
На выканаўцу забойства ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ Аляксея Пукача, які быў затрыманы ў 2009 годзе і асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне ў 2013‑м, выйшла сьледчая група, якой кіраваў Мікола Галомша — на той час намесьнік генэральнага пракурора.
У інтэрвію Свабодзе ён ня раз пераконваў, што справу Паўла Шарамета «хаваць» рана: «Я лічу, што пэрспэктыва заўсёды ёсьць. Але тады, калі ёсьць прафэсійныя кадры, ёсьць жаданьне і досьвед».
У той жа час ён прызнае, што кропку паставіць будзе вельмі цяжка:
«На першапачатковым этапе расьсьледаваньня былі страчаныя магчымасьці — дасканала не зьнялі апэратыўную інфармацыю, яна не была прааналізаваная, не была выкарыстаная; па гарачых сьлядах не перакрылі забойцам магчымасьць замесьці сьляды, уцячы і схавацца. Тады нават не прайшлі па маршруце і не перагледзелі відэа. А цяпер даганяць вельмі цяжка. Забойства ж учынілі не прафаны ці выпадковыя людзі. Яно рыхтавалася — за ім (Шараметам) сачылі, хадзілі ягоным маршрутам, цікавіліся».
Мікола Галомша перакананы, што забойства Паўла Шарамета ўчынілі «прафэсіяналы» з дапамогай спэцслужбаў:
«Такія рэзанансныя забойствы рыхтуюцца такім чынам, каб сьледчы аддаляўся ад канкрэтнага да абстрактнага, а ў сьледзтва было заўсёды шмат ускосных доказаў і інфармацыі. Іх вельмі цяжка расьсьледаваць, нават калі зыходзіць з таго, што сьледзтва вядуць прафэсійныя кадры».
Колішні намесьнік генпракурора таксама зьдзіўлены «засакрэчанасьцю» справы, бо, паводле яго, сьледчыя павінны быць гатовыя да пытаньняў і ў пэўных дазволеных межах даваць грамадзтву інфармацыю.
Справу засакрэцілі пасьля журналісцкага расьсьледаваньня
У траўні 2017 году журналісты праекту «Слідство.Інфо» разам з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP (Праект расьсьледаваньня карупцыі й арганізаванай злачыннасьці) прэзэнтавалі дакумэнтальны фільм-расьсьледаваньне пра забойства Паўла Шарамета. Аўтары расказалі пра шэраг дэталяў, якія засталіся па-за ўвагай афіцыйнага сьледзтва, і назвалі імя былога супрацоўніка СБУ Ігара Ўсьціменкі, які мог быць датычны да забойства Паўла Шарамета.
У адказ Нацыянальная паліцыя Ўкраіны з 24 ліпеня 2017 году засакрэціла ўсе рашэньні судоў у межах дасудовага расьсьледаваньня справы, а з Адзінага дзяржаўнага рэестру судовых рашэньняў з адкрытага доступу зьніклі больш за 200 вэрдыктаў, якія тычыліся доступу сьледзтва да тэлефонных размоў магчымых фігурантаў крымінальнай справы. Сьледчыя патлумачылі закрыцьцё ад грамадзкасьці ўсіх дасудовых сьледчых дзеяньняў неабходнасьцю запэўніць бясьпеку «ў дачыненьні да асобаў, якія бяруць удзел у крымінальным судаводзтве».
З таго часу праваахоўныя органы перасталі і публічна камэнтаваць ход расьсьледаваньня. Невядомым таксама застаецца, ці адмовілася сьледзтва ад вэрсіі пра магчымую датычнасьць да арганізацыі злачынства байцоў Нацгвардыі, у прыватнасьці, палку «Азоў».
Да пераходу ў падпарадкаваньне Міністэрству ўнутраных спраў «Азоў» быў добраахвотніцкім батальёнам, у якім на Данбасе ваявалі некалькі беларусаў. Найбольш вядомы зь іх — Сяргей Кароткіх, які ў 2014 годзе паводле ўказу тагачаснага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі атрымаў украінскае грамадзянства.
У «Азове» тады зьняпраўдзілі вэрсію паліцыі, назваўшы яе «дэзынфармацыяй». А сёлета ў сакавіку ў адным са сваіх тэлевізійных інтэрвію Сяргей Кароткіх зьвязаў бязьдзейнасьць праваахоўных органаў у пошуку забойцаў Паўла Шарамета з адсутнасьцю палітычнай волі і нежаданьнем улады абнародаваць дэталі расьсьледаваньня:
«Дзейная ўлада мае ўсе прыкметы мафіёзнага рэжыму. Яна не зацікаўленая ў расьсьледаваньні рэзанансных спраў, бо разумее: тое, як замоўчваўся ход і доказы ў гэтым расьсьледаваньні, сьведчыць пра зацікаўленасьць у „крышаваньні“ гэтых працэсаў вярхамі ўладнай вэртыкалі».
У суботу калегі наведаюць магілу Паўла Шарамета ў Мінску