• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ідэалогія ці прафесіяналізм: што абіраюць інфармагенцтвы?

    Аналіз паведамленняў БелаПАН і БелТА ў кастрычніку 2015 г.

    Напярэдадні выбараў прамовы ўладных палітыкаў насыціліся ідэалагічнай лексікай. Якую пазіцыю павінны выбраць СМІ ў дадзенай сітуацыі?

    Ідэалогія, паводле агульнапрынятага вызначэння, – гэта сукупнасць сістэмных поглядаў, якая вызначае форму ўлады грамадства, стасункі групаў і асобных людзей, уплывае на прынцыпы і ідэі, якімі жыве супольнасць. Асновы беларускай дзяржаўнай ідэалогіі былі сфармуляваныя ў сярэдзіне 2000‑х гг. дзяржаўнымі ідэолагамі і (напр., Анатоль Рубінаў, «Еще раз об идеологии», «Советская Белоруссия», № 140, 28 ліпеня 2006 г.) і зафіксаваныя ў афіцыйным дакуменце “Главные принципы государственной политики Республики Беларусь”.

    Нагадаю, што галоўнымі тэзісамі беларускай дзяржаўнай ідэалогіі з’яўляюцца (паводле А. Рубінава): моцная роля дзяржавы і лідара, мір і перамога ў Другой сусветнай вайне, стабільнасць, пераемнасць савецкіх традыцый, у тым ліку ў эканоміцы, саюз з Расіяй і г. д.

    Каб выявіць, наколькі ідэалагічная лексіка прысутнічае ў беларускай медыяпрасторы, быў праведзены кантэнт-аналіз паведамленняў інфармацыйных агенцтваў за кастрычнік 2015 г. На гэты месяц прыпала фінальная падзея выбарчай кампаніі – галасаванне за кандыдатаў, а таксама самы “гарачы” час агітацыі. Таму гэты перыяд падаецца цікавым для аналізу.

    Выкарыстаны метад аналізу – падлік ключавых словаў у паведамленнях Дзяржаўнага прадпрыемства “Белта. Беларускае тэлеграфнае агенцтва” і Прыватнага інфармацыйнага агенцтва “Беларуская інфармацыйная кампанія Белапан”.

    Ключавыя словы вызначаліся паводле асноўных інфармацыйных нагодаў кастрычніка. Адной з асноўных стала афіцыйная акцыя ў Мінску з удзелам А. Лукашэнкі “Малітва за Беларусь”, якая адбылася 2 кастрычніка. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі ўдзел вышэйшыя прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі асноўных рэлігійных канфесій краіны, амбасадары замежных краін і інш. Цырымонія адбылася ля храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску. Інфармацыю пра мерапрыемства з асноўнымі цытатамі прамовы А. Лукашэнкі змяшчае афіцыйны сайт кіраўніка дзяржавы. Паводле гэтай крыніцы, ключавымі тэзісамі выступу былі наступныя:

    Pray for Belarus Action, Pres­i­den­t’s Speech Basic The­sis
    Cre­ate your own info­graph­ics

    Адпаведна прыведзеным вышэй цытатам былі абраныя і ключавыя словы: “спокойствие”, “молитва”, “стабильность”, “война”. Вылучаныя тэзісы прэзентуюць сэнсавыя стрыжні пануючай ідэалагічнай канцэпцыі. Як сігналы з прамовы прэзідэнта транфармаваліся  ў паведамленнях інфармацыйных агенцтваў? Колькі ўвагі дзяржаўнае і незалежнае масмедыя надалі акцыі?

    Іншыя тэмы:

    • Выбары, галасаванне, заканчэнне выбарчай кампаніі. 11 кастрычніка адбылося галасаванне за кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Папярэднія медыядаследаванні выявілі, што найбольшую ўвагу смі прыцягнулі нарматыўныя і бюракратычныя аспекты кампаніі (гл. Чыноўнікі ці кандыдаты: хто набраў інфармацыйныя балы?). Асноўнымі медыягероямі былі чыноўнікі і асобы ад улады, а не кандыдаты і іх каманды. Ці захавалася гэта тэндэнцыя ў кастрычніку? У якасці ключавых словаў выбраныя прозвішчы кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама прозвішча старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай і дзеючага прэзідэнта і кандыдата А. Лукашэнкіі. Папярэднія медыя-аналізы глядзіце тут.
    • Нобелеўская прэмія па літаратуры Святланы Алексіевіч. Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Пра гэта стала вядома 8 кастрычніка. Пазітыўная падзея адразу ж узняла інтарэс да краіны і аўтаркі ўсёй сусветнай супольнасці. Дзяржаўнае ці незалежнае інфармацыйнае агенцтва выдала больш інфармацыі пра падзею?
    • Адмена санкцый з боку ЕС у дачыненні да Беларусі. Вынікі выбараў прынеслі пазітыўныя навіны ў галіне стасункаў Беларусі і ЕС. 11 кастрычніка Рада ЕС вырашыла прыпыніць санкцыі ў дачыненні да 200 беларускіх чыноўнікаў, якія былі неўязнымі ў Еўрасаюз з 2010 года. ЕС адмяніў замарозку актываў і візавыя абмежаванні, у тым ліку і для прэзідэнта Беларусі. Дзеля даследавання прысутнасці гэтай тэмы ў паведамленнях інфармацыйных агенцтваў ключавымі словамі абраныя “санкцыі” і “Еўрапейскі Саюз”.

    Дадзеныя паводле пошукавых сістэм сайтаў інфармацыйных агенцтваў БелаПАН і БелТА www.belapan.by і www.belta.by. Ключавыя словы выкарыстоўваліся на рускай мове.

    Key Word on Bela­PAN and Belta in October,2015
    Cre­ate col­umn charts
    Асноўныя тэмы Ключавыя словы БелаПАН, (колькасць згадванняў) БелТА, (колькасць згадванняў)
    Малітва за Беларусь спокойствие 3 35
    молитва 23 29
    стабильность 21 141
    война 23 167
    Выбары і заканчэнне выбарчай кампаніі Короткевич 145 56
    Улахович 44 60
    Гайдукевич 40 55
    Лукашенко 354 411
    Ермошина 52 95
    Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч Нобелевская 9 26
    Алексиевич 51 17
    литература(е) 67 47
    Адмена санкцый Санкции 48 55
    Европейский союз 52 60

    Апісанне атрыманых дадзеных

    Ключавое слова “малітва” агенцтвы згадалі амаль аднолькавую колькасць разоў. Гэта значыць, што непасрэдна акцыі як інфармацыйнай нагодзе і дзяржаўнае, і незалежнае агенцтвы надалі прыкладна аднолькавую ўвагу.

    Па іншых ключавых словах розніца даволі вялікая. Словы «война» і «стабильность» у кастрычніку БелТА ўжыла 167 і 141 разоў адпаведна. Таксама і “спокойствие» ў сярэднім штодзень з’яўлялася ў стужцы дзяржаўнага інфармагенцтва.

    Колькасць ужывання гэтых ключавых словаў незалежным агенцтвам БелаПАН у 6–7 разоў меншая. “Спокойствие” БелаПАН ужыў толькі тры разы ў кастрычніку (супраць 35 згадак у стужцы БелТА).

    Што азначае высокая прысутнасць гэтых ключавых словаў у тэкстах дзяржаўнага інфармагенцтва? Колькі было рэальных інфармацыйных нагодаў, якія патрабавалі ўжывання гэтых ключавых словаў? Выяўленыя дадзеныя ўскосна сведчаць пра тое, што дзяржаўнае агенцтва сваім прыярэтэтам бачыць узмацненне ідэалагічных пасылаў, якія зыходзяць ад улады.

    У асвятленні Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч БелТА ўнікала персаналізацыі падзеі і больш згадала назву прэміі, чым прозвішча лаўрэаткі. БелПАН, наадварот, прозвішча Святланы Алексіевіч узгадаў у тры разы больш, чым назву прэміі. Таксама незалежнае агенцтва больш ужывала слова «літаратура». У цэлым пра Нобелеўскую прэмію для беларускага аўтара БелПАН пісаў больш, чым БелТА.

    У згадках ключавых словаў на міжнародную тэматыку ў кастрычніку дзяржаўнае агенцтва апярэдзіла незалежнае. БелТА згадала “Еўрапейскі Саюз” у два разы больш за БелПАН. Дзяржаўнае інфармагенцтва мае невялікую перавагу і ва ўжыванні ключавога слова “санкции”. У часе папярэдніх аналізаў у асвятленні міжнародных тэмаў большыя колькасныя паказчыкі, як правіла, меў БелаПАН. У дадзеным выпадку замеры зафіксавалі перавагу БелТА.

    Elec­tions Key Words on Bela­PAN and BelTA, in June-Octo­ber, 2015
    Cre­ate your own info­graph­ics

    Цікавасць да выбарчай тэматыкі ў кастрычніку знізілася. У цэлым агенцтвы менш згадвалі кандыдатаў, чым у папярэднія месяцы. Выключэннем з’яўляецца статыстыка БелПАН па колькасці згадак прозвішча кандыдата Таццяны Караткевіч: у кастрычніку агенцтва згадала яе больш, чым у любы папярэдні месяц выбарчай кампаніі. Прозвішчы іншых кандыдатаў, а таксама старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай паказалі на БелаПАН адмоўную дынаміку ў параўнанні з вераснем. Звязаныя з гэтымі асобамі падзеі, у прызме незалежнага агенцтва, страцілі сваю актуальнасць і адышлі на другі план.

    Гэта не тычыцца прозвішча Аляксандра Лукашэнкі.

    БелТА ў кастрычніку рэзка падвысіла яго прысутнасць у сваёй навінавай стужцы. Прозвішча “Лукашэнка” з’явілася на сайце агенцтва 441 раз. Гэта значыць – у сярэднім 2,6 разоў кожную працоўную гадзіну (пры ўмове, што ў месяцы дваццаць адзін 8‑гадзінны працоўны дзень).

    Лічбы згадак астатніх кандыдатаў на БелТА невялікія і вельмі падобныя. Супадзенні настолькі матэматычна дакладныя (графік гэта дэманструе), што за імі бачыцца нейкая строга вызначаная схема, паводле якой дзяржаўнае інфармагенцтва пісала пра альтэрнатыўных кандыдатаў на гэтых выбарах. Хутчэй за ўсё, прозвішчы згадваліся ў дачыненні да працэдурных, звязаных з выбарчым працэсам, падзеяў, а не ўнікальных інфармацыйных нагодаў. Гэта значыць, што дзяржаўнае агенцтва мела строга акрэслены курс у асвятленні выбараў, у межах якога інфармацыя пра альтэрнатыўных кандыдатаў падавалася па вызначанай схеме (рэдакцыйнай палітыцы ў асвятленні выбарчай кампаніі). Дзяржаўнае інфармагецтва на выходзіла за межы гэтай палітыкі ўвесь выбарчы перыяд.

    Крыніцай унікальных інфармацыйных нагодаў на выбарах звычайна з’яўляюцца штабы кандыдатаў, іх асабістыя выказванні, выступы ці журналісцкія расследаванні.

    Згадванне прозвішча Л. Ярмошынай у стужцы БелПАН у кастрычніку знізілася, у той час як БелТА працягвала на яе спасылацца і актыўна цытаваць.

    Высновы

    Альтэрнатыўныя кандыдаты і інфармацыйныя нагоды, з імі звязаныя, адышлі ў кастрычніку на другі план. Акрамя Таццяны Караткевіч: навінаў з яе прозвішчам БелаПАН у кастрычніку выдаў больш, чым у любы  папярэдні месяц кампаніі. Гэта значыць, што Т. Караткевіч не згубіла свой медыйны капітал і мае патэнцыял стаць самастойнай медыя-асобай у невыбарчы перыяд.

    БелаПАН больш пісаў пра Нобелеўскую прэмію па літаратуры і Святлану Алексіевіч.

    БелТА ў кастрычніку выдала больш інфармацыі пра адмену санкцый і Еўрапейскі Саюз. Дадзеныя дэманструюць відавочны энтузіязм, з якім дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва паставілася да адмены санкцыяў – спрыяльнай падзеі для беларускіх чыноўнікаў і іміджу ўлады.

    Статыстыка па ключавых словах тэмы “Малітва за Беларусь” дае ўяўленне пра прысутнасць ідэалагічнай лексікі і “дыскурса пагрозаў” у паведамленнях інфармагенцтваў. У стужцы БелПАН прысутнасць вылучаных ключавых словаў нязначная, у той час як дзяржаўнае агенцтва БелТА актыўна выкарыстоўвае ідэалагічна афарбаваныя паняткі ў сваіх паведамленнях.

    Чаму наяўнасць ідэалагічных установак у канкрэтным СМІ сведчыць пра непрафесійную працу і аддаленасць медыя ад стандартаў журналістыкі? Таму што любая ідэалогія сама па сабе не здольная ствараць інфармацыйныя нагоды. Калі няма дыскусіі і грамадскага дыялогу, узмацненне ідэалагічных пастулатаў у медыях ператвараецца ў прапаганду. Сутнасць працы журналістаў ва ўмовах ідэалагізаванага грамадства – захаваць цвярозы прафесійны погляд на падзеі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці