Журналісту-палітвязню Ігару Карнею дадалі яшчэ 8 месяцаў пазбаўлення волі
13 снежня суд Шклоўскага раёна прызнаў палітзняволенага журналіста Ігара Карнея вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі ПК-17 паводле часткі 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. У якасці пакарання суддзя Аляксандр Тараканаў дадаў Карнею каля 8 месяцаў зняволення.
З улікам новага прысуду журналіст выйдзе на волю не на пачатку лютага, а толькі ў кастрычніку 2026 года.
Паколькі гэта ўжо другая судзімасць па крымінальнай справе, існуе верагоднасць, што Ігара Карнея перавядуць на больш строгі рэжым утрымання за кратамі.
У шклоўскую калонію ён быў накіраваны адбываць прысуд зняволеннем за нібыта «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» (паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса РБ).
22 сакавіка 2024 года суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Кацэр прызначыў журналісту тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 20 тысяч рублёў.
Дзяржаўныя СМІ падчас суду над Ігарам Карнеем пісалі, што ён нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці супрацоўнічаў з «экстрэмісцкай» арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якую ў лютым 2023 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем».
Агулам у няволі Ігар Карней знаходзіцца ўжо амаль паўтара года. Яго затрымалі 17 ліпеня 2023 года. Спачатку арыштавалі ў межах адміністрацыйнай справы на 10 сутак. Потым прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў СІЗА. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.
Пасля суда па «эсктрэмісцкай» крымінальнай справе і безвыніковай спробы аспрэчыць вырак праз апеляцыю ў Вярхоўным судзе сёлета ў чэрвені Ігара Карнея ўнеслі ў пералік «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» і этапавалі ў шклоўскую папраўчую калонію № 17.
У калоніі пасля абавязковага каранціну яго размеркавалі 2 ліпеня ў атрад і дазволілі патэлефанаваць дахаты. Але неўзабаве змясцілі на пяць дзён у штрафны ізалятар. Амаль адразу пасля ШІЗА Ігара перавялі ў памяшканне камернага тыпу — спачатку да жніўня, а потым пакаранне працягнулі яшчэ на паўгода. Такім чынам, журналіста трымалі ў ізаляцыі амаль ад самага прыбыцця ў калонію.
Якім патрабаванням адміністрацыі калоніі не падпарадкаваўся Ігар Карней, невядома. Яму забароненыя тэлефанаванні, адміністрацыя калоніі не прыняла і вярнула паштовую пасылку з цёплымі рэчамі, адпраўленную сваякамі Ігара.
1 студзеня Ігару Карнею мае споўніцца 57 гадоў.
Амаль чатыры дзесяцігоддзі ён прафесійна займаўся журналістыкай — яшчэ ў студэнцкія гады стаў адным з заснавальнікаў моладзевай аршанскай незалежнай газеты «Лидер». Пазней друкаваўся ў газетах «Знамя юности», «Чырвоная змена», «Комсомольская правда». З 1991 года працаваў у газеце «Звязда». У 1994–2000 гадах быў карэспандэнтам незалежнага штотыднёвіка «Свободные новости». З 2000 года быў журналістам «Радыё Свабода». У апошнія гады захапіўся краязнаўствам і блогерствам — пісаў артыкулы для краязнаўчага сайта «Крэва.Трэвел».