• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Імправізацыя, рэпутацыя, гендарны перакос — пра што гаварылі падчас адукацыйнай экстра-сесіі ў Вільні

    Руплівыя журналісты, наведнікі курсаў «Навіны па-новаму» і «Пра палітыку і выбары» з’ездзілі на экстра-сесію ў Вільню. Там адбыўся заключны этап заняткаў з трэнерам з Латвіі Сігітай Роке — журналістам і медыяменеджарам.

    Журналіст — як акцёр на сцэне

    Журналісцкі досвед працы ў латвійскіх і міжнародных СМІ Сігіты Роке —  больш за 25 год. Яна пачынала сваю журналісцкую дзейнасць у агенцтва навін рэпарцёрам, а прыйшла туды з пошты. На пошце Сігіта друкавала тэлеграмы, навінавае агенцтва набірала людзей, якія маглі б працаваць і на камп’ютары — у той час іх былі адзінкі. Сігіта прайшла конкурс, пачала працаваць у службе навін і паступова ўсяму вучыцца.

    Цікава, як змянілася медыйнае поле: на пачатку кар’еры журналіста Сігіты агенцтва выдавала 10 навін за дзень, пазней — 500. А яе асабісты рэкорд — 32 навіны за дзень.

    Цяпер Сігіта Роке працуе ў Латвійскай асацыяцыі журналістаў, а таксама ў Рыжскім універсітэце. Яна з’яўляецца адным з галоўных рэдактараў міжнароднага праекта Internews.

    Сігіта мяркуе, што журналіст — як акцёр на сцэне. Ён можа самую панылую тэму зрабіць цікавай.

    Змены ў спажыванні інфармацыі. Выклікі для журналістаў і медыя

    Тэндэнцыі з медыя паўсюль падобныя, але, канешне, ёсць у кожнай краіне свае асаблівасці.

    Усяго ў Латвіі чатыры буйныя газеты на латышскай мове (хутка, кажа Сігіта, іх, напэўна, будзе ўжо дзве) і адна рускамоўная газета. У Латвіі цяпер крыху больш за 20 % рускамоўнага насельніцтва.

    У Латвіі добра слухаюць радыё, там працуюць: 1 грамадская, 5 камерцыйных і 33 рэгіянальныя радыёстанцыі. З іх каля 15 — на рускай мове.

    У краіне больш за 30 TV-каналаў, з якіх 27 — рэгіянальных.

    Тры буйныя інтэрнэт-парталы. Канкураваць рэгіянальным медыя з буйнымі навінавымі парталамі, такімі як Delfi, вельмі складана.

    Дзяржава ў Латвіі не можа ніякім чынам уплываць на грамадскае медыя, паводле заканадаўства, толькі ў выпадку надзвычайнага становішча медыя не можа адмовіць дзяржаве размясціць інфармацыю. Але дзяржава, напрыклад, можа купіць рэкламу ў медыя. Грамадскім медыя кіруе незалежны савет, які складаецца з пяці чалавек. Яны фармуюць праўленне. Цяпер савет збіраюцца скараціць да трох асобаў: адзін чалавек ад прэзідэнта, адзін — ад парламента, адзін — ад грамадскіх арганізацый. З іх адзін павінен быць медыяэкспертам, другі — адказваць за фінансы, трэці — кіраваць вялікімі праектамі і супрацоўнічаць з бізнесам.

    Да грамадскіх медыя належаць буйныя агенцтвы, радыё і тэлебачанне.

    У Латвіі ў грамадскіх медыя заўжды гарантаванае фінансаванне, там працуе 22 % усіх журналістаў. Як кажа Сігіта Роке, мае месца гендарны перакос у сферы журналістыкі, там працуе 72,4 % жанчын. Заробак журналістаў не лічыцца высокім для Латвіі, ён прыкладна роўны сярэдняму заробку па краіне — каля 1000 еўра.

    Многія рэдакцыі СМІ пераходзяць да канвергентнай працы. Цяпер журналісты ідуць да чытача, слухача і гледача, а не наадварот, як было раней. Усё імкліва змяняецца, таму СМІ мусяць адсочваць тэндэнцыі, эксперыментаваць, рабіць перадачы, матэрыялы і розныя праграмы больш жывымі, яскравымі і запамінальнымі. Шмат увагі медыя надаюць цяпер і сацыяльным сеткам.

    У Латвіі ў 2008–2009 гадах быў эканамічны крызіс, СМІ ў гэты час страцілі каля 46 % прыбыткаў ад рэкламы. Шмат каму давялося пазбавіцца аўтамабіляў, нерухомасці, кава-машын ды іншага, каб і надалей выплочваць годны заробак сваім журналістам. Але некаторыя пайшлі на вымушаныя меры: скарацілі заробкі, штат супрацоўнікаў. Некаторых журналістаў перавялі на працоўныя дамовы, што не гарантавала ім ніякіх сацыяльных ільгот.

    За перыяд з 2014 па 2017 гады латвійскія медыя змаглі вярнуць толькі 7 % ад страчанага аб’ёму рэкламы.

    Па словах Сігіты, давер людзей да СМІ ў Латвіі, як і ва ўсім свеце, зніжаецца. У іх таксама ёсць шмат медыя, якія ганяюцца за клікамі і становяцца ўсё больш «жоўтымі». Ёсць нават нацыянальная газета, якая можа напісаць артыкул кшталту «5 сказаў, якіх жонка не павінна сказаць мужу». Сігіта прызнаецца, што ёй робіцца сорамна за выданне, калі яна бачыць такое.

    Кожнае ўплывовае медыя мусіць клапаціцца пра рэпутацыю.

    З‑за гэтай праблемы летась у Латвіі стварылі Савет па этыцы ў выглядзе арганізацыі, туды запрашаюць уступіць усе медыя. Цяпер яе сябрамі з’яўляюцца каля 60 % медыя.

    У краіне ёсць і праблема з медыяпісьменнасцю, толькі каля 40 % жыхароў могуць распазнаваць фэйкавыя навіны. Разам з тым існуе шмат праектаў па фактчэкінгу. У краіне ёсць нават дзяржаўныя праграмы, якія вучаць настаўнікаў, бібліятэкараў ды іншых людзей распазнаваць фэйкі і вучыць гэтаму астатніх. Журналісты таксама працуюць у падобных праектах, напрыклад, як «Праўда — няпраўда», звычайна ў якасці валанцёраў.

    Палітычная, перадвыбарчая і выбарчая журналістыка ў Латвіі

    Наступны блок сустрэчы быў прысвечаны палітычнай журналістыцы і тэхніцы інтэрв’ю.

    У Латвіі — парламенцкая рэспубліка. Прэзідэнта абірае парламент. Але, як кажа Сігіта Роке, шмат грамадзян не ходзяць на выбары, бо прызвычаіліся да дэмакратыі.

    Падчас выбараў ажывае і палітычная журналістыка, праводзяцца экзіт-пулы, на тэлебачанні ладзяцца дыскусіі, дэбаты з удзелам палітыкаў, нават квізы і розныя забаўляльныя праграмы, дзе ўдзельнічаюць каманды палітыкаў, прадстаўнікоў розных партый. На прыкладзе гульні выбарцы могуць паназіраць за палітыкамі, як яны паводзяць сябе падчас групавых гульняў, зрабіць для сябе высновы, каго з палітыкаў падтрымаць на выбарах.

    Сігіта Роке параіла журналістам старанна рыхтавацца да інтэрв’ю, накідаць некалькі пытанняў загадзя, вывучыўшы інфармацыю пра чалавека.

    «Канешне, у інтэрв’ю патрэбная і імправізацыя,  бо часам можна даведацца штосьці важнае і зачапіцца за гэта, — раіць Сігіта. — Трэба сачыць яшчэ і за тым, асабліва ў інтэрв’ю з палітыкамі, каб журналіста не змаглі вывесці на эмоцыі. Вашае стаўленне і меркаванне пра таго ці іншага чалавека не павінна вам перашкаджаць у працы.

    І яшчэ трэба памятаць: калі пытанне з фактамі — гэта добра, калі з меркаваннем журналіста — гэта дрэнна».

    ***

    Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі курсаў падзяліліся сваімі ўражаннямі.

    Сігіта Роке казала, што ў яе ўзніклі ідэі тэм для артыкулаў пра беларускія рэаліі.

    Марта Удавічэнка, журналістка часопісаў «Жыві як гаспадар», «Зялёны кантэйнер» і партала «Камунальная пісьменнасць»:

    — Уражанні ад курса самыя найлепшыя — і ў Мінску, і ў Вільні. Мы пазнаёміліся з цікавымі людзьмі, даведаліся пра іх падыход да працы. То бок практыкуючы журналіст, якім і я з’яўляюся, мог даведацца шмат цікавага і новага, што ўжо цяпер я магу выкарыстоўваць гэта ў сваёй працы. Канешне, цікавым быў і вопыт латвійскай калегі Сігіты Роке, які натхняе і паказвае, што праца журналіста на самой справе павінна назапашвацца новымі ведамі, практыкамі, у тым ліку трэба працаваць і над сабой.

    Сяргей Марціновіч, журналіст, Віцебск:

    — Сам фармат сустрэчы, калі прыязджае чалавек з іншай краіны і распавядае пра тое, як там працуюць журналісты заўсёды цікавы і карысны. Асабліва для чалавека, які жыве ў краіне, у якой няма тых дэмакратычных свабод, як, напрыклад, у той жа Латвіі. Было цікава паслухаць і пра ўзаемадачыненні СМІ і дзяржавы.

    А пажаданні мае такія: каб было больш замежных лектараў — не адзін, а хаця б два-тры. Мабыць, каб былі людзі, якія прытрымліваюцца розных меркаванняў, можа, нават нейкіх дыяметральна процілеглых.  

     

    Андрусь Мядзведзеў, журналіст-фрылансер, Рэчыца:

    — У гэтым курсе «Навіны па-новаму» сапраўды ёсць навіны па-новаму. За ўвесь час у незалежнай журналістыцы я назіраю за тым, што гэты жанр набывае нейкія новыя асаблівасці, развіваецца.

    Што тычыцца сесіі з Сігітай Роке, мяне зацікавіла тое, як працуе дэмакратычны механізм у медыях Латвіі, як гарантуецца тое, што на працу СМІ не ўплываюць ні палітыкі, ні дзяржава, а яны кіруюцца толькі інтарэсамі сваіх гледачоў, слухачоў, то бок сваёй аўдыторыі. Гэта, канешне, варта ўлічваць і нашым беларускім медыя, хацелася б, каб і дзяржава гэта ўлічвала.

    У Латвіі журналісты, карыстаючыся дэмакратычнымі механізмамі, маюць спрыяльныя ўмовы працы. Нам жа даводзіцца, каб узяць тое ж інтэрв’ю, вышукваць захады, пра якія, напэўна, нашыя калегі з дэмакратычных краін проста не здагадваюцца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці