Інтэрнэт-выданне «Брестский курьер» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Рашэнне пра тое, што інфармацыйная прадукцыя, размешчаная на сайце bk-brest.by, з’яўляецца «экстрэмісцкімі матэрыяламі», прыняў 7 ліпеня суд Ленінскага раёна Брэста. Як вынікае з раскладу гэтую справу разглядала суддзя Ала Вінаградава.
Газета «Брестский курьер» — адно з першых грамадска-палітычных рэгіянальных выданняў Беларусі, створаных пасля абвяшчэння незалежнасці краіны. Першы нумар выйшаў у чэрвені 1990 года і быў надрукаваны ў Вільні, а са снежня таго года газета пачала друкавацца ў родным горадзе.
Газета выходзіла раз на тыдзень і асвятляла значныя грамадскія падзеі ў рэгіёне і Беларусі. Тэматычны і жанравы дыяпазон «Брестского курьера» складаўся з навін, каментароў, рэпартажаў, журналісцкіх расследаванняў, аналітычных аглядаў і лістоў чытачоў. Выданне шмат увагі надавала падзеям з культурніцкага і спартыўнага жыцця рэгіёна.
У 1999 годзе газеце «Брестский курьер» была прысуджаная міжнародная прэмія «Маладая прэса Усходняй Еўропы» нямецкага фонда Zeit-Stiftung.
У сувязі з эканамічным крызісам у Беларусі ў 2015 годзе рэдакцыя была вымушаная скараціць наклад, а напрыканцы 2017 года штотыднёвік з прычыны фінансавых праблемаў пачаў выходзіць нерэгулярна. У 2018 годзе папяровая версія «Брестского курьера» цалкам спыніла існаванне, а яшчэ праз год уладальнікі выдання выставілі на продаж рэдакцыйны будынак. З таго часу перыядычна абнаўляецца толькі сайт «Брестского курьера», дзе галоўным чынам змяшчаюцца матэрыялы культурніцкага зместу.
Паводле падлікаў праваабаронцаў, з ліпеня 2020 года і на гэты момант суды Брэсцкай вобласці ужо 212 разоў прызнавалі «непажаданымі» ў той ці іншай форме сайты, старонкі ў сацыяльных сетках, чаты альбо каналы.