Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску
Дырэктарку і галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і былога дырэктара агенцтва Дзмітрыя Наважылава перавялі з ІЧУ на Акрэсціна ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску.
Жонка Наважылава паведаміла, што 28 жніўня ў “Валадарцы” ў яе прынялі перадачу для мужа. Дачка Леўшынай мяркуе, што яе маці таксама знаходзіцца на Валадарскага, бо скончыліся 10 дзён, пасля чаго Наважылаву і Леўшынай павінны былі абраць меру стрымання або вызваліць.
Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў былі затрыманыя 18 жніўня ў якасці падазраваных па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 27 жніўня СК паведаміў, што іх таксама падазраюць у здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне стратаў у вялікім памеры). Санкцыя гэтага артыкула — абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.
Леўшына і Наважылаў былі затрыманыя 18 жніўня. Абвінавачанне абодвум павінны выставіць на працягу 20 сутак. Таксама 18 жніўня была затрыманая бухгалтарка БелаПАН Кацярына Боева. Раніцай 28 жніўня яе выпусцілі на волю пад абавязальніцтва пра яўку. Праваабаронцы прызналі ўсіх траіх палітвязнямі.