• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ізноў затрымана рэдактарка светлагорскага «Ранку». Яе калега таксама ў ІЧУ

    Андрэй Ліпскі — адзін з былых супрацоўнікаў светлагорскай медыякампаніі «Ранак» — на сваёй старонцы ў Facebook распавёў пра новую хвалю допытаў і затрыманняў сярод яго колішніх калег. 

    Па словах Андрэя Ліпскага, у ІЧУ Жлобіна апынулася рэдактарка інфармацыйнай кампаніі «Ранак» Юлія Даўлетава. Яе ўжо затрымлівалі 3 жніўня 2023 года. Тады жанчыне закідвалі нібыта абразу ў інтэрнеце аднаго з міліцыянтаў. У РАУС рэдактарку прымусілі запісаць «пакаяльнае відэа». У той жа дзень спадарыню Даўлетаву адпусцілі.

    Як мяркуюць праваабаронцы, зараз журналістку затрымалі ў межах крымінальнай справы па артыкуле 361–1 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Па гэтам жа артыкуле можа быць абвінавачана і карэспандэнтка Людміла Андэнка, якая ад учора таксама знаходзіцца ў жлобінскім ІЧУ.

    Да гэтага часу няма сувязі з дырэктаркай  «Ранка»  Аленай Шчэрбін.

    Прыватная тэлерадыёкампанія «Ранак» была заснаваная ў Светлагорску два дзесяцігоддзі таму прадпрымальнікам Ігарам Кашлікавым. Высілкамі дырэктара неўзабаве тут утварылі яшчэ і прыватнае прадпрыемства «Ранак-рэклама». Займаліся рэкламай, паліграфіяй, СМІ. У рэгіёне ТРК стала заўважнай інфармацыйнай структурай. Паводле яе ўласных ацэнак, аўдыторыя кампаніі — гэта 100 тысяч жыхароў горада і раёна. Дарэчы, практыку інфармавання насельніцтва тэлерадыёкампаніяй вывучалі нават дэпутаты мясцовых саветаў, наведваючы створаны тут медыяхаб «Гарышча» (па-руску — «Чердак»).

    Заснавальнік і ўласнік кампаніі Ігар Кашлікаў праз прэтэнзіі падатковай службы ў 2021 годзе пакінуў межы Беларусі, даверыўшы выконваць абавязкі кіраўніка  галоўнаму рэдактару Вадзіму Вежнаўцу.

    9 чэрвеня 2023 года сілавікі ГУБАЗіКа затрымалі дзевяць супрацоўнікаў «Ранак-медыя» і «Ранак-рэклама», якія рыхтавалі тэле- і радыёнавіны, выдавалі газету «Ранак-плюс» і займаліся рэкламай.

    Пасля затрыманняў, арыштаў і штрафаў тэлерадыёкампанія перастала працаваць. Услед за арыштамі супрацоўнікаў Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта медыя, а 4 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля сваім рашэннем прызнаў сайт і сацсеткі тэлеканала «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    5 верасня МУС прызнаў светлагорскі тэлеканал «Ранак» «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Чытайце яшчэ:

    Раўнабедраны трохкутнік. У Вільні праходзіць форум свабоднай журналістыкі

    У глыбоцкай кватэры журналіста Змітра Лупача сілавікі правялі ператрус

    У магілёўскага журналіста Барыса Вырвіча адбыўся ператрус. Ён сам на свабодзе

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці