Асуджаных журналістаў Яўгена Глушкова і Алеся Сабалеўскага МУС унёс у спіс «экстрэмістаў»
Звесткі пра асуджаных да зняволення магілёўскіх журналістаў Яўгена Глушкова і Алеся Сабалеўскага 11 кастрычніка з’явіліся ў пераліку грамадзян, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. З дакумента вынікае, што абвінавачанне за ўдзел ва ўзброеным фарміраванні з іх знялі. Пазначана, што абодва журналісты ўжо «адбываюць пакаранне».
Сёлета 31 ліпеня Магілёўскі абласны суд прызнаў Яўгена Глушкова і Алеся (Аляксандра) Сабалеўскага вінаватымі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- частак 1 і 3 артыкула 361–1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім);
- часткі 1 артыкула 361–3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, вайсковых дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка да такога ўдзелу).
Справу вёў суддзя Дзмітрый Крэнжыеўскі. Ён прысудзіў Алесю Сабалеўскаму 4 гады зняволення ў калоніі, Яўгену Глушкову — 3 гады. Таксама абодвум прызначаныя вялікія штрафы — кожнаму па 200 базавых велічынь (гэта значыць, па 8 000 рублёў).
Журналісты абскардзілі гэты вердыкт ў вышэйшую судовую інстанцыю. Разгляд іх апеляцыйных скаргаў праходзіў у Вярхоўным судзе 27 верасня. Не вядома, ці былі ў выніку судовага слухання змененыя тэрміны пакарання і памеры штрафаў, але цяпер абвінавачанне ў парушэнні часткі 1 артыкула 361–3 КК у пераліку грамадзян, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», не згадваецца.
Згодна рэдакцыі гэтага дакумента ад 11 кастрычніка, Алесь Сабалеўскі прызнаны вінаватым паводле частак 1 і 3 артыкула 361–1 КК, а Яўген Глушкоў — паводле часткі 3 артыкула 361–1 КК.
Журналіста і блогера Алеся Сабалеўскага затрымалі 12 снежня 2023 года. Спярша яго двойчы асудзілі да адміністрацыйных арыштаў, а на пачатку студзеня 2024 года высунулі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў следчы ізалятар пры турме № 4 у Магілёве. Паводле інфармацыі ад тых, хто знаходзіўся ў адной камеры з Сабалеўскім у ІЧУ, яго збівалі падчас допытаў, таксама вымагаючы прызнанняў наконт супрацы з рэдакцыяй 6tv.by, абвешчаным у Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Відэаператар-фрылансер Яўген Глушкоў быў затрыманы на пачатку студзеня 2024 года. Некаторы час ён таксама знаходзіўся ў ІЧУ, а потым таксама быў пераведзены ў магілёўскі следчы ізалятар. Міліцыянты знялі з ім так званае «пакаяльнае» відэа, якое размяціў у сваёй стужцы блізкі да магілёўскіх міліцэйскіх структур тэлеграм-канал. У ім Глушкоў гаворыць, што з 2017 года супрацоўнічаў з інтэрнэт-рэсурсам 6tv.by.
Некалькі папярэдніх гадоў і на момант затрымання ні Алесь Сабалеўскі, ні Яўген Глушкоў журналістыкай не займаліся. Сабалеўскі працаваў дырэктарам прадпрыемства побытавых паслуг, а Глушкоў быў беспрацоўным.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова палітычнымі зняволенымі.