Як будзе паводзіцца прапаганда, калі падзе рэжым: досвед Сірыі
На мінулым тыдні Башар Асад уцёк з Дамаска ў Расію. Так скончыўся больш чым пяцідзесяцігадовы рэжым кіравання яго сямейства.
Прапагандысты, чыноўнікі і рэлігійныя прапаведнікі, якія дзесяцігоддзямі абслугоўвалі рэжым, пачалі публічна тлумачыць, што яны толькі рабілі сваю працу і ні ў чым не вінаватыя.
Еўрарадыё расказвае, як былы рэпрэсіўны і прапагандысцкі апарат Башара Асада публічна тлумачыць, чаму да яго не варта выстаўляць прэтэнзіі.
Праўладная газета «Аль-Ватан» больш за 20 гадоў усхваляла рэжым Асада. Але пасля ўцёкаў дыктатара рэзка змяніла рыторыку, апраўдваючыся, што яе супрауоўнікі «ўсяго толькі публікавалі тое, што перадавалі зверху».
«Мы толькі выконвалі інструкцыі і публікавалі навіны, якія яны [улады] нам дасылалі. Цяпер хутка стала ясна, што гэта хлусня. Мы сутыкаемся з новай старонкай для Сірыі. Мы дзякуем Богу за тое, што ён не праліў больш крыві. Мы верым і спадзяёмся, што Сірыя будзе для ўсіх сірыйцаў».
Міністэрства інфармацыі Сірыі таксама выпусціла прымірэнчы зварот.
«Калегі, якія працуюць у дзяржаўных СМІ! Мы заклікаем усіх далучыцца да працы цягам наступных двух дзён, каб розныя сродкі масавай інфармацыі маглі аднавіць вяшчанне і выпуск дакументаў, якія дакументуюць фатальны этап Сірыі, якую мы любім і асвятляем. Мы ўсе спадзяемся, што наступныя дні прынясуць нам карысць. Усіх прадвесцяў, дабра і радасці нашаму цярпліваму народу», — піша ведамства.
Апошні прэм’ер-міністр ва ўрадзе Башара Асада Мухамад Газі аль-Джалалі, які быў ва ўладзе крыху больш за тры месяцы да зрынання рэжыму, выказаў гатоўнасць супрацоўнічаць з любым кіраўніцтвам, якое абярэ сірыйскі народ.
«Неабходны рацыянальны падыход у інтарэсах радзімы і адзінства Сірыі <…> Сёння раніцай [8 снежня. — Еўрарадыё] я буду ў Савеце міністраў і гатовы да плаўнай перадачы ўлады пасля адыходу Асада <…>. Спадзяюся, усе прадэманструюць мудрасць і будуць кіравацца інтарэсамі радзімы <…>. Перакананы, што Сірыя — гэта краіна для ўсіх без выключэння сірыйцаў».
Шэйхі алавіцкай ісламскай абшчыны, прадстаўніком якой быў Башар Асад, пасля змены ўлады таксама заклікалі «да ўсеагульнай амністыі і абмежавання [выкарыстання] зброі».
«Важна дабіцца бяспекі і стабільнасці [у Сірыі], а таксама зрабіць канкрэтныя крокі для ўмацавання грамадзянскага міру і нацыянальнага замірэння».
Прадстаўнікі абшчыны заклікалі да абвяшчэння ўсеагульнай амністыі дзеля бяспекі ўсіх грамадзян і «адкрыцця новай старонкі, якая спрыяе нацыянальнаму адзінству», бяспечнага вяртання бежанцаў з гарантыяй іх абароны і захавання маёмасці, а таксама абмежавання [выкарыстання] зброі выключна дзяржаўнай уладай і забароны на яе выкарыстанне па-за рамкамі легітымных дзяржаўных інстытутаў.
І 16 снежня нарэшце выступіў сам зрынуты экс-прэзідэнт Башар Асад, які расказаў, калі і як ён пакінуў Сірыю.
«Падчас гэтых падзей я ні разу не думаў ісці ў адстаўку ці шукаць прытулку. Ніхто не прапаноўваў мне гэтага. Адзіным выхадам было працягваць барацьбу з тэрарыстычным націскам», — падкрэсліў палітык. Асад заявіў, што «з самага першага дня вайны адмовіўся ад любых асабістых выгадаў дзеля выратавання краіны».
Ён таксама адзначыў, што, калі дзяржава трапляе ў рукі тэрарыстаў, любая пасада страчвае сэнс. «У такія моманты займаць любую пасаду становіцца бессэнсоўным», —сказаў Асад, дадаўшы, што ён па-ранейшаму адчувае глыбокую сувязь з Сірыяй і спадзяецца на аднаўленне яе свабоды і незалежнасці.
«Я не спыняў барацьбы і не перастану абараняць сваю краіну», — падсумаваў Асад.