• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Нізкая хуткасць, дызайн 2011 году»: Як працуе новаствораны «свой YouTube» і якія праекты ў ІТ спрабавалі рабіць з падачы беларускіх уладаў

    Новы сервіс videobel.by павольна загружаецца, спецыялісты называюць яго танным прадуктам. Радыё Свабода ўспомніла іншыя ініцыятывы ў імпартазамяшчэнні сусветнавядомых праектаў ад беларускіх уладаў і чыноўнікаў.

    Калаж: Радыё Свабода

    12 верасьня ў Беларусі запусьцілі партал videobel.by, які беларускія чыноўнікі назвалі «аналягам YouTube». На гэтым партале сабраныя праграмы беларускіх дзяржаўных мэдыя: каналаў «Беларусь‑1», АНТ, БелТА, СТВ, РТР-Беларусь, «СБ. Беларусь сегодня» і «Мір». Паставіць падабайку, пракамэнтаваць ці загрузіць сваё відэа на плятформе нельга, у адрозьненьне ад YouTube.

    Па словах генэральнай дырэктаркі БелТА Ірыны Акуловіч, такі сэрвіс патрэбен, бо замежны хостынг пераўтварыўся ў «міннае поле».

    «Нас выразаюць з Face­book, Tik­Tok, у любы момант могуць перакрыць нашы YouTube-каналы. Мы не кантралюем гэтай прасторы», — патлумачыла Акуловіч.

    Колькі плянавалі патраціць на праект

    Тэндэры, якія тычацца распрацоўкі парталу videobel.by, прыбралі з публічнага доступу. Паводле інфармацыі супольнасьці «Кібэрпартызаны», за распрацоўку праекту канкуравалі дзьве кампаніі: А1 і «ИнДев Солюшенс».

    Першапачаткова супрацоўнікі А1 ацэньвалі неабходныя затраты ў 600–700 тысяч даляраў. Аднак яны істотна вырасьлі. Супрацоўнікі БелТА ацэньвалі праект у 1,5–2 мільёна даляраў на першы год запуску плятформы і 1 мільён штогод для падтрымкі.

    Па зьвестках «Кібэрпартызанаў», распрацоўнікі разьлічвалі на наведвальнасьць рэсурсу ня больш за 3000 адначасовых падлучэньняў у першы год працы. На другі год меркавалася ня больш за 20 тысяч адначасовых падлучэньняў і да 50 тысяч — у час грамадзка значных падзей. Хто ў выніку распрацоўваў партал і колькі ён каштаваў, не паведамляецца.

    Прапагандысты пахваліліся статыстыкай праглядаў на Videobel.by

    Што кажуць спэцыялісты

    Свабода на ўмовах ананімнасьці абмеркавала партал videobel.by зь некалькімі спэцыялістамі, які займаюцца распрацоўкай сайтаў. Адзін зь іх агучыў хібы праекту: нізкая хуткасьць працы, відэаплэер не рабілі самі, а паставілі гатовы плагін, сайт ня вытрымае вялікай нагрузкі.

    Паводле суразмоўцы, «такі праект студэнты могуць зрабіць за пару тысяч даляраў ці нейкая кампанія за 20–30 тысяч. Пра мільёны і гаворкі няма. Дызайн 2011 году».

    У некаторых карыстальнікаў відэа на сайце не прайграецца з замежных IP-адрасоў, у некаторых браўзэрах ролікі адкрываюцца нязручна, у форме доўгай паласы.

    Другі суразмоўца таксама зьвярнуў увагу на састарэлы дызайн новага парталу.

    «Вельмі просты, можа нават прымітыўны дызайн. Мне здаецца, 5–7 гадоў таму такія прыклады дызайну ўжо лічыліся састарэлымі. Прапануюць спампаваць аплікацыю і пішуць, што іхная аплікацыя існуе толькі пад Android. Прычым у плэй-маркеце гэтай праграмы няма. І запампаваць яе прапаноўваюць файлам проста зь іхнага сайту. Што зноў-такі так сабе. Бо невядома, што ў тым файле зьмяшчаецца», — зазначае спэцыяліст.

    Таксама на сайце адсутнічаюць беларуская і ангельская мовы, ёсьць толькі расейская, няма інфармацыі пра распрацоўнікаў.

    YouTube-каналы беларускіх дзяржСМІ заблакавлі ў Літве

    Свой Windows і офісны пакет

    Беларускія ўлады ня першы раз заяўляюць аб рэалізацыі машстабных праектаў у пляне распрацоўкі праграмнага зябесьпячэньня і новых тэхналёгій. Сёлета 22 красавіка міністар сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган падзяліўся плянамі пра стварэньне ўласнай апэрацыйнай сыстэмы, браўзэра і офіснага пакета.

    «Наяўнасьць уласнага сыстэмнага праграмнага забесьпячэньня дае магчымасьць быць незалежнымі ад імпартных рашэньняў і ўпэўненымі ў магчымасьці яго самастойнага разьвіцьця (мадыфікацыі) пад патрэбы нашай эканомікі», — сказаў тады міністар.

    У 2005 годзе намесьнік сустаршыняў аргкамітэту V Міжнароднага кангрэсу «Электронная садружнасьць. Парк высокіх тэхналёгій. Бясьпечныя тэлематычныя праграмы», гендырэктар Нацыянальнага цэнтру інфармацыйных рэсурсаў і тэхналёгій НАН Беларусі Міхаіл Маханёк ужо анансаваў свой Win­dows. Праз год пасьля гэтай заявы будучай беларускай апэрацыйнай сыстэме далі імя — «БелОС».

    Нібыта яе распрацоўваньнем займаліся праграмісты зь Менску і Берасьця. Сьлядоў гэтай апэрацыйнай сыстэмы пакуль няма. А аўтара заявы Міхаіла Маханька ў 2011 годзе прызначылі кіраўніком галоўнага офісу Microsoft у Беларусі.

    Свае google maps

    У жніўні 2011 году тагачасны дырэктар Нацыянальнай агенцыі турызму Вячаслаў Чарноў абяцаў стварыць сэрвіс онлайн-навігацыі па турыстычных аб’ектах. Гэта мусіла быць віртуальная мапа з інфармацыяй пра некалькі тысяч аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры. Таксама, паводле задумкі, мапа мусіла пракладаць маршрут да патрэбнага аб’екта. Падобны сэрвіс так і не зьявіўся, ва ўсялякім разе шырока пра яго не вядома.

    «Сумнеўна, што людзі туды пойдуць і панясуць тое, што самі здымаюць». Эксперты — пра «беларускі youtube»

    Свой Starlink і Euronews

    У кастрычніку 2023 году Лукашэнку паказалі сыстэму сувязі, «якая працуе паводле прынцыпу Star­link». Star­link — гэта глябальная спадарожнікавая сыстэма кампаніі SpaceX для забесьпячэньня хуткасным шырокапалосным інтэрнэтам. У гэтай сыстэмы на арбіце звыш 5000 спадарожнікаў.

    У Беларусі ёсьць адзін уласны спадарожнік, які здольны ўсталёўваць інтэрнэт-злучэньне. Гэта «Белінтэрсат‑1». Спадарожнік зрабілі ў Кітаі, але пастаўшчык асноўнай апаратуры — француска-італьянскі канцэрн Thales Ale­nia Space.

    Гэта даволі старая тэхналёгія, якую прэзэнтавалі ў 2018 годзе. Арбіта такога спадарожніка геастацыянарная, гэта значыць, ён пастаянна «глядзіць» на адзін пункт на Зямлі, а сыгналы ад яго могуць прыходзіць з затрымкай.

    У сьнежні 2020 году Лукашэнка загаварыў пра стварэньне беларускага аналягу Euronews.

    «Я ведаю вашы праблемы. Вы іх даўно агучвалі. І аб мэдыявымяральніку, і аб мэдыяцэнтры, і аб тым, што мы павінны стварыць мабільны канал кшталту Euronews і іншых, якія вельмі коратка і даступна (тым ня менш, і аналітыка ў іх ёсць) выдаюць інфармацыю», — сказаў тады Лукашэнка.

    А ў красавіку 2021 году ў Беларусі адключылі вяшчаньне Euronews, эўрапейскага інфармацыйнага каналу, які вядзе трансьляцыю на 13 мовах дзень і ноч. Свайго аналягу так і не зьявілася.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці