Як выглядае беларуская прапаганда ў сацсетках: Святлану Ціханоўскую амаль не згадваюць
Беларуская прапаганда развіваецца на лічбавых платформах.
Доўгі час панавала меркаванне, што поле дзейнасці праваднікоў афіцыйнага курсу рэжыму Лукашэні — тэлебачанне і дзяржСМІ. Але работнікі афіцыйнага прапагандысцкага пула імкнуцца ісці за тэхналогіямі і сучаснымі мадэлямі медыя ды актыўна засвойваюць інтэрнэт.
Беларуская прапаганда на лічбавых платформах развіваецца: улады шукаюць новыя галасы і падыходы, ангажуюць людзей у флэшмобы ў падтрымку рэжыму, развіваюць сетку новых спікераў у TikTok і Telegram, укараняюць крэатыўныя інструменты прасоўвання парадку дня рэжыму. Усё гэта адзначаюць аўтары новага даследавання Цэнтра новых ідэй «Мэпінг беларускай анлайн-прапаганды ў 2024 годзе».
Па выніках аналізу аўтары зафіксавалі сувязь паміж платформамі і «тэматычнымі перавагамі»аўтараў каналаў. Так, праўладныя крыніцы ў Telegram факусуюцца на тэмах вайны ва Украіне або сітуацыі ў заходніх краінах. Для TikTok і Instagram больш характэрнае абмеркаванне дасягненняў беларускага рэжыму, у тым ліку прыпісванне заслуг канкрэтна Лукашэнку. На YouTube ж часта агучваецца крытыка заходніх краін.
Гаворыць палітолаг, дырэктарка Цэнтру новых ідэй Леся Руднік:
— Імя апанента амаль не называецца. І калі гаворым пра апанента, маем на ўвазе Святлану Ціханоўскую. Хутчэй малюецца агульны вобраз ворага, маўляў, там — зло, а ў нас — дабро. Пуцін, дарэчы, таксама ніколі не згадваў імя Навальнага, Трамп не згадваў імя сваёй апаненткі. Гэта можа быць свядомым палітычным ходам, каб не падкрэсліваць пэўную асобу і не рабіць яе важнай у палітычным полі.
Тэлеграм застаецца самай важнай платформай, дзе прасоўваюцца праўладныя наратывы.
Даследчыкі звязваюць гэта з тым, што шматлікія праўладныя медыя і арганізацыі прысутнічаюць у Тэлеграме, адпаведна, іх кантэнт лёгка рэтрансляваць, гаворыць Аляксей Пятрэнка, навуковы асістэнт праекта:
— Амаль палова праўладнага кантэнта — гэта адсылка да дзяржаўных СМІ. Чвэрць рэпостаў у Тэлеграме — гэта адсылка да расійскіх СМІ.
Аналіз паказаў таксама высокую цікавасць беларускіх праўладных анлайн-рэсурсаў да ваенных дзеянняў ва Украіне, эканомікі, а таксама ўнутранай і знешняй палітыкі краін Захаду.
— TikTok усё яшчэ найбольш папулярная платформа сярод беларусаў. І яна даволі свабодная, стэрыльная ад праўладных кантэнт-мэйкераў, нягледзячы на тое, што ёсць пэўны рост гэтай прысутнасці. Але там яшчэ ёсць ніша, каб працаваць з людзьмі, у тым ліку з нейтральнай аўдыторыяй. Гэта можа быць сігналам для незалежных медыя. Там яшчэ ёсць магчымасць выказваць сваё меркаванне на палітычныя тэмы, — адзначае Леся Руднік.
Дыктатары-супергероі. Як прапаганда ў TikTok змяняе вобраз аўтарытарных палітыкаў
Цікава паназіраць за тым, як прапагандысцкія механізмы адгукаюцца на падзеі. У сацсетках, якія абралі для аналізу (Telegram, TikTok, YouTube, Instagram) амаль увесь час дамінавала тэма вайны ва Украіне. У чэрвені гэтага года праўладныя спікеры шмат гаварылі пра мабілізацыю ва Украіне. Гэта можна растлумачыць тым, што бліжэй да канца траўня ўступілі ў сілу папраўкі да заканадаўства аб мабілізацыі ва Украіне. А ў жніўні на пярэдні план выйшлі пасты аб ваенных няўдачах украінскай арміі. Верагодна, гэта быў «адказ» анлайн-прапаганды на распачатую ў тым жа месяцы аперацыю ВСУ ў Курскай вобласці Расіі.
Мэпінг беларускай анлайн-прапаганды паказаў, што ў 2024 годзе цэнтральнымі тэмамі ў ёй былі падзеі ва Украіне, заходнія краіны і дасягненні беларускіх уладаў.
У кантэксце вайны ў Украіне больш за палову праўладных крыніц закраналі пытанні, звязаныя з мабілізацыяй у ЗСУ і пастаўкамі ваеннай дапамогі Украіне. У асвятленні ж краін Захаду праўладных кантэнт-мейкераў часцей за ўсё цікавілі павелічэнне ваеннага патэнцыялу Польшчы і краін Балтыі для атакі на Беларусь, «дэградацыя» заходніх эканомік і пагаршэнне дабрабыту простых грамадзян.
Прадстаўленне сітуацыі ў іншых краінах у негатыўным святле на фоне беларускага «дабрабыту» — адзін з спосабаў легітымаваць існуючы ў Беларусі рэжым, адзначаюць аўтары даследавання.
А выбар у якасці цэнтральных аб’ектаў дыскрэдытацыі заходніх краін і Украіны, а не апазіцыі можа азначаць, што галоўную пагрозу цяпер беларускія ўлады і іх прыхільнікі бачаць менавіта ў знешніх актарах.\