«Заўсёды стараешся мець дзве працы». Як журналісту выжыць у эміграцыі і застацца ў прафесіі?
Усё часцей незалежныя журналісты скардзяцца на фінансавыя ўмовы працы, але гавораць пра гэта на кухнях. Уголас баяцца: мяркуюць, калі раскажаш пра праблемы, то цябе звольняць, за табой замацуецца імідж недамоваздольнага чалавека і працы ў медыясектары ты больш не знойдзеш. Аднак БАЖ адшукаў трох журналістаў, якія пагадзіліся ўсё ж пагаварыць, як яны выжываюць і пры гэтым застаюцца ў прафесіі.
Андрэй Мялешка: У Батумі я проста выходзіў на бульвар і гандляваў цішоткамі
Андрэя Мялешку з дачкой ў верасні не ўпусцілі ў Грузію пасля вяртання з Польшчы. Іх развярнулі назад у Польшчу, а жонка з малодшай дачкой засталіся ў Батумі. Цяпер адна сям’я жыве на дзве краіны і спрабуе выжыць. Праблема ў тым, што на працы ў журналіста штогод здараюцца затрымкі з заробкамі, якія могуць працягвацца некалькі месяцаў. Як у такіх умовах выжываць самім і дапамагаць яшчэ жонцы з дачкой у Батумі?
— Наша сям’я падзеленая: жонка з малодшай дачкой знаходзяцца ў Грузіі, я са старэйшай — у Беластоку.
Я працую на «Радыё Рацыя» і вяду яшчэ некалькі іншых медыйных праектаў, якія не хачу называць. Калі мы кажам пра выжыванне, то дадаткова я займаюся рамесніцтвам.
У Грузіі я меў краму беларуска-ўкраінскай сімволікі. Мы перавезлі цэлы цэх у Польшчу, і цяпер робім розныя рэчы з вышыўкай пад замову. Гэтая справа дае пэўны адсотак прыбытку нашай сям’і. Цяпер мы спрабуем перавезці астатнюю гаспадарку ў Беласток.
Па тых мерках, па якіх мы прызвычаіліся жыць апошнія тры гады ў Грузіі, знаходжанне ў Беластоку абыходзіцца даволі дорага. Наём жытла, камуналка, электрычнасць, газ у Грузіі — гэтай сумы ў Беластоку хапіла толькі на камуналку.
Па адным з месцаў маёй працы затрымкі па заробку здараюцца прыкладна раз на год, але потым выплачваюць усё адразу, за што я вельмі ўдзячны. У іншых рэдакцыях праблемы з атрыманнем грошай працягваюцца, а ў іншых зараз плацяць стабільна.
— Калі здараюцца такія сітуацыі (якія часам цягнуцца некалькі месяцаў), якім чынам вы закрываеце фінансавыя дзіркі?
— Ёсць некалькі варыянтаў. Першы — павелічэнне продажаў нашай крамкі (пакуль што яе дзейнасць не адноўленая ў поўным аб’ёме). У Батумі я проста выходзіў на бульвар і гандляваў цішоткамі, значкамі ды іншымі рэчамі. Але ў Польшчы я так зрабіць не магу, бо тут дзейнічаюць еўрапейскія правілы. Дый надвор’е не тое: ідуць дажджы.
— Вы ж плануеце пераезд жонкі з дачкой у Беласток?
— Безумоўна, але наўрад ці гэта адбудзецца ў бліжэйшы месяц-паўтара. Хутчэй за ўсё, мы ўз’яднаемся толькі пасля новага года, а можа, нават і пазней — пасля заканчэння навучальнага года.
— На гэта ўплываюць фінансавыя праблемы ці не толькі?
— Не, праблемы не толькі фінансавыя. Жонцы яшчэ трэба знайсці пасаду ў Беластоку, а ў Батумі яна мае стабільную працу: у адукацыйным цэнтры на адміністратыўнай пасадзе.
— То-бок, каб утрымліваць сям’ю, вам даводзіцца абоім працаваць?
— Канешне, працуем абое. Але заробак у Грузіі – зусім не той заробак, што ў Польшчы. Заробак у Грузіі — 300–350 долараў, якіх хапае толькі на арэнду жытла. Таму прыходзіцца круціцца. Можна сказаць, што за месяц, як мы з дачкой знаходзімся ў Польшчы, а жонка з дачкой — у Батумі, нам вельмі моцна дапамаглі беларусы, украінская дыяспара ў Батумі, а таксама нас падтрымалі рублём антываенныя рухі. Дакладную суму я не падлічваў (зараз мы жывём рознымі бюджэтамі), але пакуль што ў жонкі ёсць магчымасць выжываць там (не скажу, добра жыць, але выжываць — хапае).
Апроч збора, арганізаванага BYSOL, я ў перыяд затрымкі заробкаў звяртаўся ў розныя фонды. Некаторыя структуры кажуць так: мы можам аказваць толькі разавую дапамогу. Гэта значыць, калі фонд дапамог рэлакавацца нам у Грузію тры гады назад, то больш дапамагаць яны не будуць.
Я сам прайшоў больш чым 30 розных фондаў: за тры гады я штодня пісаў у нейкі фонд. Таму з упэўненасцю магу сказаць, што пералік арганізацый, прыведзеных на сайце БАЖ, толькі вярхушка айсберга. падобных структур вельмі шмат, і журналісты маюць многа спосабаў атрымаць дапамогу. У тым ліку і ў праваабарончых арганізацыях, таму што журналістыка фактычна таксама ёсць праваабарончая дзейнасць. Існуюць розныя механізмы падтрымкі: напрыклад, псіхалагічная падтрымка ці тысяча еўра на пакрыццё двухмесячнай арэнднай платы. Самая вядомая з арганізацый — Хельсінская фундацыя правоў чалавека.
«Няма упэўненасці, што адна праца дазволіць выжыць»
Журналістка Алеся (імя змененае па просьбе гераіні) сутыкалася з фінансавымі праблемамі ў трох беларускіх недзяржаўных медыях за апошнія два гады. «Я не хачу ні на кога скардзіцца, аднак пра праблему трэба гаварыць, бо яна актуальная для многіх», — кажа дзяўчына.
Журналістка з’ехала з Беларусі ў 2021 годзе па палітычных прычынах. Па першым часе фінансавая падтрымка патрэбная кожнаму, і тады яна яшчэ была: заробак выплочваўся стабільна, хоць і мінімальны па еўрапейскіх мерках. Тады Алеся працавала журналістам у медыя, якое ўваходзіла ў топ-10 самых папулярных у 2020 годзе. Рэдакцыя нават дапамагала з арэндай кватэры.
Першыя праблемы пачаліся ў канцы 2021 года, затым працягваліся і ў 2022‑м, і ў 2023‑м гадах.
«Маглі не плаціць па два і нават болей месяцаў. Трэба аддаць належнае, рэдакцыя спрабавала папярэдзіць загадзя пра праблему, прасіла жыць больш эканомна, але гэта было досыць складана», — тлумачыць дзяўчына.
Заробак складаў каля 600 еўра. Таму пасля пераезду ў іншую краіну Алесе давялося арэндаваць не кватэру, а пакой. Дзяўчына мусіла брацца за рознага кшталту падпрацоўкі.
Хутка Алеся звольнілася з працы і перайшла ў новую структуру. Аднак «там камунікацыя была пабудавана не лепшым чынам: маглі казаць, што вось-вось грошы прыйдуць, але «вось-вось» магло зацягвацца да трох-чатырох тыдняў».
На новым месцы дзяўчыне прыйшлося досыць цяжка: трэба было сумяшчаць і асноўную працу, і падпрацоўкі, а пазней — яшчэ і вучобу (працавала раніцай і днём, а вечарам вучылася). Гэта адбывалася напрыканцы 2021-га і ў пачатку 2022 года. Дзяўчына звольнілася па прычыне нестабільнай сітуацыі: «Я не магла разлічваць на грошы, адпаведна, трэба было шукаць іншую працу».
Алеся перайшла ў новае выданне, дзе тады фінансавых праблем не назіралася.
Апошні раз журналістка сутыкнулася з імі, калі перайшла ў медыя, якое дагэтуль мае вялікую беларускую аўдыторыю.
— На гэтай працы прысутнічаюць тыя ж праблемы, што і паўсюль. Канешне, заўсёды стараешся ўвайсці ў палажэнне свайго кіраўніцтва, але жыць трэба. У гэтай рэдакцыі ўсіх загадзя папярэдзілі і папулярна патлумачылі сітуацыю, і нават прапанавалі выбар: сысці ў неаплочваемы адпачынак ці працаваць па жаданні, пакуль не вызначаная сітуацыя з заробкамі, — тлумачыць дзяўчына.
Сыходзіць з працы няма сэнсу, таму што аналагічныя праблемы назіраюцца ва ўсім незалежным медыясектары:
— Ва ўсіх рэдакцыях існуючыя праблемы тлумачылі аднолькава: хто чакае новы грант, хто новы кантракт на падтрымку медыя. То-бок сітуацыя ўзнікла не таму, што нам не хочуць плаціць заробкі, а таму, што няма з чаго іх плаціць. Увогуле тэма вельмі далікатная, таму многія журналісты стараюцца не гаварыць пра гэта публічна, — расказала Алена.
Як яна вырашае праблему пры мінімальным наборы магчымасцяў? Бо жыць трэба, а жыццё ў Еўропе даражэйшае, чым было ў Беларусі. Якім чынам дзяўчына затыкала фінансавыя дзіркі?
— Я пачала перавучвацца на іншую спецыяльнасць яшчэ ў 2021 годзе: падпрацоўваю ў SMM, у фатаграфіі. То-бок асвойваю сумежныя спецыяльнасці. І заўсёды стараюся мець дзве працы, бо няма ніякай упэўненасці, што з адной удасца выжыць, — дзеліцца вопытам Алеся. — Зараз я таксама маю дзве пасады. Даходы дазваляюць пакрыць мае базавыя патрэбы, калі ўсё атрымліваеш своечасова. Але здаралася і такое, што прыходзілася звяртацца да бацькоў, да сяброў за пазыкай, каб мець магчымасць аплаціць своечасова жытло.
«На харчаванне коткі і кватэру хапае»
Ганна Валынец працуе журналістам-фрылансерам. Пачынала яна з беларускімі рэдакцыямі — і большая частка ейнага вопыту прыходзіцца менавіта на беларускія незалежныя медыі. У тым ліку і ў эміграцыі.
— Частка маёй працы як выпускаючай рэдактаркі на «Зялёным партале» прыйшлася на эміграцыю. Пазней была супраца яшчэ з двума выданнямі. Але праблем з выплатамі не ўзнікала: усё было выдатна, — кажа журналістка.
Ці дазваляюць даходы ад фрыланса закрываць асноўныя патрэбы?
— У мяне ёсць грошы, каб здымаць кватэру (не самую дарагую, але гэта не пакой), апранацца, харчавацца, карміць котку, часам кудысьці едзіць (не на Багамы). Асноўныя патрэбы я закрываю за кошт ганарараў. Але паступіць ва ўніверсітэт на магістратуру я не магу сабе дазволіць: ні чатыры тысячы на год, ні дзесяць, — гаворыць журналістка.
Штомесяц за кватэру разам з камуналкай у розныя сезоны года дзяўчына плоціць да 500 еўра. «Гэта істотная частка маіх даходаў», — распавядае Ганна.
Затрымкі з выплатамі канешне бываюць, але гэта не толькі пра заробкі, але ўвогуле пра камунікацыю:
— Тэмы могуць доўга ўзгадняць, твой ліст могуць згубіць, тэкст напісаны ў пачатку месяца, надрукавалі яго толькі ў наступным, адправедна, ганарар атрымліваеш толькі праз месяц. Такія ссоўванні тэрмінаў плацяжоў вымагаюць асобнай бухгалтэрыі. Гэта не так, што ты штомесяц 25-га чысла атрымліваеш заробак: фінансы трэба лічыць і пералічваць.
У адрозненне ад працы ў штаце шмат часу забірае адміністратыўная праца.
— У штаце табе плацяць і плацяць, а з фрылансам справа такая, што аплочана будзе толькі тое, што ты дарабіў да канца і апублікаваў. Недаробленая праца часцей за ўсё не будзе аплочаная, — рэзюмуе дзяўчына. — Існуюць універсальныя праблемы і ў беларускіх, і ў замежных медыях, напрыклад, касякі з плацяжамі: позна аформілі паперы, позна адправілі перавод — такое здараецца ў любой рэдакцыі.
У мяне было пару непрыемных момантаў падчас майго працоўнага вопыту, але гэта тычыцца не столькі беларускіх медыяў, колькі сваю ролю адыграў чалавечы фактар.
Фінансавыя дзіркі ў бюджэце журналісткі ўзнікаюць рэдка, але калі ўсё ж здараюцца, яна закрывае іх за кошт «падушкі бяспекі».
Ад рэдакцыі. БАЖ адкрыты да далейшай размовы пра фінансавыя праблемы не толькі асобных журналістаў, але і рэдакцый. Мы гатовыя выслухаць кіраўніцтва незалежных выданняў, якому даводзіцца разграбаць гэтыя балючыя для ўсіх праблемы.