«Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: старонка Аліны Коўшык у Facebook і «Будзьма беларусамi!» у Х
Увечары 23 снежня Міністэрства інфармацыі Беларусі папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пералік забароненых уладамі да распаўсюду інтэрнэт-рэсурсаў павялічыўся больш як на 20 пазіцый. Адпаведныя рашэнні прынялі суды Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей.
Суд Чыгуначнага раёна Віцебска 20 снежня пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Telegram-канал «Киберпартизаны BY» (ідэнтыфікатар t.me/cpartisans_by).
Гэтаксама 20 снежня суд Міёрскага раёна Віцебскай вобласці далучыў да «экстрэмісцкіх» акаўнт @SvabodaArt у сацыяльнай сетцы Х пад назвай «Свабода ART» (ідэнтыфікатар x.com/SvabodaArt?t=m2RLM5pKcTVNN_q69Qfcow&s=09).
У той самы дзень суд Вілейскага раёна Мінскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкім» TikTok-канал з назвай «pozirk_online» (ідэнтыфікатар @pozirk_online). Днём раней, 19 снежня, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абвесціла медыя «Позірк» «экстрэмісцкім фарміраваннем» — як уласна інтэрнэт-партал, так і афіляваныя з ім акаўнты ў сацыяльных сетках і мэсанджарах, у тым ліку TikTok-канал.
20 снежня суд Ленінскага раёна Гродна прыняў рашэнне прызнаць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Facebook-акаўнт Alina Koushyk (ідэнтыфікатар facebook.com/alina.koushyk). Гэта асабістая старонка журналісткі Аліны Коўшык, якая сёлета ў лістападзе стала галоўнай рэдактаркай тэлеканала «Белсат». Суд пастанавіў лічыць экстрэмісцкім любы «візуальны матэрыял альбо тэкст», які ўключае ў сябе надпіс «Alina Koushyk». У тым ліку «сцягі, транспаранты, эмблемы, шэўроны, элементы адзення, прадметы побыту» і надпісы «на лічбавых фота і відэавыявах».
Нагадаем, што на пачатку месяца, 9 снежня, суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкім» старонку Аліны Коўшык у Instagram.
20 снежня суд Ленінскага раёна Мінска пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» змест TikTok-акаўнта пад назвай «viteblyanka» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@viteblyanka?_t=8rZgDFrV41D&_r=1) і YouTube-канал з назвай «Пра Вiцебск / Витебск Новости» (ідэнтыфікатар youtube.com/@pravtb/videos и @pravtb). Гэта аўтарскія відэарэсурсы, на якіх распавядаецца пра навіны Віцебшчыны, раней іх ужо прызнавалі «экстрэмісцкімі», але тады яны мелі іншыя ідэнтыфікатары.
19 снежня суд Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці абвесціў «экстрэмісцкім» акаўнт «Будзьма беларусамi!» у сацыяльнай сетцы Х (ідэнтыфікатар x.com/budzma). Адпаведнае рашэнне прыняў суддзя Віктар Новік.
19 снежня суд Ленінскага раёна Гродна пастанавіў лічыць «экстрэмісцкімі» сайт Grodno.in, а таксама месенджары і сацсеткі партала:
- Telegram-канал «Grodno.in | Новости и афиша Гродно» (ідэнтыфікатар t.me/grodnoin),
- Telegram-канал «Работа в Гродно — Grodno.in» (ідэнтыфікатар t.me/grodnoinjob), TikTok-акаўнт «grodnoin» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@grodnoin),
- Instagram-акаўнт «Grodnoin» (ідэнтыфікатар instagram.com/grodnoin,
- Х‑акаўнт «Grodno.in» (ідэнтыфікатар x.com/grodno_in),
- Facebook-акаўнт Grodno.in (ідэнтыфікатары facebook.com/profile.php?id=100063537724236 і facebook.com/grodnoin),
- Старонку «ВКонтакте» з назвай «Гродно – Grodno.in» (ідэнтыфікатары vk.com/grodnoin і vk.com/club62644071),
- Старонку ў «Аднакласніках» з назвай «Grodno In» (ідэнтыфікатар ok.ru/profile/572591720524).
Таксама «экстрэмісцкім» прызнаны: «візуальны матэрыял з надпісам «Grodno.in».
19 снежня суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкім» акаўнт «bellarusnews» Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/bellarusnews).