«Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: Instagram Сяргея Чалага і сайт Беларускага фонда спартовай салідарнасці
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў 29 кастрычніка ў ліку іншых інтэрнэт-рэсурсаў унеслі Instagram-старонку эканамічнага аналітыка і публіцыста Сяргея Чалага і сайт Беларускага фонда спартовай салідарнасці.
Рашэнне прызнаць «экстрэмісцкімі інфармацыйнымі матэрыяламі» Instagram-акаўнт з назвай «chaly_news» (ідэнтыфікатар instagram.com/chaly_news/) прыняў 24 кастрычніка 2024 года суд горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна.
Шэраг іншых акаўнтаў Сяргея Чалага ў сеціве былі ўнесеныя ў «экстрэмісцкі спіс» на сайце Міністэрства інфармацыі яшчэ раней. Так, 23 лютага там з’явіліся два акаўнты ў TikTok «chaly_bic» і «chaly_live», старонкі ў Facebook «Чалый на БРЦ» і «Сергей Чалый», Telegram-канал «Сергей Вячеславович Чалый», старонка ў Instagram @chaly_bic, а таксама YouTube-канал «Чалый LIVE». Адпаведнае рашэнне пра гэта прыняў 19 лютага 2024 года суд Цэнтральнага раёна Мінска.
Сяргей Чалы — беларускі эканаміст. Супрацоўнічаў з шэрагам незалежных беларускіх СМІ ў якасці эканамічнага аглядальніка. Вядомы многім беларусам як аўтар і вядоўца праграмы «Экономика на пальцах», якая выходзіла з 2011-га да 2021 года на партале tut.by. А таксама як вядоўца вечаровага шоу «Ноч з Чалым», якое спыніла сваё існаванне сёлета ў верасні
У 2020 годзе Сяргей Чалы быў вымушаны выехаць з Беларусі з прычыны пераследу за прафесійную дзейнасць. У лістападзе 2023 года ў яго мінскай кватэры сілавікі правялі ператрус.
Таксама ў абноўлены сёння Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключаны сайт Беларускага фонда спартовай салідарнасці (Belarussian sport solidarity foundation) з ідэнтыфікатарам bssf.eu. Рашэнне пра гэта 24 кастрычніка 2024 года прыняў суд Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.