«Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: старонка «Активный Брест» у Facebook, TikTok-акаўнт «_nexta_live» і іншыя рэсурсы
16 снежня Міністэрства інфармацыі Беларусі папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Цяпер туды ўключаны TikTok-акаўнт «_nexta_live» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@_nexta_live?lang=ru-RU), а таксама яго лагатып. Паводле апісання на сайце ведамства, гэта «выява літары англійскага алфавіта «N» белага колеру на чорным фоне. Адпаведнае рашэнне 11 снежня прыняў суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.
На гэты акаўнт падпісаныя 1490 інтэрнэт-карыстальнікаў, апошнія публікацыі датуюцца яшчэ 2020 годам.
Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй абвешчаная і старонка «Активный Брест» у сацсетцы Facebook (ідэнтыфікатар facebook.com/groups/activeBrest). Старонка мае 18,4 тысяч удзельнікаў, асвятляе навіны рэгіёна. «Экстрэмісцкі» статус яна займела паводле рашэння суда Ленінскага раёна Брэста ад 12 снежня.
Суд Ленінскага раёна Гродна 11 снежня прызнаў «экстрэмісцкім» кантэнт рэсурсаў праекта «Лукашолкі», створанага актывісткай з Пастаўшчыны Ганнай Федаронак. Гэта Youtube-канал з назвай «Лукашолкі» (ідэнтыфікатар youtube.com/@lukasholki), Instagram-акаўнт «annafedoronok» (ідэнтыфікатар instagram.com/annafedoronok), TikTok-акаўнт «baba_gala_rulit» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@baba_gala_rulit). «Экстрэмісцкай» прызнаная нават старонка па зборы грашовых сродкаў donatty.com/lukasholki для падтрымкі праекта.