«Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: гродзенскі сайт s13.ru, TikTok-акаўнты Аляксандра Івуліна, PALATNO і іншыя рэсурсы
Паводле Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, абноўленага раніцай 30 кастрычніка, «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны гродзенскі сайт s13.ru і Telegram-канал з назвай «s13.ru — Новости Гродно» (ідэнтыфіктар t.me/s13.ru).
Інфармацыя пра прызнанне гэтых інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкімі» з’явілася на пяць дзён пазней, чым было прынятае адпаведнае судовае рашэнне. Суд Ленінскага раёна Гродна пастанавіў лічыць змест сайта і звязанага з ім Telegram-канала «экстрэмісцкімі» 25 кастрычніка.
Але яшчэ 23 кастрычніка гродзенскі партал s13.ru перастаў абнаўляцца, і неўзабаве высветлілася, што затрыманы рэдактар і заснавальнік рэсурса Сяргей Чабоцька, пісала «Наша Ніва». Паведамлялася, што 25 кастрычніка, у той самы дзень, калі сайт быў прызнаны «экстрэмісцкім», Чабоцьку асудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Падставай для гэтага нібыта сталі здымкі ў архіўных артыкулах сайта, на якіх быў нанесены лагатып іншага СМІ, прызнанага «экстрэмісцкім фарміраваннем».
24 кастрычніка рашэннем суда Барысаўскага раёна Мінскай вобласці прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйный прадукцыяй TikTok-акаўнт з назвай «palatnomedia» (ідэнтыфікатар @palatnomedia). Ён звязаны з аднайменным медыяпраектам, які асвятляе праблемы беларускай супольнасці ў розных рэгіёнах краіны.
Гэтаксама 24 кастрычніка суд Барысаўскага раёна пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» TikTok-акаўнт журналіста Аляксандра Івуліна, былога палітычнага зняволенага. Акаўнт мае назву «a_ivulin» і ідэнтыфікатар @a_ivulin.
У той самы дзень судом Барысаўскага раёна прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» змест акаўнта ў Instagram пад назвай «Борисов» (ідэнтыфікатар instagram.com/news_borisov). Гэта інфармацыйная старонка пра гарадскія навіны.