• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: сацсеткі і лагатыпы сайта s13.ru, Instagram-акаўнт Андрэя Гнёта і іншыя рэсурсы

    У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў 31 кастрычніка ўнеслі чатыры старонкі ў сацыяльных сетках, а таксама лагатыпы гродзенскага сайта s13.ru, прычым ва ўсіх магчымых варыянтах — ад выяваў у інтэрнэце да «значкоў» і «шэўронаў».

    Выява створана БАЖ пры дапамозе Chat­G­PT

    28 кастрычніка 2024 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонку ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» з назвай «s13.ru — новости Гродно и региона» ідэнтыфікатар m.ok.ru/s13ru).

    А таксама «візуальны матэрыял» — лагатып гэтай старонкі.

    Паводле апісання на сайце Мінінфарма, гэта «каляровая графічная выява квадратнай формы з белым фонам у выглядзе аўтамабільнай дарогі ў форме, падобнай да лацінскай літары «S» чорнага колеру, якая мае 7 перарывістых рысак белага колеру і  зліваецца ў двухпавярховы жылы дом, які нагадвае сваёй формай  лічбу «1» бежавага колеру з двухскатным дахам чырвонага колеру, побач з якім знаходзіцца двухпавярховы жылы дом бежавага колеру з дымаходам, які сваёй формай нагадвае лічбу «3», за якім заходзіцца дамен  «.ru» чырвонага колеру, што ў сукупнасці складае назву сайта «s13.ru».

    «Экстрэмісцкімі» прызнаны таксама лагатып Telegram-канала «s13.ru — Новости Гродно» і ўласна лагатып інтэрнэт-выдання s13.ru.

    У  Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў адзначана, што «экстрэмісцкім» лічыцца любы «візуальны матэрыял (выява, лічбавы вадзяны знак, лагатып) або тэкст «s13.ru» з надпісамі або без іх, незалежна ад носьбітаў інфармацыі (сцягі, транспаранты, вымпелы, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, наклейкі, значкі, элементы адзення, прадметы побыту і г. д.), а таксама размешчаны на лічбавых фотаздымках і відэавыявах».

    Нагадаем, што 30 кастрычніка ў «экстрэмісцкім спісе» Мініфарма з’явіліся сайт s13.ru і Telegram-канал з назвай «s13.ru — Новости Гродно», але на той момант яшчэ без лагатыпаў. Рэдактар інфармацыйнага партала Сяргей Чабоцька з 25 кастрычніка знаходзіцца пад адміністрацыйным арыштам, яго асудзілі да 15 сутак паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП.

    У адпаведнасці з рашэннем суда Верхнядзвінскага раёна ад 28 кастрычніка «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны кантэнт старонкі «INFO Беларусь» у сацыяльнай сетцы «Одноклассники» (ідэнтыфікатар ok.ru/group/70000005998715). Гэта старонка прэзентуе сябе як «інтэрнэт-СМІ», там размяшчаюцца навіны з розных рэгіёнаў Беларусі.

    Суд Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці 28 кастрычніка прызнаў «экстрэмісцкай» старонку «BelarusFreedom/Свабода Беларуси» (ID 61557191356830) у Face­book. У анонсе старонкі гаворыцца, што там публікуюць «аб’ектыўныя навіны і аналітыку пра Беларусь і беларускае жыццё».

    29 кастрычніка суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы прызнаў «экстрэмісцкім» Insta­gram-акаўнт «andrewgny­ot» з ідэнтыфікатарам     instagram.com/andrewgnyot/?g=5#. Гэтая старонка належыць Андрэю Гнёту – беларускаму рэжысёру і журналісту, затрыманаму ў Сербіі ўвосень 2023 года на запыт беларускіх уладаў. Цяпер Андрэй Гнёт знаходзіцца пад хатнім арыштам, да гэтага цягам больш як 7 месяцаў ён быў вымушаны правесці ў белградскай турме.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці