«Экстрэмісцкі спіс» Мінінфарма: Petitions.by, Telegram-канал «ГУРНЕВIЧ» і некалькі TikTok-акаўнтаў
Міністэрства інфармацыі 9 студзеня папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго дадалі інфармацыйныя рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі» ў канцы мінулага і ў першыя дні 2025 года.
3 студзеня 2025 года суд Партызанскага раёна Мінска абвесціў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» Telegram-канал «ГУРНЕВIЧ» (ідэнтыфікатар t.me/dhurnievic). Канал мае больш за тысячу падпісчыкаў.
30 снежня суд Цэнтральнага раёна Мінска пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» кантэнт сайта Petitions.by і «яго аналагі на іншых платформах», як напісана ў дакуменце на сайце Мінінфарма. Да іх суд аднёс
- старонкі ў сацсетках Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/petitions.by?igsh=NTc4MTIwNjQ2YQ==),
- Facebook (ідэнтыфікатар facebook.com/petitionsby), Х (ідэнтыфікатар x.com/petitions_by),
- Telegram-канал з ідэнтыфікатарам t.me/petitions_by,
- Telegram-чат «Клуб Комментаторов Petitions.by».
30 снежня суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці залічыў у экстрэмісцкія рэсурсы TikTok-акаўнт «this_is_hrodna» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@this_is_hrodna). Гэта відэаканал рэгіянальных навін, які і раней прызнавалі «экстрэмісцкім», але тады ён меў іншую назву.
Той самы суд 30 снежня прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» і TikTok-акаўнт «belsat¬_l» з ідэнтыфікатарам tiktok.com/@belsat-_l. А таксама лагатып акаўнта, які, паводле апісання на сайце ведамства, уяўляе сабой геаметрычную кампазіцыю з ромбаў чорнага і белага колераў.
«Варта адзначыць, што менавіта ў такім напісанні ў «Белсата» няма акаўнта. Магчыма, гаворка вядзецца пра belsat_l, але ў спісе Мінінфармацыі адрозніваецца і прадстаўленая ўладамі спасылка», — тлумачыць belsat.eu.