«Каб фатографы зараблялі». Kodak стварае крыптавалюту
Ганарары за скрадзеныя ў сеціве здымкі фатографы неўзабаве змогуць атрымаць у KodakCoin.
На гэтым тыдні найстарэйшая фатаграфічная карпарацыя аб’явіла пра запуск уласнае блокчэйн-платформы KodakOne і крыптавалюты KodakCoin. Праект запусцяць напрыканцы студзеня супольна з брытанскай кампаніяй WEBB Digital.
Пасля гэтай заявы акцыі кампаніі выраслі на 120 %.
«Для многіх «блокчейн» і «крыптавалюта» – проста модныя словы, але для фатографаў, якія доўга змагаліся за кантроль над сваёй працай і тым, як яе выкарыстоўваюць, гэта – ключавыя паняткі для вырашэння таго, што падавалася невырашальным, – заявіў гендырэктар кампаніі Джэф Кларк. – Kodak заўсёды імкнуўся дэмакратызаваць фатаграфію і зрабіць ліцэнзаванне справядлівым для дзеячаў мастацтва. Гэтыя тэхналогіі даюць магчымасць зрабіць гэта інавацыйна і проста».
Платформа KodakOne мае абараніць аўтарскія правы фатографаў шляхам стварэння зашыфраванага лічбавага рэестру, у якім будуць захоўваецца ліцэнзіі на загружаныя туды працы.
Сістэма будзе самастойна сачыць за парушэннем аўтарскіх правоў у інтэрнэце, каб фатографы маглі атрымаць сваё ўзнагароджанне ў крыптавалюце.
Kodak быў заснаваны ў 1888‑м. Цягам мінулага стагоддзя фірма была сусветным лідарам на рынку стужкі і фотаабсталявання. Са з’яўленнем лічбавай фатаграфіі кампанія не вытрымала канкурэнцыі і аказалася на мяжы банкруцтва. З фінансавага крызісу кампанія здолела выйсці, прадаўшы правы на большасць сваіх патэнтаў.