• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кацярына Раецкая расказала, як прымусіла Дзяніса Дудзінскага займацца домам і гаспадаркай

    Былая вядучая «Славянскага базару», а цяпер аўтарка шоу аб фемінізме распавяла пра стаўленне да жанчын на беларускім тэлебачанні, размеркаванне абавязкаў у сям'і, жыццё ў эміграцыі і Беларусь будучыні, піша «Наша Ніва».

    Вялікае інтэрв’ю з Кацярынай Раецкай выйшла на ютуб-канале «Максімальна».  «Наша Ніва» прыводзіць найбольш цікавыя моманты.

    Ці былі праблемы з‑за таго, што яна жанчына?

    Кацярына згадвае, што праблемы ў яе былі з кіраўніцамі ці прадпрымальніцамі-жанчынамі. «Гэта моманты, калі тваю кандыдатуру не ўзгадняюць ці ўзгадняюць, а потым адмяняюць, таму што «адна сяброўка другую папрасіла». Іншых праблем з тым, што яна жанчына, не было да той пары, як Кацярына выйшла на тэлевізійную сцэну.

    «Пакуль ты за кадрам — ты добры работнік. Мы робім праекты рознага маштабу, працуем у змешаных групах. Жанчына-прадзюсар, жанчына-рэжысёр. Вакол нас — мужчыны. І мы робім крутыя праекты. Але праблемы з’явіліся, як толькі гэта стала візуальнай складовай часткай. Можа, з‑за таго, што гэта звязана з жаданнем славы, з прафесійнай канкурэнцыяй»,

    — згадвае свой асабісты досвед Раецкая.

    Ці складана быць сімпатычнай?

    Кацярына адзначае, што адносіны да чалавека, у якога «сімпатычная мордачка», накладваюць на яе ўладальніка адказнасць.

    «Спачатку цябе ўспрымаюць як «сімпатычную мордачку», а толькі потым, калі да гэтага даходзіць, пачынаюць думаць пра твае здольнасці, пра тое, што ты можаш, як разважаеш».

    Раецкая адзначае, што яе выгляд дазваляў несці гледачу станоўчыя эмоцыі і радасць падчас канцэртаў і выступаў на іншых мерапрыемствах. У той жа час, па яе словах,

    «маладосць у спалучэнні з канвенцыйнай прыгажосцю ці мілавіднасцю ў беларускім шоу-бізнэсе і візуальнай сферы — прычына, па якой цябе будуць спачатку спрабаваць прыдушыць і зрабіць такою, як усе».

    Якое стаўленне да жанчын на тэлебачанні Беларусі?

    На погляд Кацярыны, тэлеканал «Сталічнае тэлебачанне» ўзору 2012—2013 гадоў быў найбольш збалансаванай у адносінах да жанчын структурай.

    «Гэта той выпадак, калі жанчыны навучалі жанчын і мужчын, жанчыны прымалі рашэнні, запускалі праекты. Хіба што гэта ў пачатку майго творчага шляху мяне і натхніла. Мне здавалася, што ў жанчыны няма ніякіх перашкод».

    У той жа час у Белтэлерадыёкампаніі не было правілаў СТБ. «Там я сутыкнулася з такім падыходам: як «ты маленькая дзяўчынка», то «ты не будзеш тут прымаць рашэнні». Але БТ — гэта канал высокай канкурэнцыі. Там галоўны эфір. Напрыклад, навіны ці «Добрай раніцы, Беларусь». Таму і стаўленне больш строгае. Там кожны спрабуе на хвост наступіць адно аднаму. Гэта, хутчэй, жаночы варушняк. А чым яшчэ можна адрознівацца жанчынам з «нізкімі пастаўленымі галасамі» як не сяброўствам адна супраць другой, — згадвае Кацярына і адзначае:

    Як аказалася, чым вышэйшыя рэйтынгі і большыя медыя, тым большая мізагінія, нянавісць, варожасць адносна жанчын».

    Як змянілася жыццё са зʼяўленнем у ім фемінізму

    Раецкая згадвае, што ёй заўсёды больш за ўсё падабаліся фільмы, дзе жанчына перамагае, можа, дасягае. Яна згадвае мультфільм «Мулан» (1998 года) і тэлесерыял «Зена — каралева воінаў» (1995—2001 гадоў), гераіні якіх былі для яе ўзорам.

    «А прынцэсы, якія спяць у трунах, зусім не маё. Пасіўная пазіцыя па жыцці — не маё. Дзякуй дзіцячым мультфільмам, у якіх ужо ў мой час зʼяўляліся выдатныя актыўныя жанчыны. Таму фемінізм у маім бытавым успрыняцці быў заўсёды.

    Я заўсёды ведала, што магу шмат чаго. Усе лідарскія конкурсы, дэпутацкія маладзёжныя палаты, усё, дзе важна было быць не на вачах, а там, дзе трэба было нешта арганізаваць. Лідар года — гэта маё другое я. Іншае мяне мала цікавіла», — адзначае Кацярына.

    Прыкладам для Раецкай служыла яе маці, якая «паказвала, што шмат чаго можа. Яна цягне і сямʼю, і дзяцей, і працу. І можа кіраваць установай грамадскага харчавання. У мяне не было прыкладаў, дзе жанчына складвае рукі і гаворыць: «Ах, месца жанчыны…» І далей дадайце што заўгодна».

    Таму, адзначае Кацярына, ад таго, што яна апошнім часам стала падкрэсліваць, што глядзіць на свет з фемінісцкіх пазіцый, яе свет не змяніўся.

    «Гэта змяніла маё стаўленне да іншых жанчын. Я супраць усялякіх стэрэатыпаў адносна жанчын. Я дастаткова патрабавальная як да сябе, так і да іншых. Асабліва да жанчын. Лічу, калі я змагла, то і ты зможаш. Ці «я не змагла, але ты змагайся, ты малайчына». Таму маё жыццё змянілася менавіта адносна жанчын».

    Пра размеркаванне адносін у сямʼі

    Кацярына адзначае, што ў сямʼі, у якой яна вырасла, правы жанчыны, роўнасць партнёраў і падзел абавязкаў былі заўсёды.

    «У маёй сямʼі мама і тата разам не жылі. Спачатку былі нюансы, звязаныя з тым, што жанчына адна выхоўвае дзіця. Але са зʼяўленнем айчыма я зразумела, што не ўсе мужчыны раскідваюць шкарпэткі, не ўмеюць мыць посуд. Ёсць мужчыны, якія бяруць на сябе пэўныя абавязкі па доме», — дзеліцца ўспамінамі Кацярына.

    У сваёй сямʼі, заўважае Раецкая, яны з мужам узаемна ўплываюць адно на аднаго і стараюцца дзяліць абавязкі.

    Яна пералічвае некаторыя свае прынцыпы.

    «У мяне ёсць два правілы Кацярыны Раецкай. Першае — не бегаць за грамадскім транспартам. Я так вырашыла ў дзяцінстве, бо ўбачыла, як гэта выглядае збоку. Другое, пра што я вырашыла гадоў у 14, гледзячы на жанчын, якія вяртаюцца з працы нагружаныя сумкамі, — гэта падзел абавязкаў».

    Кацярына адзначае, што ў яе сямʼі падзел абавязкаў грунтуецца не на дамоўленасцях, якія палягаюць на прынцыпе гендарнай роўнасці.

    «Я ведаю, што Дзяніс не адрознівае чысты ўнітаз ад бруднага. Шмат у якіх мужчын оптыка трохі іншая. Мы па-рознаму ўспрымаем чысціню. Я, напрыклад, вельмі ўважліва стаўлюся да таго, каб не было ніякага бруду і пылу. Але ў пытаннях гатавання ежы, папаўнення запасаў, бытавых пытанняў мы дастаткова збалансавана жывём».

    Дзяніс Дудзінскі — сэксіст?

    Кацярына Раецкая на гэта пытанне заўважае, што яе муж, як і ўсе, рос у патрыярхальным грамадстве, якое прадугледжвае, што жанчына гадуе дзяцей, выхоўвае і даглядае. 

    «Дзяніс вырас у савецкія часы, калі і жанчына, і мужчына працавалі і ў прафесіі рэалізоўваліся. Былі паспяховыя і інжынеркі, і архітэктаркі, кіравалі аддзеламі, заводамі. Але функцыя клопату заўсёды ляжала на жанчынах. Гэта абслугоўванне ўсіх вакол, хатні быт і гаспадарка. Таму ён гэта, як мог, нёс у наша жыццё. І я, магчыма, з‑за асаблівасцяў свайго характару і таго, што я ўвабрала ад усіх гэтых муланаў і зен — каралеваў войнаў, гаварыла, што «не, так не будзе».

    У мяне была фраза, якой я цяпер не карыстаюся: «Калі ты… (напрыклад, не сходзіш у магазін, не перастанеш раскідваць рэчы і г. д.), то мы будзем вельмі дрэнна жыць». І я гэтую фразу вельмі часта да 2020 года паўтарала. Я проста тлумачыла: «Калі ты не паклапоцішся пра змесціва халадзільніка, то і я не паклапачуся. Калі ты не папрацуеш, то і я не папрацую».

    У працэсе мы склалі свае стэрэатыпы, трохі іх абтачылі. Таму я не магу назваць Дзяніса сэксістам».

    Жыццё ў эміграцыі

    Кацярына адзначае, што не можа сказаць, што нешта істотна змянілася ў эміграцыі. Па яе словах, яна займаецца прыкладна тым жа, асабліва за кадрам, — прадзюсіраваннем.

    «Так, у мяне няма нейкіх выступленняў з песнямі проста з‑за таго, што такая дзейнасць у групе «Да Вінчы» адышла. Што тычыцца правядзення мерапрыемстваў, фестываляў, то гэта ёсць.

    Але мы ў тым часе, калі не да святаў, не да весялосці. Ёсць мерапрыемствы, звязаныя з нашымі нацыянальнымі каштоўнасцямі, прасоўваннем нашай нацыянальнай музыкі ў эміграцыі, у дэмакратычных колах».

    Калі гаварыць пра быт, то Кацярына сцвярджае, што ў ім нічога не змянілася: «Тут трэба зрабіць агаворку, што я гавару толькі пра сябе і сваю сямʼю, а не пра іншых людзей, «тэлевізійных зорак», якія мелі дамы за горадам, машыны.

    У нас з Дзянісам вельмі нізкі ўзровень таго, што нам патрэбна. У Мінску мы жылі ў аднапакаёвай кватэры. Не мелі аўтамабіля. Ездзілі на метро».

    Кацярына адзначае, што часта задумваецца над тым, што змянілася з яе эміграцыяй, акрамя таго, што ў яе «вырвалі сэрца разам з домам». Яна адзначае, што нават сябры ў сваёй большасці зʼехалі ў розныя краіны. У Беларусі засталося мала з тых людзей, з якімі яны мелі зносіны.

    Раецкая адзначае, што цяпер яна не дазваляе сабе жыць.

    «Я амбасадарка адкладзенага жыцця. Я вельмі добра разумею, што цяпер мае найлепшыя гады жыцця, мае залатыя 32—35 гадоў па мерках беларускага тэлебачання. Але я пакуль псіхалагічна не магу прыстасавацца. І не тое што да новай рэальнасці, бо добра разумею, дзе мы і што гэта.

    Нават тое, што мы выязджалі не самі, а нас выцяснялі, гэта ўсё роўна наступствы майго выбару. Не пагаджацца з насіллем, з тым, што рабілі з людзьмі на Акрэсціна, не пагаджацца з тым жахам, які на нас выліўся, калі адчыніліся дзверы Акрэсціна».

    На думку Кацярыны, іншае пытанне — пачынаць думаць пра нейкую будучыню. «Гавораць, што гэта якраз выхад з траўмы, калі ты пачынаеш фантазіраваць, будаваць планы. На жаль, мае думкі пакуль занятыя тым, што я магу зрабіць для таго, каб заставалася сувязь з людзьмі, з гледачамі Беларусі.

    Жах страты кантакту з людзьмі ў Беларусі («вы адарваліся ад рэальнасці») мяне вельмі хвалюе.

    Таму што я, як аказалася, так моцна люблю людзей, Беларусь і беларускасць, люблю свой дом, людзей, якія змянялі вакол мяне горад, стваралі прастору, адкрывалі ўстановы, стваралі спектаклі, бізнэс. Я так прывыкла да таго, што ўсе такія праактыўныя, не чакаюць, калі хтосьці нешта зменіць, а ўсё мяняюць самі. І здавалася, што гэта і ёсць нармальнае жыццё».

    Па словах Раецкай, зараз ёй неабходна вызначыцца, ці сапраўды для яе важная сувязь з людзьмі ўнутры краіны, ці сапраўды яны адно аднаго разумеюць.

    «Бо так можа аказацца, што ўсе мае зʼехалі разам з горадам і краінай, якую я любіла і люблю».

    Кацярына не дазваляе сабе думаць пра будучыню. «Гэта цікавае замкнутае кола. Я не жыву цяпер і не думаю пра будучыню. Яшчэ пару гадоў назад у мяне былі думкі: «ну вось, зараз трошкі паднабяром і праскочым». Зразумела, што вайна ва Украіне ўсе гэтыя ілюзіі змяніла. Ужо няма таго, што мы ўяўлялі як вялікае вяртанне ў Беларусь, ці нейкай новай Беларуссю. Вельмі моцна змяніліся абставіны. Таму думаць аб будучыні не магу. І гэта мяне моцна засмучае».

    Раецкае заўважае, што з захапленнем назірае за тымі людзьмі, якія адкрываюць установы ўжо за мяжою, будуюць нейкія медыяхолдынгі, засноўваюць фонды, дабрачынныя арганізацыі. «Трэба зрабіць крок і прызнацца, «давайце зараз тут жыццём пажывём і падумаем пра будучыню». Я ўсяму гэтаму вельмі зайздрошчу па-добраму», — дзеліцца сваімі думкамі Кацярына.

    Цяпер галоўнае пытанне для Раецкай — ці дакладна для той Беларусі, якую яна ўсё яшчэ памятае і якую яна паважае і любіць, яна павінна нешта рабіць, ці павінна нешта рабіць для Беларусі ў эміграцыі.

    Што будзе ў Беларусі будучыні Кацярыны Раецкай

    Кацярына адзначае, што хацела б сказаць, што ў Беларусі будучыні будуць роўныя правы. Яна спадзяецца, што ў гэтай краіне будуць салідарнасць і ўзаемадзеянне.

    «Мне здаецца, што раней, з таго моманту, як я памятаю нейкія крэатыўныя індустрыі, знаходзіўся герой ці гераіня, невялікае кола людзей, якія нешта змянялі насуперак усяму. Напрыклад, стваралі галоўную, буйную галерэю сучаснага мастацтва ў Мінску. Таму што ім гэта было патрэбна, бо гэтага ў горадзе не хапала. Ці бар, прастору, агенцтва. І гэта ўсё было насуперак таму, што перашкаджала. У Беларусі будучыні, я спадзяюся, салідарнасць памножаная на ўменне ўзаемадзейнічаць (а мы ўмеем, а мы ведаем як, а мы не развучыліся) будзе даваць плён».

    Чытайце яшчэ: 

    Неадзначаны юбілей. «Чалавек-мова» Юрась Бушлякоў

    «Вариантов тут у меня нет». Как живут беларуские «террористы» после освобождения

    «Зараз злачынства — не верыць у тое, што Беларусь будзе вольнай». Алег Мяцеліца — пра байдаркі, Купалле і вяртанне дадому

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці