Каго мы страцілі ў сыходзячым годзе? Успамінаем калег
Напрыканцы года Беларуская асацыяцыя журналістаў па традыцыі нагадвае пра тых, хто сёлета сыйшоў ад нас у іншы свет.
Фатограф Уладзімір Парфянок
Уладзімір Парфянок быў прадстаўніком «новай хвалі» творчай фатаграфіі 1980‑х. Пад яго ўплывам было сфарміравана не адно пакаленне фатографаў і крытыкаў фатаграфіі.
Фатограф перастаў выходзіць на сувязь з вечара 12 студзеня. Цягам выходных сябры Уладзіміра намагаліся звязацца з ім, а ўвечары 14 студзеня прыехалі да яго дадому. На кватэры фатографа знайшлі ўжо мёртвым. Ён памёр ад разрыву аорты.
— Уладзімір Парфянок — быў яскравым прадстаўніком «новай хвалі», — распавядала на адкрыцці мемарыяльнай выставы пра свайго калегу Ірына Сухій. — Яшчэ з пачатку нашай вучобы яго фатаграфіі былі заўсёды крутымі. У яго было шмат планаў. Яго сыход — вялікая страта для беларускай фатаграфіі.
Рэдактар, фатограф, куратар і адзін з заснавальнікаў галерэі візуальных мастацтваў Nova, адзін з выкладчыкаў Школы фатаграфіі ў Мінску, куратар Нацыянага цэнтра сучасных мастацтваў, Майстэрні-музея Заіра Азгура. — Уладзімір Парфянок зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё беларускай фатаграфіі і культуры.
Журналіст і рэдактар Андрэй Александровіч
Андрэй Александровіч прыйшоў у медыя на пачатку стварэння новай незалежнай беларускай журналістыкі. Ён працаваў у папулярнай «Белорусской деловой газете», незалежным інфармагенцтве БелаПАН, нямецкай радыёстанцыі Deutsche Welle. У другой палове нулявых з калегамі па «Белорусской деловой газете» стварыў «Ежедневник» — першую беларускую электронную газету, якая выходзіла ў PDF-фармаце і распаўсюджвалася шляхам рассылкі на электронныя скрыні падпісчыкаў. Выданне было зачынена беларускімі ўладамі ў 2021 годзе.
У другой палове 2010‑х быў галоўным рэдактарам сайта міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», а таксама стварыў медыяпраект Thinktanks.by. У апошнія гады ўзначальваў аналітычны штотыднёвік «Белорусы и рынок». Пасля закрыцця ўладамі газеты, рэдактар да апошняга заставаўся ў Беларусі, аднак быў вымушаны пакінуць краіну напрыканцы 2023 года.
22 лютага ў Варшаве Андрэя Александровіча забрала ў шпіталь хуткая праз запаленне падстраўнікавай залозы. У нядзелю, 25 лютага, стала вядома пра смерць журналіста ў рэанімацыі. Яму было 49 гадоў.
У Беларусі ў журналіста застаўся маленькі сын.
Публіцыст і грамадскі актывіст Ігар Леднік
Грамадскі актывіст і публіцыст з Барысава Ігар Леднік быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі. Прычынай, па якой супраць актывіста распачалі крымінальную справу, стаў артыкул у партыйным часопісе БСДП «Пазіцыя» пад назвай «Мiжнародна прызнаны нейтралiтэт Беларусi — гарантыя бяспекi у рэгiёне АБСЕ».
Ігар Леднік меў інваліднасць 2‑й групы праз праблемы з сэрцам. Менавіта праз гэта ён памёр за кратамі на 64‑м годзе жыцця ў лякарні ў Бараўлянах, куды быў планава дастаўлены з Бабруйскай калоніі, дзе адбываў пакаранне.
Сцэнарыст кіно і тэлебачання Канстанцін Вераб’ёў
Канстанцін Вараб’ёў быў звязаны з тэлебачаннем і кіно з 1993 года, зняўшы мноства праграм.
У якасці аўтара сцэнарыяў, рэдактара і прадзюсара на беларускім і расійскім тэлебачанні падрыхтаваў да эфіру звыш 1000 тэлевізійных праграм рознай тэматыкі. Аўтарская праграма «Відэа-тайм» на працягу 8 гадоў была адной з самых паспяховых і папулярных на Беларускім тэлебачанні. Быў прадзюсарам і аўтарам некалькіх дзясяткаў дакументальных фільмаў. Удзельнічаў у стварэнні пяці эфірных беларускіх тэлеканалаў і расійскага спадарожнікавага канала ТРО.
З кастрычніка 2007 года з’яўляўся прадзюсарам тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы (прадстаўніцтва ў Мінску).
Канстанціну Вараб’ёву было 53 гады.
Праваабаронца і выдавец Леанід Свецік
У Варшаве 28 чэрвеня раптоўна пайшоў з жыцця сябра БАЖ Леанід Свецік. Як паведамляла «Вясна», ён больш за два дзесяцігоддзі займаўся абаронай правоў чалавека на Віцебшчыне. Прымаў актыўны ўдзел у розных праваабарончых, інфармацыйных і адукацыйных праграмах і ініцыятывах.
Спадар Леанід неаднаразова ўдзельнічаў у кампаніях назірання за выбарамі ў Беларусі, уздымаў набалелыя для рэгіёна праблемы і намагаўся іх вырашэння. У 2021 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь праз пагрозу крымінальнага пераследу.
— Леанід дзесяцігоддзямі бараніў правы чалавека на Віцебшчыне, спрыяў развіццю незалежнай прэсы ў Віцебскай вобласці. У розны час быў выдаўцом і рэдактарам некалькіх інтэрнэт-СМІ. А яшчэ Леанід пісаў вершы, якіх шмат засталося ў рукапісах і кампутарных нататках, — распавядаў «Новаму часу» намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Леаніду Свеціку было 59 гадоў.
Журналіст Яўген Агурцоў-Кржыжаноўскі
Яўген Агурцоў-Кржыжаноўскі шмат публікаваўся ў розных выданнях Беларусі і Расіі, быў сябрам БАЖ.
Часцей за ўсё пісаў пра культуру. Таксама ў свой час з’яўляўся загадчыкам літаратурнай часткі сталічнага тэатра імя Максіма Горкага. За яго аўтарствам выйшла кніга пра жыццё і творчасць мастацкага кіраўніка гэтай установы Барыса Луцэнку «Споведзь грэшнага ліцадзея». Пэўны час журналіста ведалі як сакратара Саюза кінематаграфістаў БССР.
Многія слухалі праграму спадара Яўгена «Кава на траіх». Яна на пачатку нулявых цягам двух гадоў штосуботу выходзіла на Беларускім радыё. У 2002‑м годзе кіраўніцтва дзяржаўнага медыя скасавала супрацу з Агурцовым, бо той хацеў запрасіць у эфір галоўнага рэжысёра тэатру гумару і сатыры «Хрыстафор» Яўгена Крыжаноўскага. Апошні «правініўся» тым, што ў 2001 годзе паспрабаваў высунуць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта краіны.
У 2020‑м годзе МЗС Беларусі не працягнуў акрэдытацыю Яўгену Агурцову, які на той момант ужо цягам сямі гадоў з’яўляўся карэспандэнтам радыёстанцыі «Голос России».
У апошні час журналіст працаваў калумністам на прарасійскім рэсурсе «Sputnik Беларусь». Памёр 1 ліпеня 2024 года.
Журналіст і пісьменнік Віталь Каракорскі
У Вільні 6 ліпеня памёр грамадскі дзеяч, журналіст і пісьменнік Віталь Каракорскі.
Ён нарадзіўся ў Беларусі, працаваў у Бабруйску, ад 1990 года жыў у Вільні, распавядала «Радыё Свабода». Тут ён знайшоў сабе месца на літоўскім радыё і тэлебачанні.Ствараў тэлешоу пра літоўскіх габрэяў, праграмы пра беларусаў і расейцаў у Літве, быў аўтарам шэрагу дакументальных фільмаў.
Быў таксама старшынём Калегіі этнічнай журналістыкі Літвы, сябрам Рады габрэйскай супольнасці, старшынём Рады ў справах нацыянальных меншасцяў і эміграцыі.
Журналіст браў удзел у беларускіх медыйных праектах у Літве, спрычыняўся да беларускай грамадскай дзейнасці, быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Віталю Каракорскаму было 66 гадоў.
Карыкатурыст Алег Папоў
У верасні стала вядома пра смерць вядомага беларускага карыкатурыста Алега Папова.
«Карыкатурыст — прафесія зусім не масавая: добра, калі адзін чалавек прыпадае на мільён жыхароў. Суадносіны, увогуле, не мяняюцца, нават калі гэта будзе Расія, Украіна ці Эстонія», — гаварыў Папоў, які за савецкім часам быў адным з самых вядомых у краіне карыкатурыстаў.
Ён займаўся карыкатурай 45 гадоў, пісала «Наша Ніва». Першы яго малюнак з’явіўся ў шматтыражнай газеце «Оптик» завода імя Вавілава. А потым маляваў карыкатуры для «Вечернего Минска», «Мінскай праўды», «Советской Белоруссии». Пасля быў «Вожык», «Народная газета». У апошнія гады — пралукашэнкаўскія выданні.
Выдавец і паэт Мікола Трафімчук
Мікола Трафімчук працаваў у рэдакцыях раённых газет, на Брэсцкім тэлебачанні, у газетах «Мінская праўда», «Звязда», «Наша доля». З 2005 года стаў галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага альманаха «Гоман».
Падчас працы ў Драгічынскай раёнцы стаў сябрам літаратурнага аб’яднання «Світанак», а з 1984 года — яго кіраўніком. Вершы Міколы Трафімчука з 1973 года змяшчаліся на старонках шматлікіх газет і часопісаў. Праз дзесяць гадоў ён уступіў у Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Выдавец памёр у 74 гады. Прычынай смерці сталі двайны інсульт і інфаркт.
Журналістка Вольга Нікіціна-Кунчэўская
29 кастрычніка памерла карэспандэнтка недзяржаўнай газеты «Борисовские новости», сябра БАЖ Вольга Нікіціна-Кунчэўская.
Восенню 2024 года журналістка раптоўна захварэла. Спачатку ёй не змаглі паставіцьдыягназ і адпусцілі з лякарні дадому. Праз тыдзень яна вярнулася ў бальніцу, але гэтым разам трапіла ў рэанімацыю. Дактары не змаглі яе ўратаваць.
Спадарыні Вользе было 58 гадоў.
Журналіст Вадзім Доўнар
Вадзім Доўнар — беларускі журналіст, які прысвяціў сваё жыццё асвятленню важных падзей. Вадзім працаваў у «Беларускай дзелавой газеце», «Беларускай газеце», на «Радыё Рацыя», на ўкраінскім тэлеканале ATR і ўдзельнічаў у блакадзе Крыма ў Чангары. Апошнія гады Вадзім жыў у Кіеве.
У 2023‑м годзе журналісту паставілі дыягназ, лячэнне якога патрабавала трансплантацыі печані.
13 траўня 2024 года хворага беларускага рэпарцёра валанцёры даставілі ў Польшчу для правядзення аперацыі. Для догляду за Вадзімам журналісцкая супольнасць сабрала неабходныя сродкі.
На жаль, нягледзячы на ўсе намаганні, цяжкая хвароба перамагла.
Ветэран беларускай незалежнай журналістыкі Алесь Мікалайчанка
Да нацыянальнай ідэі Мікалайчанка прыйшоў яшчэ ў студэнцкія гады, пісала «Наша Ніва».
У 1990‑я гады Алесь Мікалайчанка быў сустаршынёй Асацыяцыі свабодных сродкаў масавай інфармацыі. У 1995 годзе стаў адным з 38-мі сузаснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам праўлення арганізацыі.
Пасля працаваў карэспандэнтам «Радыё Свабода» па Мінскай вобласці, у незалежных газетах «Салідарнасць» і «Борисовские новости». Акрамя журналісцкай працы, Алесь Мікалайчанка пісаў вершы, з 2006 года быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 2014 годзе выдаў зборнік вершаў «Скрыжалі».
Пра смерць 76-гадовага журналіста і паэта паведамілі ягоныя колішнія калегі ў снежні ў сацсетках.
Журналістка Таццяна Цюрына
Таццяна Цюрына скончыла факультэт журналістыкі БДУ.
Працавала ў беларускіх перыядычных выданнях: «Знамя юности», «Дело(Восток+Запад)», «Белорусская деловая газета», была спецкарэспандэнткай па Беларусі газеты «Советская Культура» (Масква).
Асноўныя публікацыі Таццяны Цюрынай прысвечаны жывапісу, творчаму жыццю мастакоў, агульным праблемам нацыянальнай культуры. Таксама яна была аўтаркай кнігі «Чароўны экран» пра мастакоў візуальных мастацтваў.
Таццяна Цюрына пайшла з жыцця 8 снежня пасля працяглай цяжкай хваробы. Ёй было 76 гадоў.
Дзіяна Чаркасава, маці забітай у 2004‑м годзе журналісткі
Жыццё Дзіяны Чаркасавай было звязана з журналістыкай: Яна працавала ў газеце для беларусаў замежжа «Голас Радзімы», дзе прайшла шлях ад карэктара да намесніка галоўнага рэдактара. Таксама друкавалася ў газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя» і «Нёман».
На «Радыё Рацыя» на пачатку 2000‑х выходзіў цыкл праграм па яе сцэнарыях пад назвай «Свая чужына». У ім спадарыня Дзіяна распавядала пра дзеячоў беларускай эміграцыі, напрыклад, пра паэтэсу Канстанцыю Буйло, з якой журналістка сябравала.
20 кастрычніка 2004 года ў мінскай кватэры знайшлі забітай дачку Дзіяны Чаркасавай Вераніку.
Дзіяна Цімафееўна сышла на 90‑м годзе жыцця пасля працяглай хваробы.