Карлюкевіч: Будзем сачыць за зместам, але, відаць, «Хартыя» застанецца «Хартыяй»
Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч быў адным з тых, хто адкрываў штогадовую Мінскую кніжную выставу.
«Наша Ніва» запыталася ў чыноўніка, што можа зрабіць «Хартыя-97», каб зноў быць даступнай у Беларусі? У студзені Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да гэтага партала на тэрыторыі Беларусі.
«Я не чытач «Хартыі» ў апошні час, хаця ў адпаведнасці з законам маю такую магчымасць як прадстаўнік Міністэрства інфармацыі. Безумоўна, мы будзем глядзець на далейшы змест гэтага інтэрнэт-рэсурса. Гэта вельмі небяспечна нешта планаваць і падказваць. «Пішыце так, альбо пішыце іначай…» Відаць, «Хартыя» застанецца «Хартыяй», а нашыя дзеянні застануцца нашымі дзеяннямі і нашым выкладаннем дзяржаўнай пазіцыі», — сказаў Карлюкевіч.
Як новы міністр паставіўся да першых крокаў на пасадах рэдактараў Белтэлерадыёкампаніі, СТБ і «Советской Белоруссіі», якія нядаўна былі прызначаныя кіраўніком краіны?
«Праца новых кіраўнікоў СМІ — гэта праца дастаткова вядомых творчых людзей. Я спадзяюся, што іх новыя крокі — гэта новыя перадачы, новыя артыкулы. Сёння я знаходжу шмат цікавага ў працы СТБ, Белтэлерадыёкампаніі, газеты «Советская Белоруссія». На тэлебачанні шмат рэсурсаў, і толькі ад змены адміністрацыі не ўсё рашаецца. Што тычыцца «Советской Белоруссіі», то газета — гэта твар і пазіцыя яе рэдактара», — сказаў Карлюкевіч.
Ён адзначыў, што пакуль не ведае, хто будзе прызначаны на пасаду генеральнага дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелТА на месца Дзмітрыя Жука.
Што тычыцца агульнага ўзроўню свабоды слова, то міністр сказаў: «Нармальны ўзровень свабоды слова».