• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    19 фішак, якія трэба ведаць, калі робіце лонгрыд

    Напрыканцы студзеня ў Мінску адбылася сустрэча філій ГА “БАЖ” для абмену досведам і развіцця ўзаемасувязяў паміж філіямі. На фінальнай сустрэчы, арганізаванай ўдзельнікам лідарскага курса Антонам Сурапіным, журналісты з 10 рэгіёнаў Беларусі гаварылі пра лонгрыды.

    Пра падыходы да лонгрыдаў, інструменты для стварэння і паспяховыя прыклады распавядала рэдактарка «Медыякрытыкі»  і “Зялёнага партала» Яніна Мельнікава. Сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў зрабіў канспект па выніках сустрэчы.

    1. Вялікі артыкул, шмат тэксту — гэта яшчэ не лонгрыд. І нават калі ёсць фота — гэта таксама не абавязкова лонгрыд.

    2. Лонгрыд — гэта цікава аформленая гісторыя, драматургія.

    3. Як і ў любой гісторыі, у лонгрыда мусіць быць сюжэт: завязка, кульмінацыя і развязка.

    4. Можна сказаць, што лонгрыд — гэта як прагляд якаснага кіно. У адрозненне ад прагляду стужкі навінаў, чытач можа адкінуцца на спінку крэсла і атрымліваць асалоду ад таго, што ён бачыць на экране. Ён пагружаецца ў тэму, лонгрыд выклікае ў яго эмоцыі! Пасля прагляду лонгрыда чалавек мусіць сказаць: “ВАЎ!”

    5. Усё яшчэ сумняецеся, ці будзе цікава каму-небудзь глядзець працу вялікага фармата ў эпоху хуткіх навінаў з сацсетах? Удумайцеся: Face­book дазваляе для падобных мэтаў ствараць “Нататкі”, у Telegram ёсць сервіс Tele­graph, а «ВКонтакте» літаральна на мінулым тыдні дадаў магчымасць карыстальнікам і суполкам публікаваць “Артыкулы”.

    6. Перад тым, як пачаць працаваць над лонгрыдам, вы мусіце адказаць сабе на пытанне: для каго вы гэта робіце?

    7. Тое, што вы збіраецеся рабіць грунтоўную працу, не азначае, што яна мусіць быць напісана складанай мовай. Адразу ж вызначыце для сябе танальнасць, якой будзеце гаварыць з чытачамі.

    8. Ацаніце сваю працу перад публікацыяй. Пасля таго, як вы напісалі лонгрыд, пакіньце яго на некаторы час. А пасля вярніцеся і пераглядзіце ўсё свежымі вачыма. Калі вы, як аўтар, на чымсьці спатыкнуліся — трэба перапрацоўваць! Бо калі вашыя чытачы спатыкнуцца таксама (а яны гэта зробяць на тым самым моманце, будзьце ўпэўнены) — проста сыйдуць са старонкі.

    9. У лонгрыдзе вельмі істотная частка — мультымедыйны кантэнт. Фоты, відэа, інфаграфіка, гукі, мапы і іншыя інтэрактыўныя фарматы мусяць быць у працы! Ну ці хоць штосьці з гэтага. Фарматы ствараюць атмасферу.

    10. “У лонгрыдах я магу суцэльна раскрыць сябе як крэатыўнага аўтара” — гэта і праўда, і не зусім. У лонгрыдах можа быць месца пэўнаму мастацтву, але нельга забываць, што найчасцей гэта — журналісцкая праца.

    11. Лонгрыды падзяляюцца на тры тыпы: партрэтныя гісторыі, рэпартажы і аналітычныя.

    12. Пакіньце кнопкі “Падзяліцца з сябрамі” навідавоку. Каб людзі, якіх захапіла ваша праца, маглі лёгка расшарыць яе.

    13. Пакідайце спасылкі на крыніцы інфармацыі, калі карыстаецеся імі. Гэта падвышае давер да лонгрыда.

    14. Выкарыстоўвайце падзагалоўкі. Няхай і людзі, якія хутка праглядаюць ваш лонгрыд, разумеюць, пра што ён. Быць можа, яны дададуць спасылку ў закладкі і пазней прачытаць не спяшаючыся.

    15. Для таго, каб звярстаць лонгрыд, не трэба наймаць праграмістаў і ўкладаць у дызайн шалёныя грошы. Адзін з найбольш распаўсюджаных (і ўмоўна-бясплатных) сервісаў — Til­da , на якім зроблена прэзентацыя па лонгрыдам Яніны Мельнікавай. У сеціве можна знайсці і іншыя карысныя бясплатныя ці ўмоўна-бясплатныя сервісы.

    16. Выкарыстоўвайце інфаграфіку! Сервісы Cre­ate­ly, Ease­ly і Vizual­ize.me умоўна-бясплатныя і дазваляюць лёгка надаць вашай працы прывабнасці.

    17. Праз сервіс Play­Buzz можна хутка і бясплатна стварыць інтэрактыўныя фішачкі, якія, хутчэй за ўсё, будуць толькі пасаваць вашай працы. Сервіс умоўна-бясплатны, але аўтар артыкула за паўгады актыўнага карыстання яшчэ ніколі ні за што не плаціў.

    18. Натхняцеся! Глядзіце, што робяць калегі па ўсім свеце. Звяртайце ўвагу на фармат артыкулаў, выкарыстаныя прыёмы, сродкі візуалізацыі, якімі чытача заглыбляюць у атмасферу…

    І вось вам два прыклады для натхнення:

    Snow Fall. The Avalanche at Tun­nel Creek  by JOHN BRANCH, NYT — класіка ў свеце лонгрыдаў. Лічыцца, што Snow Fall стаў першым лонгрыдам у тым сэнсе, які мы сёння разумеем пад гэтым словам.

    «НИКОГДА МОРЕ. Nev­er more» ад «ЛИВЕНЬ. Liv­ing Asia» — яшчэ адна вельмі цікавая праца. Пры праглядзе з гукам звярніце ўвагу, як з першага ж экрана аўтары ўцягваюць чытача ў атмасферу. І на структуру праекта: па сутнасці, ён складаецца з 6 старонак: галоўная, “Гісторыі”, “Параўнанне” і яшчэ тры лонгрыды пра “Мора караблёў», «Мора людзей» і «Мора настальгіі». Вельмі цікавы ход!

    19. На гэтай старонцы можна пабачыць, як для лонгрыда выкарыстанае відэа 360°. Нават калі ў вас няма мажлівасці здымаць такія відэа для сваіх праектаў, вы можаце рабіць сваім смартфонам фота 360°, якія будуць рухацца. Для Android можна спампаваць бясплатную прыладу, на iPhone таксама можна знайсці нешта падобнае.

    Плённай працы!

    19 ідэяў для журналісцкіх спецпраектаў у медыях

    25 парадаў, дзе шукаць «у чыстым полі» тэмы і герояў для публікацый

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці