19 ідэяў для журналісцкіх спецпраектаў у медыях
У Гродне адбылася другая «Фармальная міжрэгіянальная сустрэча сябраў БАЖ». На мінулай сустрэчы ў Баранавічах журналісты выпрацавалі 25 парадаў, дзе шукаць «у чыстым полі» тэмы і герояў для публікацый. Гэтым разам прадстаўнікі Слуцка, Баранавічаў, Слоніма і Гродна абмяркоўвалі журналісцкія спецпраекты ў рэгіянальных медыях. Што рабіць? Як рабіць? З якімі цяжкасцямі можна сутыкнуцца?
Сайт ГА «БАЖ» дзеліцца ідэямі і ўжо рэалізаванымі праектамі, пра якія гаварылі падчас сустрэчы.
- «Роўнасць на літару “Х” або Жаночы тузін на мапе Гродна» — спецпраект гродзенцаў. На інтэрактыўнай мапе можна паглядзець, якія вуліцы Гродна названыя ў гонар жанчын. А таксама пачытаць пра гераінь. Выглядае крута!
- Пазл як забава на выходныя — яшчэ адзін круты інтэрактыўны праект з Гродна. Просты, але цікавы аўдыторыі. Дарэчы, «забавы на выходныя» практыкуюцца і буйнымі медыямі. Напрыклад, партал TUT.BY штопятніцу публікуе загадку на выходныя.
- «Молодые бизнесмены» — гэты праект слуцкай газеты «Інфа-Кур’ер» распавядае пра маладых людзей, якія пачалі свой бізнес у рэгіёне. Пра праблемы, чаканні, грошы і г. д. Спачатку было складана знайсці герояў, але пасля некалькіх першых публікацый бізнесмены самі пачалі звязвацца з рэдакцыяй.
- «Моя зарплата» — праект, у якім жыхары Слуцка распавядаюць пра сваё жыццё з фінансавага пункту гледзішча. А фішка — рацэпты ад герояў, ад танных да дарагіх. «Так и живем» — падобная серыя публікацый ад баранавічскай газеты «Intex-press». Пра заробкі і жыццё людзей розных прафесій.
- «Меркаванне знізу» — пакуль нерэалізаваны ў чыстым выглядзе праект. Сутнасць у тым, што ледзь не штотыдзень у Беларусі прымаюцца новыя законы ці ўдакладняюцца старыя. І гэта ўсё кагосьці тычыцца. Журналіст можа весці рубрыку, у якой публічна ці ананімна будуць публікавацца маналогі людзей, якіх непасрэдна закранаюць змены ў заканадаўстве.
- «Месцы» — гэта могуць быць серыі публікацый пра любыя месцы, якія ёсць у горадзе: кавярні, рэстарацыі, басейны, трэнажорныя залы і г. д. Вельмі паспяховы праект такога кшталту атрымалася зрабіць у Брэсце — пра сталоўкі.
- «Тэставанне аграсядзіб» — спецпраект, які выходзіў раз на месяц асобным дадаткам да газеты «Вечерний Гродно». Дарэчы, фармат «Тайнага госця» вельмі паспяхова быў адпрацаваны сайтам Onliner.by. Яны тэставалі рэстарацыі, санаторыі, гатэлі і шмат што яшчэ.
Праблемай пры падрыхтоўцы такіх артыкулаў можа стацца фінансавы бок. Хто будзе аплочваць пражыванне/заняткі/вячэры, калі ў рэдакцыі няма на гэта грошай?
- «Неформальный Слоним 80‑х глазами Францевича» — не спецпраект «Газеты Слонімскай», але цікавая серыя публікацый. Аўтар артыкулаў кажа: «Чалавек, якога ведае літаральна ўвесь горад, распавядае пра мясцовыя нефармальныя з’явы ў часы, калі ён сам быў у авангардзе нефармальнасці».
- «Ажэшка посціла б кветачкі, Цётка — акцыі пратэстаў. Беларускія літаратаркі мінулых стагоддзяў «завялі» Instagram» складана назваць спецпраектам, але як прыклад небанальнага падыходу да тэмы, выпрабаванне новага стылю падачы інфармацыі — глядзіцца цікава, крута і па-сучаснаму. Проста пачытайце.
- «Улицы имени героев» — у Слуцку, напрыклад, больш за пятнаццаць вуліц, названых у гонар удзельнікаў вызвалення Беларусі падчас ВАВ. Журналісты прыходзілі на гэтыя вуліцы і рабілі відэа-апытанкі, маўляў, хто гэты чалавек, у гонар якога назвалі вуліцу? Атрымалася жывенька. І, канешне, інфармацыя пра герояў у артыкуле пасля відэа прысутнічае.
- «История города» распавядае пра… Гісторыю горада! Што б там ні казалі, але гісторыю родных месцаў людзі чытаюць з задавальненнем.
- Яшчэ адна ідэя для спецпраекта: «Напішыце пра мясцовых рэвалюцыянерак! Я ўпэўнены, што раней ніхто гэтым у такім ракурсе не займаўся».
- «In Frame» — спецпраект са Слоніма, у якім мясцовыя жыхары могуць апублікаваць свае некамерцыйныя фотаздымкі. Афармленне старонкі выглядае вельмі крута!
- «Не прошло и года» — серыя публікацый пра маладыя сем’і, якія пабраліся шлюбам прыблізна год таму. Як жывуць? Што цяпер думаюць? Якія складанасці бываюць? Усё гэта цікава. Асабліва ў краіне, якая ўваходзіць ледзь не ў сусветныя лідары па колькасці разводаў.
- «Валанцёрства» — серыя публікацый пра людзей, якія бязвыплатна дапамагаюць іншым людзям.
- «Скарбы гродзенскіх замкаў» публікуюцца прыкладна раз на месяц. У артыкулах распавядаецца пра самыя цікавыя экспанаты, што ёсць у мясцовых музеях. Часта для чытачоў гэта проста адкрыццё!
- «Слонимчане за границей» — спецпраект, які даволі часта сустракаецца ў беларускіх рэгіянальных медыях. Людзям у рэгіёнах заўсёды цікава, як за мяжой уладкаваліся землякі, чым у прынцыпе жывуць.
- «Я худею, дорогая редакция» — гонза-артыкул, вырасшы ў спецпраект «Худеем всем Слонимом», дзе распавядаецца няпростая гісторыя пахуднення. Публічна!
- «Онлайн-беседа» дае чытачам выдання мажлівасць распытаць цікавых людзей па розных тэмах. Людзей, з якімі пры іншых абставінах чытачы маглі б і не пагаварыць.
- «Герой ГС» — серыя артыкулаў «Газеты Слонімскай» пра людзей, пра якіх тая ж газета пісала 10–15 год таму. Як змянілася жыццё герояў? Чым жывуць цяпер? Куды рухаюцца? Што ўзгадваюць пра тыя падзеі, з якіх мінула амаль дзесяцігоддзе?
- «Новая Я» — спецпраект, у якім цырульнікі ды стылісты змяняюць знешні выгляд дзяўчын ды жанчын ледзь да непазнавальнасці.
- «Территория детства» — спецпраект, прысвечаны стану дзіцячых пляцовак у Баранавічах. Актуальна.