• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    25 парадаў, дзе шукаць «у чыстым полі» тэмы і герояў для публікацый

    Дзе шукаць «рыбу ў часы бязрыб'я» — у Баранавічах журналісты склалі спіс, дзе можна знайсці герояў і тэмы для сваіх артыкулаў.

    Мерапрыемства, распрацаванае падчас лідарскага курсу МФЖ-БАЖ, сабрала ў «беларускім Чыкага» мясцовых журналістаў, а таксама калег са Слуцка і Ганцавіч. З Мінска ў якасці экспертаў, працуючых у буйных медыя, падзяліцца вопытам прыехалі Арцём Шрайбман, палітычны аглядальнік партала TUT.BY, і Вікторыя Луд, рэдактар рубрыкі «бізнес» сайта KYKY.ORG.

    Тэма сустрэчы была прапанаваная Слуцкам: «Дзе шукаць тэмы і герояў для публікацый у чыстым полі». Падчас мерапрыемства атрымалася вывесці 28 актуальных парадаў. Сайт БАЖ дзеліцца імі са сваімі чытачамі. Але праз тое, што некаторыя пункты ўзаемазвязаныя, іх у нашай публікацыі будзе крыху менш.

    1. Не ведаеце, пра што напісаць? Схадзіце ў суд і пракуратуру, пачытайце пра справы, якія будуць разглядацца. Там знойдзеце сабе столькі цікавых тэмаў!

    2. Быў прыняты новы закон ці загад, які змяніў чыёсьці жыццё? Схадзіце да чалавека, для каторага нешта змянілася.

    3. Нічога не адбываецца? Развіваем гіпотэзы. «А што калі?..» Можна прывязвацца да немясцовых інфанагодаў.

    4. Працуйце над пэўным цыклам публікацый, спецпраектам ці абагуленай серыяй. Такія цыклы вельмі спрашчаюць жыццё, пазбаўляюць ад пытанняў «Пра што напісаць на наступны тыдзень?» і дысцыплінуюць.

    5. Працуем з новымі фарматамі: «Карткі», «Разбор», «Што гэта значыць?», «Афіцыёз — нармалёвай мовай» і інш. Гэта ўспрымаецца аўдыторыяй «на ўра!». Прыклады можна паглядзець у «Медузы» і TUT.BY.

    6. Абыгрывайце людзей, якія раптоўна чамусьці сталі вядомымі. Можна нават паспрабаваць паўтарыць тое, дзякуючы чаму чалавек стаў вядомым. Журналісцкі эксперымент.

    7. Абавязкова вядзіце календар гістарычных падзеяў і народзінаў вядомых людей. Хоць штогод можна знаходзіць новыя ракурсы для старых тэм.

    8. Вяртацца да тэм і герояў, пра якіх вы раней пісалі. Хто, дзе і што яны цяпер?

    9. Знаходзьце суайчыннікаў за мяжой. Ці бежанцаў у сябе. Распавядайце пра іх.

    10. САЦСЕТКІ. Тое, што тычыцца гэтай формы камунікацыі, на працягу сустрэчы ўсплывала не два і не тры разы. Таму лепш увядзем падпункты:

     

                10.1 Вельмі проста можна знайсці герояў для публікацый у сацыяльных сетках.        

                10.2 Падпішыцеся ў сацсетках на людзей, «якія ў тэме», лідараў меркаванняў. Каб заўжды ведаць усё, што адбываецца ў той ці іншай сферы жыцця.         

                10.3 У газеты «Інфа-Кур’ер» ёсць рубрыка «Падпісчык дня» «УКантакце». Гэтыя міні-публікацыі могуць стаць падставай для вялікага артыкула.

                10.4 Можаце напісаць артыкул пра самых рэйтынгавых людзей «Укантакце» па якой-небудзь прыкмеце. Проста ў пошук па сацсетцы ўводзіце, напрыклад, «Салігорск». І хто гэтыя ТОП‑5 людзей з Салігорска? Вось вам і тэма.

                10.5 Фотападборкі з сацыяльных сетак — тое, што можна зрабіць хутка, танна і будзе чытацца. Цяжка адсачыць? Глядзіце хэштэгі ці нават самі стварайце іх, кажыце пра гэта сваёй аўдыторыі.

    11. Няхай у вас на сайце будзе форма зваротнай сувязі. Адтуль можна шмат чаго ўзяць. І сачыце за каментарамі-абмеркаваннямі, там таксама шмат цікавага.

    12. Развівайце ўласную сетку кантактаў, якія, калі што-небудзь здарыцца, адразу і ў першую чаргу вам паведамяць пра гэта. Але не прывучайце, што вы будзеце рабіць публікацыі на падставе кожнай іхняй інфанагоды, дробнай і нецікавай вашай аўдыторыі. Вы заўжды мусіце ведаць, напрыклад, сваіх рэгіянальных дэмакратычных актывістаў, каб раз-пораз патэлефанаваць ды спытацца, што ў іх адбываецца.

    13. Запісваць усе свае ідэі. Бывае, ідзеш дзе-небудзь — і тут хопа! Геніяльная тэма сама па сабе прыдумалася! Ці калі засынаеце… Не спадзявайцеся на памяць. Запісвайце, каб потым можна было да гэтага вярнуцца.

    14. Працягвайце працаваць над тэмамі, якія нечакана выбухнулі на мінулым тыдні ў вашай медыі. Колькасць праглядаў тых ці іншых публікацый на сайце паглядзець вельмі проста.

    15. Падглядайце за іншымі. Падглядайце за цэнтральнымі і замежнымі медыямі. Пра што яны пішуць? Можаце ўзяць тую ж тэму і адаптаваць яе пад свае рэаліі.

    16. Слухайце выпадковых людей у аўтобусах, паліклініках, на рынках. Пра што зараз гаворыць народ? Што рэальна хвалюе людзей?

    17. Звяртайцеся ў дзяржорганы, афіцыйна ці не. Быць можа, у вашым рэгіёне штосьці гэткае адбываецца, а вы не ведаеце…

    18. Вяртайцеся ў архівы свайго выдання. Пра што вы пісалі 5 год таму? 10? 20? Людзям гэта цікава. Тут можна нават праводзіць параўнанні, маляваць інфаграфіку на падставе статыстыкі «тады і цяпер».

    19. Калі ў вашым горадзе ёсць людзі, якія карыстаюцца папулярнай сеціўнай рацыяй Zel­lo, слухайце і вы іх дыялогі. Там часта можна вельмі аператыўна пачуць пра надзвычайныя здарэнні. І тады выехаць на рэпартаж, а не перадрукоўваць пост-рэліз МНС.

    20. Калі ў вас ужо зусім няма думак, пра што і як напісаць артыкул, скарыстайцеся… Гуглам! Проста ўвядзіце любое слова з галавы ў пошук, пачытайце некалькі спасылак. Будзьце ўпэўненыя, штосьці свежае ў вашу галаву абавязкова прыйдзе!

    Плённай працы і натхнення!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці