Адукацыйны курс «Журналісцкае расследаванне: новыя трэнды і метады» (рэгістрацыя да 28 студзеня)
Бясплатны дыстанцыйны курс па журналістыцы расследаванняў ад ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Усе, хто хоча даведацца больш пра практыку журналісцкіх расследаванняў, могуць прайсці гэты анлайн-курс, які вучыць знаходзіць схаваную праўду.
Сучасныя журналісты маюць зручную і эфектыўную камп’ютарную зброю, якая дапамагае здабываць нават добра прыхаваную інфармацыю. Новыя тэхналогіі даюць магчымасць беларускім журналістам не толькі даведацца, хто з чыноўнікаў жыве ў шыкоўных драздоўскіх катэджах за высокім плотам, але і знайсці хітрых карупцыянераў у далёкіх замежных афшорах.
Засвоіць гэтыя найноўшыя прыёмы, а таксама узяць на ўзбраенне класічныя спосабы дакапацца да сутнасці, можна будзе падчас курсу «Журналісцкае расследаванне: новыя трэнды і метады».
Вядомыя журналісты-расследавальнікі падзеляцца досведам, арыгінальнымі ідэямі, а таксама новымі следчымі метадамі і інструментамі.
Сярод іншага ўдзельнікі курсу даведаюцца:
- Як шукаць тэмы расследавання
- Як «раскалоць» маўклівых суразмоўцаў
- Як удасканаліць дэтэктыўныя здольнасці
- Які алгарытм дапаможа прайсці ўвесь шлях ад ідэі матэрыялу да яго публікацыі.
На занятках навучэнцы таксама атрымаюць інсайдарскія падказкі:
- Як знайсці спецыялізаваныя сайты, каб вывудзіць адтуль патрэбную інфармацыю
- Як карыстацца базамі звестак, створанымі журналістамі-расследавальнікамі
- Як карыстацца пошукавымі сістэмамі
- Як зрабіць свае камунікацыі бяспечнымі
Журналісцкае расследаванне – цяжкая і нярэдка рызыкоўная справа. Але варта памятаць, што не святыя гаршкі лепяць. Прыходзьце, каб навучыцца раскопваць тое, што хтосьці намагаецца ўтаіць ад грамадства!
Асноўны трэнер па курсу — Мікола Дзябёла.
ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА: журналісты, студэнты факультэтаў журналістыкі.
АПІСАННЕ КУРСА: Курс «Журналісцкае расследаванне: новыя трэнды і метады» распачнецца 3.02.2018 устаноўчай сесіяй ў Мінску і завершыцца 1.04.2018 майстар-класам замежнага трэнера ў Вільні. Паміж гэтымі датамі пройдуць чатыры дыстанцыйных модуля і адзін трэнінг-інтэнсіў.
Удзел у курсе бясплатны, але колькасць удзельнікаў абмежаваная.
Падаць заяўку на ўдзел у курсе можна да 28 студзеня, 24:00.