Бабруйчане распачалі конкурс буктрэйлераў “Глядзі і чытай” па творах Алеся Адамовіча
Прыём заявак ужо ідзе. Арганізатары — ініцыятыва “Прыпынак Адамовіча” сумесна з бабруйскай суполкай ГА “БАЖ”.
Што такое буктрэйлер і чаму Адамовіч?
Буктрэйлер — гэта не проста анонс да кнігі, гэта кароткае аўтарскае відэа, якое інтрыгуе, чапляе, заахвочвае гледача прачытаць кнігу.
“Свет змяняецца вельмі хутка, але, нягледзячы на гэта, у творах Алеся Адамовіча падымаецца шмат тэм і праблем, актуальных дагэтуль, — кажуць арганізатары конкурсу. — Каб прыцягнуць яшчэ больш увагі да тэкстаў нашага земляка, каб на працы гэтага аўтара звярнула сваю ўвагу моладзь, мы прапануем аб’яднаць літаратуру і тэхналогіі”.
Як прыняць удзел у конкурсе?
Падаць заяўку могуць усе жадаючыя. Узрост і ўзровень валодання камерай, мантажом не маюць значэння. Але найперш цікава і карысна паўдзельнічаць будзе:
- аматарам творчасці Алеся Адамовіча — падзяліцеся сваімі ўлюбёнымі кнігамі з іншымі праз відэавобразы;
- пачынаючым рэжысёрам, сцэнарыстам, аператарам — заявіце пра сябе ў творчай супольнасці Беларусі;
- школьнікам і студэнтам — перадайце свае эмоцыі ад твораў Алеся Адамовіча праз мабільнае кіно;
- блогерам — прасоўвайце сябе і свой блог праз кантэнт новага фармату.
Як стварыць буктрэйлер і прыняць удзел у конкурсе?
- Выбраць твор Алеся Адамовіча.
- Вызначыцца з фарматам і тэматыкай (гульнявы, анімацыйны, канцэптуальны і г. д.).
- Напісаць сцэнар і раскадроўку.
- Зняць відэа, запісаць аўдыё, падабраць ілюстрацыі і зрабіць подпісы (пры неабходнасці).
- Змантаваць канчатковы варыянт буктрэйлера.
- Азнаёміцца з правіламі правядзення Конкурсу і запоўніць анкету ўдзельніка да 15 ліпеня 2019 года ўключна.
- Верыць у перамогу і чакаць вынікаў конкурсу.
- Увосень 2019 года прыехаць на ўрачыстую прэзентацыю на малой радзіме Алеся Адамовіча ў Глушы, пазнаёміцца з аднадумцамі, атрымаць узнагароду і / ці парадаваццца за калег.
Прызы і бонусы для пераможцаў і ўдзельнікаў
Прыём заявак на конкурс працягнецца да 15 ліпеня 2019 года. Пераможцы будуць вызначаныя ў трох намінацыях:
- Лепшая ідэя / сцэнар для буктрэйлера
- Лепшая аператарская праца і мантаж
- Гран-пры за лепшы сцэнар і тэхнічнае выкананнне
Сярод журы — прадстаўнікі як літаратурнай супольнасць Беларусі, так і кінаіндустрыі.
Пакуль жа, да сканчэння конкурсу і вызначэння пераможцы, запланаваныя майстар-класы і сустрэчы з рэжысёрамі і літаратарамі, а таксама экскурсіі на малую радзіму Алеся Адамовіча ў вёску Глуша.
Там жа на этнаграфічным фестывалі “Глушанскі хутарок” на пачатку восені 2019 года будуць прэзентаваныя і ўзнагароджаныя найлепшыя працы канкурсантаў.
Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы, а таксама вядомасць, бо конкурс будзе шырока асвятляцца ў медыях. Акрамя таго, удзел у конкурсе і запланаваных у межах яго сустрэчах і майстар-класах дапамогуць атрымаць новыя веды, падвысіць майстэрства.
Вярнуць імя Алеся Адамовіча з забыцця
Конкурс буктрэйлераў — гэта ўжо не першая актыўнасць, звязаная з імем пісьменніка, якую ладзяць актывісты ініцыятывы “Прыпынак Адамовіча” і бабруйскія “бажаўцы”. Летась яны дамагліся ператварэння звычайнага аўтобуснага прыпынка ў вёсцы Глуша пад Бабруйскам у арт-аб’ект, прысвечаны Адамовічу, сабралі сродкі на помнік пісьменніку. Сёлета ў студзені, да 25-годдзя са дня смерці літаратара, бабруйская суполка ГА “БАЖ” правяла вечарыну памяці. Журналісты прэзентавалі адмыслова створаны мультымедыйны праект і фільм пра тое, як неабыякавыя бабруйчане імкнуцца вярнуць імя Алеся Адамовіча з забыцця. У вечарыне прыняла ўдзел дачка пісьменніка Наталля Адамовіч.
У далейшых планах каманды — стварэнне музея ў будынку былой аптэкі, дзе працавала маці пісьменніка, турыстычнай інфраструктуры, брэнда для вёскі Глуша і Бабруйшчыны, звязанага з імем і творчасцю Алеся Адамовіча. З ідэяй інтэрактыўнай экскурсіі па творах Адамовіча каманда цяпер удзельнічае ў конкурсе “Social weekend”.
Сачыце за навінамі пра конкурс у сацсетках: