Беларускі дзень у Кангрэсе ЗША і бел-чырвона-белы сцяг на ўрадавых будынках. Як жылі і пра што марылі беларускія паваенныя эмігранты
У спецпраекце «Паралелі» Budzma.org размаўляе з гісторыкам і архівістам Наталляй Гардзіенка пра паваенную і сённяшнюю хвалі эміграцыі. Што яднае, здаецца, такія далёкія па часе беларускія хвалі эміграцыі? Якія істотныя адрозненні ў стане змушаных перасяленцаў тады і цяпер? Ёсць што пераймаць, ёсць над чым падумаць, каб не паўтараць памылак.
Што рабіць далей, калі эміграцыя зацягнецца? На што арыентавацца? Ці хвалявалі падобныя пытанні паваенных эмігрантаў? Што яны рабілі, каб трымаць беларускае пытанне на парадку дня? Як можна скарыстаць іх досвед сёння?
Хваля 2020-га: аб’яднаўчы ўнёсак і нарастанне стомленасці
2020 год сапраўды вельмі паспрыяў аб’яднанню ў тым ліку беларусаў, якія раней не выяўлялі, жывучы на Захадзе, ніякай сваёй беларускасці і актыўнасці, нарадзіў іх імкненне згадаць пра карані, аб’ядноўвацца і нешта рабіць. Гэта сапраўды вельмі важны фактар.
Але час сыходзіць, і тая ж стомленасць ад таго, што няма ніякіх вынікаў, нарастае. І напэўна, трэба, каб з’яўляліся аўтарытэты, якія б тлумачылі, а што рабіць далей. Як і чым жыць, калі сітуацыя ў Беларусі не зменіцца, а эміграцыя зацягнецца? Вакол чаго гуртавацца, калі мы не ведаем, калі зможам вярнуцца?
Паваенныя эмігранты намагаліся для сябе гэта фармуляваць, нягледзячы на тое, што яны таксама вельмі чакалі вяртання, асабліва ў першыя гады на чужыне.
Спадзеў на хуткую перамогу
Паваенныя эмігранты спадзяваліся на тое, што будзе вайна з Савецкім Саюзам і што СССР разваліцца. І, між іншым, як і цяпер, таксама было багата публікацый наконт таго, што Савецкі Саюз і Расія не змогуць заставацца далей такімі, як ёсць, што яны распадуцца на нацыянальныя рэгіёны. У канцы 1940‑х гадоў пісаліся вялікія артыкулы-развагі пра тое, якія новыя дзяржавы з’явяцца на тэрыторыі Расіі і будуць незалежныя.
Гэтая візія аказалася фантомам, на жаль. Тым не менш гэта ўсё абмяркоўвалася, у тым ліку і магчымыя геапалітычныя сітуацыі для Беларусі — з кім і як трэба аб’ядноўвацца, на якіх падставах… Гэта таксама цікавая спадчына той эміграцыі, асабліва калі параўнаць, як тады бачыўся свет з удзелам незалежнай Беларусі, з тым, як гэта бачыцца палітыкамі-эмігрантамі сёння. Напэўна, для сучасных палітычных дзеячаў карысна было б уяўляць, якія знешнепалітычныя ідэі існавалі ў той час.
Місія — зрабіць Беларусь бачнай у заходнім грамадстве
Сама палітычная дзейнасць, палітычная рэпрэзентацыя паваенных эмігрантаў зыходзіла якраз з разумення іх місіі — зрабіць Беларусь бачнай у заходнім грамадстве, трымаць на парадку дня беларускае пытанне, пытанне беларускай незалежнасці, тлумачыць, што Беларусь паняволеная Масквой, што гэта не самастойная дзяржава, а яна мусіць быць самастойнай і незалежнай.
З гэтага сыходзілі беларусы ў сваёй палітычнай рэпрэзентацыі ў розных краінах. Яны намагаліся наладжваць кантакты з палітыкамі рознага ўзроўню ад мясцовых да найвышэйшых. Былі беларусы асабіста знаёмыя з амерыканскімі прэзідэнтамі.
25 сакавіка — беларускі дзень у розных краінах
Актывісты дыяспары прасоўвалі беларускае пытанне на розных палітычных мерапрыемствах.
Дамагліся, каб у Кангрэсе ЗША адзначаўся дзень 25 сакавіка, каб выступалі на гэты конт сенатары, каб малітву за Беларусь там ладзілі, каб гэта потым усё публікавалася на старонках Кангрэсавых запісаў. І гэта рабілі і ў Брытаніі (беларускія прыняцці ў Парламенце), і ў Канадзе. Хто меў магчымасці знаходзіць кантакты з палітыкамі, той гэта і рабіў.
Думаю, сёння таксама было б добрым знакам, каб 25 сакавіка ў розных краінах афіцыйныя ўлады абвяшчалі беларускім днём, вывешвалі бел-чырвона-белы сцяг над галоўнымі адміністрацыйнымі будынкамі ў гонар нашага свята. А гэта ж было ад 1960‑х гадоў і да пачатку 1990‑х. Традыцыя гэтая была і важная, і сімвалічная.
Удзел беларусаў у руху паняволеных народаў
Беларусы вельмі актыўна ўдзельнічалі і ў Руху паняволеных народаў, гэта быў грунт для аб’яднання эмігрантаў розных нацыяў, наладжваліся кантакты, праводзіліся супольныя імпрэзы. І ўдзел у Тыднях паняволеных народаў быў нагодай ізноў жа нагадаць пра беларускае пытанне, што беларусы таксама мусяць быць важныя і што трэба ўлічваць іх інтарэсы.
Тыдзень паняволеных народаў праводзіў створаны ў 1958 годзе Камітэт паняволеных народаў. Правядзенне Тыдня заканадаўча замацавана прынятым у 1959 годзе Кангрэсам ЗША законам, які гаворыць: «Кожны трэці тыдзень у ліпені абвяшчаецца прэзідэнтам Злучаных Штатаў як Тыдзень, прысвечаны паняволеным нацыям, што пазбаўленыя свабоды й права на бесперашкоднае вызначэнне свайго лёсу шляхам выбараў ды іншых дэмакратычных працэдураў. Злучаныя Штаты, адстойваючы прынцыпы свабоды й незалежнасці па ўсім свеце, выказваюць сваю падтрымку народам, што пакутуюць пад панаваннем тыранічных, камуністычных сілаў». Неўзабаве гэткія Тыдні сталі праводзіцца і ў іншых краінах.
Усю гэтую актыўнасць можна ацэньваць па-рознаму ў сэнсе вынікаў. Але тое, што на пачатку 1990‑х гадоў незалежную Рэспубліку Беларусь вельмі хутка прызналі найбуйнейшыя краіны, — мне здаецца, гэта адзін з вынікаў той працы беларускіх эмігрантаў, якія пасля Другой сусветнай вельмі актыўна дзейнічалі, каб замежныя палітыкі прынамсі ўяўлялі, што такое Беларусь.
Як захоўвалі памяць пра рэпрэсаваных
Памяць пра рэпрэсаваных — гэта сапраўды вельмі важны аспект дзейнасці ў эміграцыі. Гэта і частка палітычнай дзейнасці і частка нацыянальнай дзейнасці ўнутры самой эміграцыі, бо тым, хто апынуўся на Захадзе, было важна захаваць памяць пра рэпрэсаваных суродзічаў.
Гэта быў час, калі рэпрэсіі ў Савецкім Саюзе працягваліся. Збіраць звесткі магчыма было толькі ад відавочцаў, ад сведкаў, якія ведалі, каго калі забралі. І вось гэты працэс складання спісаў рэпрэсаваных беларусаў, ахвяраў бальшавіцкага рэжыму, ці маскоўскага тэрору, быў вельмі важным для таго, каб і аб’ядноўваць грамаду вакол памяці пра гэтыя ахвяры, і паказваць, што беларуская незалежнасць ужо запатрабавала даволі багата ахвяраў, што яна выпакутаваная, і таму мусіць быць рэалізаваная.
Гэты дыскурс нацыі-ахвяры фармаваўся на эміграцыі і быў вельмі важны ў рэпрэзентацыі беларусаў для заходняга грамадства, каб паказаць, колькі мы ўжо выпакутавалі, колькі беларусаў загінула за беларускую ідэю.
І сёння тое, што адбываецца ў Беларусі ў сэнсе рэпрэсій, і тое, што эміграцыя намагаецца і падтрымоўваць і сваякоў, і ахвяраў, і весці нейкі ўлік палітвязняў, гэта дзейнасць, якую можна бачыць як пераемнасць ад той эміграцыі.
Магчымасць рабіць тое, што немагчыма ў самой Беларусі
Эміграцыя, пры ўсіх мінусах гэтага становішча, усё ж дае магчымасць рабіць тое, што немагчыма ў самой Беларусі. І паваенныя эмігранты гэтым актыўна карысталіся і ў палітычным плане, і ў культурніцкім. Прасоўвалі беларускую несаветызаваную культуру, друкавалі творы рэпрэсаваных пісьменнікаў, якія немагчыма было надрукаваць у самой Беларусі.
У 1950‑х гадах беларусы выдалі на Захадзе творы Лукаша Калюгі, Андрэя Мрыя, нецэнзураванага Купалу, Уладзіміра Жылку.
Тое, што для самой Беларусі тады было немагчыма, брала на сябе эміграцыя з тым, каб гэта захавалася і засталося для агульнай беларускай культуры.
Гэта таксама з каштоўнага набытку беларускай паваеннай эміграцыі, з таго досведу, які варта асэнсоўваць з улікам сённяшняга часу.
Ахвяраванні ў падтрымку сваіх
У паваеннай эміграцыі важным лічылі падтрымоўваць сваіх, асабліва творцаў. Гэта бачна па стаўленні да кніг, выдавецтваў і аўтараў. Нават калі ты не вельмі цікавішся тым ці іншым пісьменнікам, лічылася важным падтрымаць, бо гэта беларускае, бо гэта пашырэнне беларускага слова. Ты можаш сам не чытаць, але аддаць у мясцовую бібліятэку. Грантаў на кнігі не давалі, гэтага панятку і з’явы яшчэ не было, таму найчасцей збіраліся ахвяраванні.
Была звычка, асабліва калі праходзіць культурніцкае мерапрыемства, выступ нейкага літаратара, збіраць грошы на кнігі, на падтрымку.
На пачатку 2000‑х у часе паездак па беларускіх асяродках і я гэта заспела. Гэта было вельмі жывой часткай культурніцкай дзейнасці і падтрымкі сваіх у асяроддзі беларускіх эмігрантаў. І гэта тое, што працягвае фактычна і сённяшняя эміграцыя ў розных формах.
Як кантактавалі з тымі, хто застаўся на Радзіме
У паваенных эмігрантаў заставаліся часта сваякі ў Беларусі. Шмат хто баяўся за тое, што сваякі пацерпяць праз актыўную дзейнасць родных на эміграцыі, таму пазбягалі публічнасці. Можна згадаць прыклад гісторыка права Льва Акіншэвіча, які друкаваўся пад псеўданімамі і намагаўся не ангажавацца ў гучныя грамадскія мерапрыемствы.
Зразумела, што тых сваякоў, што засталіся ў Беларусі, часам выкарыстоўвалі спецслужбы для агітацыі суродзічаў-эмігрантаў на вяртанне. І тым не менш эмігранты імкнуліся наладжваць сямейныя кантакты і дасылаць розныя варыянты падтрымкі, пасылкі ў Беларусь.
Ужо ад сярэдзіны 1950‑х больш-менш наладзіліся сталыя кантакты. Звычайна гэта ішло праз Польшчу, праз сваякоў у гэтай краіне перадавалі нешта, перасылалі ў Беларусь. Вядома, што, прыкладам, Ларысе Геніюш дасылалі лекі і рэчы, а яна дасылала на Захад свае вершы. У 1970‑х некаторыя беларусы ўжо ездзілі ў Польшчу як турысты і там сустракаліся са сваякамі. А хтосьці з эмігрантаў у той час і ў Савецкі Саюз ездзіў, шукалі розныя варыянты падтрымкі стасункаў з роднымі. Аднак пры гэтым дзейнічала і афіцыйная прапаганда, якая выстаўляла ўсіх, хто з’ехаў, здраднікамі, калабарантамі, фашыстамі і гэтак далей. І гэта ўсё таксама можа быць прыкладам, як яно працавала тады і як працуе сёння, ці змяніліся метады ці, як кажуць, метадычкі ад тых часоў.
Нягледзячы на тое, колькі бруду вылівалася на дзеячаў беларускай эміграцыі прапагандай, як толькі з’явілася магчымасць на пачатку 1990‑х, яны сталі актыўна дапамагаць Беларусі, ездзіць у Беларусь, падтрымліваць розныя ініцыятывы: і палітычныя, і культурніцкія.
Чарнобыльская дапамога
Гэта таксама вялікая частка гісторыі беларускай эміграцыі. Была інфармацыйнай кампанія з боку навукоўцаў, каб патлумачыць, што ад Чарнобылю пацярпела не толькі Украіна (як падавалі нашыя паўднёвыя суседзі), але і Беларусь. Збіраліся сродкі на набыццё лекаў, абсталявання, арганізоўваліся аздараўленчыя паездкі для беларускіх дзяцей у ЗША, Канаду, Аўстралію, Брытанію. Гэта рабілася з ініцыятывы і намаганнямі менавіта беларускіх эмігрантаў.
Надзвычай важны досвед і паказчык таго, што нават праз 40 амаль гадоў жыцця на Захадзе людзі не згубілі цікавасці да таго, што адбывалася ў Беларусі.
Яны не маглі, хоць некаторыя і хацелі, у 1990‑х гадах пераехаць у Беларусь зноў на сталае жыццё. Было шмат прычынаў, у тым ліку і тое, што на пачатку 1990‑х пенсіянера з Захаду на радзіме чакалі заўважныя цяжкасці. Немагчыма было ні ўласнасць набыць, ні на працу ўладкавацца ці нейкі мець афіцыйны статус.
Але цікавасць і жаданне дапамагаць, удзельнічаць былі сапраўды вельмі моцныя. І гэты досвед дачыненняў беларуса і метраполіі таксама цікавы можа быць сёння, у тым ліку для разумення перспектываў не вельмі прыемных, калі эміграцыя зацягнецца.
Чытайце яшчэ:
Людзі з’язджаюць, але ствараюцца і развіваюцца новыя праекты: як жыве суполка беларускіх медыйшчыкаў у Батумі
Псіхолаг: за год чалавек здольны перажыць траўму эмігранта
Ніякіх Турцыі, Арменіі і Казахстана. У якія краіны не варта ехаць, калі баіцеся затрымання і экстрадыцыі
Наталля Гардзіенка — беларуская гісторык, архівіст. Кандыдатка гістарычных навук.
Скончыла Ліцэй БДУ. У 1994 годзе паступіла на гістарычны факультэт БДУ, спецыялізавалася на кафедры гісторыі Беларусі Старажытнага часу і Сярэдніх вякоў, займалася беларускай гісторыяй XVIII стагоддзя. У 2003 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Становішча жанчыны-шляхцянкі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVIII ст.».
З 2002 года займаецца гісторыяй беларускай эміграцыі. Аўтарка кніг «Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары» (Мінск, 2004), «Беларусы ў Вялікабрытаніі» (Мінск, 2010), «Рада БНР, 1947–1970: Падзеі. Дакументы. Асобы» (разам з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2013), «Рада БНР, 1970–1982: Падзеі і дакументы» (разам з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2014), «Рада БНР 1982–1997: Падзеі. Дакументы. Асобы» (разам з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2015), «Хронікі БІНіМу» (разам з Лявонам Юрэвічам, Мінск, 2017) і каля 100 артыкулаў.
Была сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Беларускага ПЭН-Цэнтра, сябрам управы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». З 2004 года рэдактарка альманаха «Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва». Удзельнічала ва ўкладанні і рэдагаванні кніг серый «Беларуская мемуарная бібліятэка», «Бібліятэка Бацькаўшчыны», «Галасы Айчыны».