Беларускія арганізацыі ў Польшчы могуць атрымаць фінансаванне сваіх праектаў (дэдлайн — 17 студзеня)
Заяўкі можна падаць да 17 студзеня 2025 года.
Фінансавыя сродкі на інтэграцыйныя праекты для іншаземцаў, якія пражываюць у Польшчы, атрымаюць няўрадавыя арганізацыі. Ужо пачаўся прыём заявак.
Міністр па справах грамадзянскай супольнасці Адрыяна Пароўска паведаміла, што бюджэт усяго праекту складае 60 млн злотых (больш за 14 млн еўра ў эквіваленце). Яна расказала, на якія праекты могуць быць прызначаныя грошы.
— Гэта праекты па навучанню іншаземцаў польскай мове, грамадзянскія курсы, адукацыйныя праграмы, падтрымка на рынку працы, лакальныя ініцыятывы і павышэнне кваліфікацыі дзяржаўнай адміністрацыі, якая працуе з іншаземцамі.
90% сродкаў паступіць з фондаў Еўрасаюза. Заяўкі на праекты прымае Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ў супрацоўніцтве з Міністэрствам па пытаннях сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі.
Заяўкі можна падаць да 17 студзеня 2025 года. Дамовы на рэалізацыю праектаў будуць падпісаныя ў перыяд з сакавіка па чэрвень.
Усю неабходную інфармацыю можна знайсці на сайце Дэпартамента еўрапейскіх фондаў МУС.