• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускія кнігі ў замежжы — дзе можна набыць?

    12 анлайн-пляцовак, якія распаўсюджваюць беларускую літаратуру па ўсім свеце.

    Крыніца фота: budzma.org

    У апошнія гады значная частка беларусаў вымушана апынулася за мяжой. Відавочна, што ў большасці выпадкаў людзі не маюць магчымасці перавезці кнігі з хатніх бібліятэк. Таму паўстае пытанне, дзе набыць кнігі на беларускай мове.

    Аўтар-выканаўца і мастак Ілля Фаляжынскі склаў падборку з 12 сайтаў беларускіх выдавецтваў і інтэрнэт-кнігарняў, дзе беларусы замежжа могуць набыць кнігі па-беларуску. Пра некаторыя з іх вы чулі, а пра нейкія, магчыма, не ведаеце.

    1. Кнігаўка

    Кнігарня «Кнігаўка» ў Мінску зачынілася менш чым праз суткі працы. У 2023 годзе выдавецтва запусціла новую інтэрнэт-кнігарню, а 6 лютага 2024 года адкрылася таксама варшаўская «Кнігаўка».

    Кнігі — на любы густ: у асартыменце кнігарні як творы вядомых і сучасных беларускіх аўтараў, як Альгерд БахарэвічГанна ЯнкутаЕва Вежнавец і іншыя, а таксама пераклады сусветнай літаратуры. Сярод іх, напрыклад, «Уладар пярсцёнкаў» Дж. Р. Р. Толкіена, «Вядзьмар» А. Сапкоўскага, «Гары Потэр» Дж.Роўлінг, «Вялікі Гэтсбі» Ф.Фіцджэральда. Ёсць і дзіцячыя кнігі на беларускай мове. У сакавіку выйшаў з друку беларускі пераклад польскамоўнай кнігі Ціны Азевіч «Што робяць пачуцці?» і другая частка фэнтэзійна-прыгодніцкага раману Валера Гапеева «Вольнеры». З нядаўняга часу на сайце можна купляць і электронныя кнігі.

    2. Kamunikat

    Па-першае, Kamu­nikat — найбуйнейшая беларуская інтэрнэт-бібліятэка, якая налічвае ўжо больш за 55 тысяч розных беларускіх выданняў: кніг, аўдыякніг, часопісаў, газет і г. д. Фундацыя kamunikat.org займаецца выданнем кніг з 2021 года, а сярод аўтараў ужо больш за 20 папулярных беларускіх пісьменнікаў. У інтэрнэт-кнігарні можна набыць шэраг папяровых выданняў: кнігі Уладзіміра НякляеваВіктара Марціновіча, Ганны Янкута, ажно пяць кніг Уладзіміра Арлова, кнігу «(Не)расстраляныя» — пра беларускіх пісьменнікаў, расстраляных у 1937 годзе, ці «Кнігу могілак» — пра беларускія пахаванні ў свеце.

    3. Алфавіт

    Сярод раздзелаў з кнігамі на розных мовах на гэтым сайце можна знайсці і кнігі па-беларуску. Асартымент прадстаўлены кнігамі выдавецтва «Папуры»: серыя «Мая беларуская кніга», розныя выданні твораў Уладзіміра Караткевіча, пераклады замежных аўтараў, дзіцячая літаратура і інш. Дастаўка дзейнічае па ўсім свеце.

    4. Vesna

    Ves­na — незалежнае выдавецтва, задуманае як прадаўжальнік традыцыі беларускага кнігадрукавання ў Празе, якое выдае якасную арыгінальную і перакладную літаратуру. Гісторыя праекта пачалася 4 гады таму з выхаду рамана Мойшы Кульбака «Панядзелак», перакладзенага на беларускую мову адным з заснавальнікаў выдавецтва Сяргеем Шупам. Ёсць кнігі Альгерда Бахарэвіча, Юлі ЦімафеевайДжорджа Оруэла і іншых. Нядаўна з літоўскай мовы быў перакладзены раман Юргіса Кунчынаса «Туўла».

    5. Gutenberg Publisher

    Маладое выдавецтва, заснаванае беларусамі, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Сярод першых выданняў — адрыўны каляндар-слоўнік «Мова вольных: 365 родных слоў» (365 беларускіх слоў з перакладам на ўкраінскую, польскую і англійскую мовы), пазл «Бітва пад Воршай 1514» (1000 штук) і «Беларускі народны соннік». Цікава, што выдавец распрацаваў знак «No AI Con­tent Inside», які прызначаны для абазначэння кантэнту, створанага чалавекам без дапамогі штучнага інтэлекту.

    Асноўныя напрамкі дзейнасці — выданне навуковай, навукова-папулярнай, даведачнай і мастацкай літаратуры, стварэнне факсіміле карт і гравюр, выраб сувенірнай прадукцыі і элементаў інтэр’еру.

    Нядаўна выйшлі з друку вершы ўнікальнай паэткі ХХ стагоддзя Машы Калека і беларускі пераклад «Гражыны» Адама Міцкевіча

    6. 34 літары

    Гэты сайт з’яўляецца інтэрнет-кнігарняй, якая дастаўляе кнігі на розных мовах па ўсім свеце. У раздзеле беларускіх кніг можна знайсці творы беларускіх і замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову, а таксама каштоўную дзіцячую літаратуру.

    7. Skaryna Press 

    Ігар Іваноў заснаваў у Лондане беларускае выдавецтва Skary­na Press. Першай кнігай выдавецтва сталі «Апавяданні з Бейрута» ўкраінскага пісьменніка Агатангела Крымскага. Выйшла не толькі шмат кніг розных жанраў, але і рэпрадукцыі шасці фотаздымкаў з этнаграфічнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага, а неўзабаве павінен выйсці слоўнік кінатэрмінаў па-беларуску.

    8. Słowianka

    Słowian­ka — гэта моўная школа ў Варшаве, якая прапануе заняткі па беларускай, украінскай і рускай мовах. На іх сайце можна знайсці некалькі дзіцячых кніжак па-беларуску, напрыклад, «Ашуканцы» Яны Вольскай ці казку «Кропля ў космасе» Маляваныча.

    9. Літарка

    Гэты сайт адрозніваецца ад папярэдніх тым, што ён дастаўляе кнігі ў Злучаныя Штаты. Сярод самых папулярных кніг мінулага года кнігарня залічвае «Радзіму — ілюстраваную гісторыю Беларусі ад Рагнеды да Касьцюшкі» на англійскай мове Уладзіміра Арлова, «Сабак Эўропы» і «Апошнюю кнігу пана А.» Альгерда Бахарэвіча, «Радзіва Прудок» Андруся Горвата, але гэта дакладна не ўсе цікавыя кнігі, якія можна набыць.

    10. 33 кнігі для іншай Беларусі

    Мэта гэтай ініцыятывы — даць магчымасць апублікаваць як мінімум 33 творы, якія ў цяперашніх умовах не могуць пабачыць свет у Беларусі. На сайце можна азнаёміцца са спісам літаратуры, якая ўжо выйшла, а таксама той, што з’явіцца ў будучыні. Сярод прэзентаваных кніг — анталогія «Нетутэйшыя: Rever­sion», «Слоўнік вайны» Астапа Слывіньскага, а таксама эсэ «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча і сатырычны раман «Радзіна» Збыха Слупоўскага.

    11. Мяне няма

    Гэта сайт незалежнага выдавецтва, якое друкуе творы сучасных беларускіх пісьменнікаў. Дзве кнігі ўжо ёсць: «Мяне няма» Валянціна Акудовіча і «Забыць у электрычцы» Сяргея Краўчанкі. Можна не сумнявацца, што наперадзе не менш цікавыя публікацыі.

    12. Sovabooks

    Кнігарня існуе як анлайн, так і стацыянарна ў Варшаве. Тут можна набыць кнігі на беларускай, украінскай і рускай мовах. У раздзеле з кнігамі па-беларуску можна знайсці кнігі дзіцячай і класічнай беларускай літаратуры выдавецтва «Папуры».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці