• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Франак Вячорка: Давер да СМІ падае, а да асобаў — расце. Станавіцеся аўтарытэтамі для іншых

    Што звязвае Аляксандру Герасіменю, Антона Матольку, Ганну Бонд і Эдуарда Пальчыса? Ці сапраўды лідары думак у сацсетках пераплюнуць па ўплыву традыцыйныя СМІ? Як ствараць сваіх герояў для беларусаў?

    HrodnaMediaRoom запрасіў на дыскусію экспертаў: Франака Вячорку, Андрэя Елісеева, Мікалая Кванталіяні і Эдуарда Пальчыса. Яны паразмаўлялі з гарадзенцамі пра змены ў медыяспажыванні аўдыторыі і лічбавых аўтарытэтаў Беларусі.

    Прыводзім самыя цікавыя цытаты.

    Лідары думак байнэту: хто яны?

    Дырэктар па даследаваннях аналітычнага цэнтру EAST, сябра сеткавай групы экспертнай структуры iSANS Андрэй Елісееў прэзентаваў рэйтынг самых уплывовых лічбавых інфлюэнсераў Беларусі — лідараў меркаванняў у сацыяльных сетках, а таксама распавёў пра сваё даследванне антыбеларускай прапаганды ў інтэрнэце.

    Даследванне інфлюенсераў ахоплівае 10 краін Усходняй Еўропы і Балкан, у тым ліку Беларусь. Ініцыятарам даследавання выступіла парасонавая арганізацыя Dig­i­tal Com­mu­ni­ca­tion Net­work (DCN), якая мае прадстаўнікоў у 27-мі краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Каўказа і Балканах. Рэйтынг стаў адказам на ўзмацненне праблемы дэзінфармацыі і фэйкавых навінаў.

    Продвижение «русского мира» идет через белорусские ТВ-каналы

    “Мы вызначылі інфлюенсераў як асобу ці групу людзей, арганізацыі, якія ўздымаюць грамадска-значныя тэмы, сацыяльныя праблемы, уплываюць на грамадскую думку. Разглядалі такія платформы як Face­book, Twit­ter, Youtube, часткова Insta­gram. Аналізавалі, як інфлюенсер працуе з аўдыторыяй, якія тактыкі і стратэгіі выбірае, хто гэтыя людзі –— ці яны былі раней журналістамі і прыйшлі з традыцыйных медыя, альбо адразу “стрэлілі” ў сацсетках”, — распавёў Андрэй Елісееў.

    Згодна з рэйтынгам, у Беларусі большасць інфлюенсераў — гэта блогеры (65%, напрыклад, Сцяпан Святлоў (Тэлеграм-канал NEXTA), Эдуард Пальчыс, Ганна Бонд). Ёсць і журналісты (Дзяніс Блішч, Алесь Пілецкі), актывісты (Антон Матолька), палітыкі, паблікі з палітычным гумарам, знакамітасці, інтэлектуалы і бізнес. Сярод “селебрыці” большасць — спартсмены (напрыклад, Віталь Гуркоў, Аляксандра Герасіменя, Меліціна Станюта).

    Вельмі мала інтэлектуалаў — у спісе толькі пісьменнік Віктар Марціновіч. Гэта сімптаматычна.

    Беларускія інтэлектуалы пазбягаюць сацыяльных сетак, мяркуюць, што гэта зло, замест таго, каб іх адаптаваць і выкарыстоўваць.

    Падрабязней з даследваннем і рэйтынгам можна азнаёміцца ТУТ.

    Шмат пытанняў выклікаў праведзены Андрэем Елісеевым аналіз расійскай прапаганды ў Беларусі. З 2016 года колькасць актыўных сайтаў, якія рэгулярна размяшчаюць публікацыі пра Беларусь з дэзынфармацыяй, павялічылася да сарака. Паўтара дзясятка з гэтых сайтаў стварылі для Беларусі, а 8 — адмыслова для прапаганды ў беларускіх рэгіёнах, што стала новым механізмам уплыву на грамадскую думку, фарміравання альтэрнатыўнага парадку дня.

    Sozh.info, Dranik.org, Vitbich.org, Berest­je-News, GrodnoDai­ly, Mogilew.by — у кожным рэгіёне ў апошнія гады з’явіўся сайт з пракрамлёўскай рыторыкай. Усе яны агрэсіўна прасоўваюць ідэі “рускага свету”. Большасць матэрыялаў на гэтых рэсурсах — нейтральныя рэгіянальныя навіны, запазычаныя з іншых сайтаў. Уласныя публікацыі — ужо з мовай варожасці да розных сацыяльных, палітычных, рэлігійных, прафесійных груп Беларусі.

    “Публікацыі выкарыстоўваюць агрэсіўную шавіністычную рыторыку, часам адкрыта ставяць пад сумнеў існаванне самастойнага беларускага этнасу і мовы, дыскрэдытуюць і скажаюць гісторыю Беларусі”, — гаворыцца ў даследаванні.

    Маніторынг: За апошнія два гады істотна павялічылася колькасць сайтаў, якія публікуюць антыбеларускія матэрыялы

    Цалкам маніторынг можна прачытаць ТУТ.

     

    Кантроль над тэхналогіямі — гэта вялізная ўлада

    Кампаніі «БНР-100» і «БНР-101» — гэта вынік зменаў медыярынка. Людзі пачалі па-іншаму ўспрымаць тэхналогіі і распаўсюджваць інфармацыю. Было не так шмат улётак, як пастоў, клікаў, шэраў, трансляцый. З кожным годам усё большую ролю адыгрываюць менавіта такія таргетаваныя рэчы.

    Сённяшнія тэхналогіі даюць нам неверагодныя магчымасці. І спрэчкі наконт таго, ці ёсць будучыня ў папяровых газет, радыё на каротких хвалях не маюць сэнсу. Тое, што павінна сысці — сыдзе, трэба спакойна пакінуць гэта ў мінулым.

    Тэхналогіи могуць быць мабілізаваныя як на добрыя, так і кепскія справы. Камунікацыя, кантроль над тэхналогіямі, сваім акаунтам у Фэйсбуку — гэта вялізная ўлада. І яна ў некаторых сітуацыях будзе майнейшая за ўладу Лукашэнкі.

    Вы пэўна бачылі відэавыклік Лябедзькі да Лукашэнкі? Гэта прыклад камунікацыі, калі сэнс паведамлення ў самім паведамленні. Ад пачатку было ясна, што Лукашэнка не прыме ніякага выкліку.  Камунікацыя становіцца самамэтай камунікацыі. Само паведамленне пра БНР-101, нават калі канцэрту не адбылося на стадыёне Дынама, ужо ёсць мэсэджам, яно натхняе людзей, аб’ядноўвае іх вакол адной ідэі. Тое самае робяць лічбавыя аўтарытэты, якія натхняюць людзей уласнымі прыкладамі.

    Сёння ёсць тэхналогіі, але не пра іх трэба размаўляць, а пра змены ў свядомасці, якія нашмат важнейшыя. Справа не ў кліках, лайках, шэрах, а справа ў тым, што свядомасць, паводзіны аўдыторыі ў прынцыпе змяніліся. Людзі маюць іншыя каштоўнасці, у параўнанні з тым што былі 10–20 гадоў таму. Час для іх становіцца важнейшым, яны паводзяць сябе інакш.

    Людзі перасталі верыць СМІ, буйным брэндам. Маўляў, “Радыё Свабода » — гэта амерыканская прапаганда, “Спутнік” — расійская прапаганда. Аўдыторыя верыць людзям. Хутчэй падтрымаюць грашыма Эдуарда Пальчыса, чым Свабоду. Гэта канцэптуальная змена, якую варта прыняць: цяпер час асобаў, персаналіяў.

    Стаць інфлюенсерам для свайго кола, атачэння, горада можа кожны. Рэсурсы — мабільны тэлефон, канал на Ютубе, акаўнт у Фэйсбуку — даюць нам разнастайныя магчымасці: стрыміць, рабіць размовы, камунікаваць з аўдыторыяй. Варта рабіць гэта сістэматычна.

    Гарады, у якіх мы жывем, фантастычныя, але пра іх ніхто не расказвае на нацыянальным, глабальным узроўні. Бо мясцовыя людзі не саспелі да таго, каб быць блогерамі, інфлюенсерамі, стрымерамі. Напрыклад, мясцовыя краязнаўцы маглі б не ваяваць з тэхналогіямі, а запісваць ютуб-перадачы. Магчыма, праз 10 гадоў людзі знойдуць такое відэа праз гугл і будуць з яго дапамогай вывучаць гісторыю Гродна.

    Важна, каб інтэлектуалы занатоўвалі свае веды. Можа быць, сёння такая праца выглядае не надта запатрабавана, але будзе момант, калі яна трапіць у свой кантэкст.

    Давайце будзем актыўнымі ўдзельнікамі беларускай медыяпрасторы — клікаць, шэрыць, каментаваць, удзельнічаць, быць медыяпісьменнымі, ствараць здаровы, аўтарскі кантэнт.  У нас ёсць усе інструменты, каб ад размоваў перайсці да практыкі.  Калі б у нас было 20 Эдуардаў Пальчысаў па ўсёй краіне, у нас не было б праблем з Лукашэнкам.

    Беларусы не любяць дзяліцца. Згодна даследванням, беларусы найменш з усёй постсавецкай прасторы лайкаюць і шэраць у сацсетках .

    Схема такая: 1% генеруе кантэнт (інфлюенсеры), 9% яго распаўсюджвае, пашырае, астатнія — энтузіясты, якія гэтыя ідэі прымаюць альбо не прымаюць. Мы павінны імкнуцца станавіцца гэтымі 9%, а лепш увайсці ў названы 1%.

     

    Вырашаюць не форма ці змест, а кантэкст

    Фільтры-бурбалкі – гэта праблема, з якой сутакаюцца журналісты, актывісты і кожны, хто калі-небудзь нешта публікаваў у інтэрнэце. Мы здзіўляемся, чаму мой пост бачаць адныя і тыя ж людзі, лайкаюць некалькі адных і тых жа чалавек. Не таму, што іншыя вас не любяць. Вас проста не бачаць. У навінавай стужцы, як правіла, бачна да 50 чалавек, з якімі пастаянна камунікуеш. Таму фанаты Пятра Парашэнкі бачаць у сваёй стужцы толькі фанатаў Парашэнкі, а тыя, хто піша і клікае на пасты пра Зяленскага, бачаць толькі фанатаў Зяленскага. Кожны жыве ў сваім мікрасвеце, і ў гэтым ёсць нейкі жах, фатальнасць.

    Мы нібыта свабодныя людзі, але сістэма падкідвае нам толькі ту інфармацыю, якую мы хочам бачыць. Яна гэта робіць толькі для таго, каб аптымізаваць наш час. Сістэма думае: вам не цікава чытаць пра лясы і божых каровак на Палессі, буду вам паказваць інфармацыю пра Парашэнку. Такім чынам, тэхналогія як аб’ядноўвае, так і дзеліць нас на гэтыя мікра-бурбалкі. Вырвацца з бурбалак вельмі цяжка.

    Важна разумець, чаму Зяленскі перамог на выбарах, чаму людзі па-іншаму ўспрымаюць палітыку. Раней журналісты думалі, што важны змест. У 1990‑я было важна пісаць літаратуру, перакладаць творы на беларускую мову, выдаць падручнік па гісторыі, ствараць змест новай беларускай ідэнтычнасці. Пазней быў час формы — змест трэба было зрабіць прыгожым. З’явілася шмат піяршчыкаў, маркетынгавых агенстваў, з’явілася кампанія “Будзьма”, Арт Сядзіба, папулярызацыя вышымаек.

    Цяпер вырашае не форма ці змест, а кантэкст. Паведамленне павінна трапляць у кантэкст.

    Адбываецца пажар у Нотр-Даме — мы кажам пра беларускія храмы, свае “нотр-дамы”, пра якія яны ніколі не чулі. Шмат хто пра гэта прачытае толькі дзякуючы кантэксту. Шмат людзей ніколі пра спаленыя бальшавікамі касцёлы і цэрквы не цікавіліся б, калі б не адбыўся Нотр-Дам. Усё залежыць ад гэтага кантэкстуальнага моманту. Чаму Лябедзька са сваім відэазваротам набраў столькі праглядаў? Бо Зяленскі такое ж папярэдне зрабіў, іх усе параўноўвалі. Без звязкі з Зяленскім гэтае відэа не набрала б і 5 тысяч праглядаў.

    Кантэкст важна адчуваць, ведаць, пра што людзі гавораць, якая тэма сёння важная для гарадзенцаў, беларусаў, вашай мэтавай групы, кліентаў ці прыхільнікаў.

    Палітыкі спрабуюць паставіць пад кантроль любы медыярэсурс, і яны яго мэтанакіравана дэскрыдытуюць. Гэта можа мець выгляд абмежаванняў. Напрыклад, у Венгрыі яны не могуць пасадзіць рэдактараў, каб забіць СМІ. Што робіць Орбан: ён робіць так, што толькі дзяржаўныя і прадзяржаўныя СМІ маюць доступ да вялікіх рэкламадаўцаў. І шмат СМІ год за годам закрываюцца, таму што ў іх няма рэсурсаў.

    У Беларусі СМІ дэскрыдытуюцца рознымі справамі (напрыклад, “справа БелТА”), з’яўляецца пэўны недавер, а дзяржапарат працуе на яго падмацаванне рознымі ўкідамі. Калі ва ўсім свеце спектр СМІ пашыраецца, у Беларусі наадварот — звужаецца. І нават той жа Tut.by, які быў заўсёды цэнтрысцкім, становіцца радыкальным. “Белсат” стаў больш радыкальным у вачах грамадства, і не таму, што стратэгія змянілася, а таму, што тыя, хто быў радыкальным, напрыклад, “Хартыя”, згубілі сваю аўдыторыю праз блакіроўкі і розныя абмежаванні”.

    Стварайце якасны кантэнт і не шкадуйце лайкаў

    У кожнай краіне Крэмль  мае розную стратэгію і тактыку адносна інфармацыйнага ўплыву. У сітуацыі з тымі, каму бліжэй расійская культура, хто быў часткай расійскай імперыі, СССР, ціснуць на каштоўнасці — мы “адзін народ”, супраць Захаду, праваслаўна-кансерватыўныя арыенціры, трыадзіны рускі народ — беларусы, украінцы і рускія.

    А ёсць, напрыклад, Грузія, дзе падобныя прарасейскія сайты “косяць” пад ультракансерватыўныя, правыя грузінскія праваслаўныя. Яны грузінамоўныя, вельмі грузінанацыялістычныя, і ў іх задача не зрабіць Грузію рускай, а максімальна палярызаваць, раскалоць грамадства. Ёсць шмат рэсурсаў на Балканах. У Македоніі ёсць партыі і шмат сайтаў, якія таксама апелююць да гістарчынага, каштоўнаснага падмурка, маўляў, мы супрацьстаім Захаду.

    Тыя народы, дзе пануе руская мова, больш уразлівыя да такога ўплыву. Таму што там не трэба ствараць новы наратыў, канцэпт, “касіць” пад нацыяналістаў, іх і так разумеюць, у іх ёсць патэнцыйная мэтавая аўдыторыя, якая не разбіраецца ў навінах, распаўсюджвае фэйкі ў «Аднакласніках».

    Але распаўсюд прарасійскай інфармацыі ў сацсетках, існаванне сеткі прарасійскіх сайтаў у рэгіёнах я б не разглядаў як падрыхтоўку да акупацыі Беларусі. Гэта хутчэй доўгатэрміновая праца па маніпуляцыі нашай ідэнтычнасцю, каб падрыхтаваць  да патэнцыйнага развіцця падзей, калі Беларусь можа быць паглынута Расіяй. Сёння гэта немагчыма, але праз 10 гадоў можа ўтварыцца такая сітуацыя, калі ў іх будзе падтрымка аўдыторыі гэтых лакальных сайтаў, прарасійскіх інфлюенсераў, якія створаць такія перадумовы. Таму трэба самім актыўна ўдзельнічаць у інфармацыйнай прасторы — ствараць кантэнт, удзельнічаць у дыскусіях, каментаваць, распаўюджваць.

     

    Эдуард Пальчыс: Інфлюенсерамі не нараджаюцца, імі становяцца

    Не трэба думаць, што новыя тэхналогіі, робаты неяк кардынальна зменяць чалавека, яго геном. Тэхналогіі — гэта толькі інструмент.

    Раней інфлюенсерамі былі сталыя людзі ў вёсках. У кожнай вёсцы быў аўтарытэтны дзед, як ён скажа, так і будзе.

    Асаблівасць фэйкаў мінулага — тое, што яны былі працяглыя па часе. У грамадстве запускаліся чуткі, у 19 стагоддзі на іх падставе нават пачыналіся паўстанні. Чуткі маглі хадзіць гадамі, іх немагчыма было праверыць. Цяпер можна фактчэкнуць інфармацыю за дзень-два.

    Звычайна інфлюенсерамі становяцца блогеры, якія даюць адказы на тыя пытанні, якія не даюць традыцыйныя СМІ. Ёсць інфлюенсеры, якія ўплываюць на грамадскую думку не знаходзячыся ў сацсетках. Напрыклад, Святлана Алексіевіч.

    Калі з’яўляецца выклік, сутыкненне, тады з’яўляюцца і грамадска-актыўныя блогеры, беларусы рэагуюць на тое, што адбываецца. Напрыклад, у Брэсце людзі змагаюцца супраць акумулятарнага завода.

    На БНР101 прыехалі падлеткі з Мінска і хадзілі з вялікімі вачыма па Гродне ў культурным шоку ад таго, што тут ёсць сапраўдная пешаходная вуліца, захаваліся рэальна старыя будынкі — у Беларусі ёсць горад, аналаг Кракава. Гродна са сваёй архітэктурай і гісторыяй упісваецца ва ўсю еўрапейскую культуру і гісторыю. Гэта падмурак для стварэння свайго, мясцовага, якаснага кантэнту.

    Сёння 15-гадовыя падлеткі жывуць у расійскім інфармацыйным полі. Мне кажуць, ты ведаеш, якая жэсць у Расіі адбываецца? У Беларусі адбываецца такое ж, але пра гэта не кажуць. У нашых сілах рабіць свой, беларускі кантэнт і вяртаць Беларусь у нацыянальную інфапрастору. Прывіваць адказнасць, што гэта наша краіна.

    Інфлюенсерамі не нараджаюцца, імі становяцца, галоўнае — працаваць сістэмна. Зразумець, што цікава табе, ці цікава гэта больш шырокаму колу людзей.

     

    ДАВЕДКА

    Інфармацыйныя бурбалкі: што гэта такое, як і навошта з імі змагацца? Лайфхакі ад HrodnaMediaRoom

    Фэйсбук так уладкаваны, што падае вам тыя навіны, якія вы хочаце ведаць. Пошук інфармацыі ў гугле павядзе вас па тых крыніцах, якія пацвярджаюць вашыя погляды, а не абвяргаюць. Вы выбралі некалькі СМІ, якія вам падабаюцца, і гэтыя СМІ ствараюць вам тую карціну свету, якую вы хочаце бачыць.

    Парадак дня, топ навінаў, падзеі, якія вы лічыце важнымі, не рэальнасць для вас фармуе, а інфармацыйная машына, якая прагне вам спадабацца.

    Кожнае дзеянне карыстальніка — лайк, каментар або рэпост — аналізуюцца алгарытмамі, якія выяўляць нашы перавагі. На іх аснове фармуецца стужка навінаў для кожнага асобнага акаўнта, а пункты гледжання, якія карыстальнік не падзяляе, са стужкі паступова знікаюць. Такім чынам, сама сацыяльная сетка вызначае, якія пасты будзе бачыць чалавек, а таксама якія сайты будуць першымі прапанаваныя на канкрэтны пошукавы запыт.

    Так мы трапляем у «інфармацыйную бурбалку» («fil­ter bub­ble»). Інфармацыя і меркаванні, непрыемныя карыстальніку, не трапляюць у яго стужку. Адпаведна, і выбірацца з такіх бурбалак ніхто асабліва не спяшаецца.

    Такая стужка, несумненна, адпавядае інтарэсам карыстальніка, але, на жаль, часам можна прапусціць сапраўды важную навіну з іншых крыніц. Да таго ж у карыстальніка можа стварыцца ўражанне, што ўсе навокал таксама падзяляюць яго меркаванне.

    Што рабіць, каб вырвацца са сваёй інфабурбалкі і больш рэальна глядзець на свет?

    1. Перыядычна чысціце ў браўзэры гісторыю пошуку і cook­ies.

    2. Скіньце налады ў пошукавых сістэмах — як правіла, пра канкрэтнага карыстальніка ім вядома ўсё: ад полу і ўзросту да месцазнаходжання і інтарэсаў.

    3. Адключыце персаналізацыю, завяршыўшы сеанс у сваім акаўнце, і выкарыстоўвайце рэжым інкогніта.

    4. Падпішыцеся на супольнасці ў сацсетках, меркаванні якіх адрозніваюцца ад вашага, і перыядычна лайкайце пасты, каб запісы для вас не знікалі.

    5. Падпішыцеся на некалькі старонак медыя ці асабістых профіляў, якія супярэчаць вашым поглядам. 
    Да гэтага можна дадаць ўключэнне тэлевізійных навін час ад часу.

    Іншыя каналы інфармацыі могуць падаваць кардынальна іншае меркаванне. Важна падключыць уласнае крытычнае мысленне, прааналізаваць і зрабіць высновы.

    Іншыя пункты гледжання, супрацьлеглыя думкі, з якімі мы не заўсёды згаджаемся, важныя, каб пра іх ведаць. Навукоўцы звяртаюць увагу, што людзі, якія ведаюць пра іншыя погляды, будуюць лепшую аргументацыю ў падтрымку свайго меркавання. 

    6. Будзьце адкрытымі да іншых поглядаў, аналізуйце інфармацыю, супастаўляйце факты і думайце крытычна. Майце зносіны з людзьмі офлайн. Заўсёды памятайце, што чалавек чалавеку чалавек.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці