• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як зарэгістраваць беларускі аўтамабіль у Польшчы? Чэк-ліст

    Аказалася, зрабіць гэта не так проста, як у Літве. Разабрацца ў бюракратычных нюансах рэгістрацыі аўтамабіляў з Беларусі ў Польшчы Еўрарадыё дапамог Яраслаў Сцяцюн, кіраўнік ініцыятывы “Польскі кансультант”.

    Як зарэгістраваць беларускі аўтамабіль у Польшчы

    Фота: з сайта «Еўрарадыё»

    Літва забараніла беларусам уезд на машынах з беларускімі нумарамі і дала тэрмін да 18 студзеня, каб пакінуць краіну ці перарэгістраваць аўтамабіль. Многія чакаюць, што падобнае зробіць і Польшча, бо гэта звязана з санкцыямі, якія ЕС увёў супраць Беларусі і Расіі.

    І хоць Польшча пакуль не вызначылася, у якім выглядзе яна будзе рэалізоўваць патрабаванне Еўрасаюза, беларусы ў гэтай краіне актывізаваліся ў пытанні рэгістрацыі аўтамабіля.

    Прасцей, але даражэй: «размытніць» машыну і зарэгістраваць

    Калі аўтамабіль быў увезены ў Польшчу з‑за межаў Мытнага саюза ЕС, трэба яго «размытніць» — аплаціць ўвазныя пошліны, акцыз і ПДВ (VAT). І зрабіць гэта трэба цягам 30 дзён з моманту перасячэння мяжы.

    Таму ў беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу на сваёй машыне, ёсць два шляхі.

    Першы — «размытніць» машыну і паставіць яе на ўлік у Польшчы. Папярэдне можна зняць яе з уліку ў Беларусі.

    Пры гэтым варта ўлічваць, што сума мытных плацяжоў можа набегчы немалая. У такім выпадку ёсць імавернасць, што будзе выгаднаей і прасцей прадаць машыну ў Беларусі і купіць у Польшчы новую. Але гэты варыянт падыходзіць не ўсім беларусам хаця б таму, што многія не рызыкуюць заязджаць у Беларусь праз пагрозу пераследу.

    Складаней, але танней: даказаць, што прывезлі машыну з сабой

    Другі варыянт, які патрабуе часу і сіл, але дае вялікую эканомію грошай: аформіць машыну як маёмасць перасяленца. У такім выпадку можна падаць заяву на мытную льготу, якая можа звесці аплаты да нуля.

    Як зарэгістраваць беларускі аўтамабіль у Польшчы

    Фота: з сайта «Еўрарадыё»

    Але зрабіць гэта можна толькі ў выпадку, калі аўтамабіль выкарыстоўваецца ў асабістых мэтах, а не ў камерцыйных.

    — Прыватны легкавы аўтамабіль з краіны за межамі ЕС, у тым ліку з РБ, можа прэтэндаваць на мытныя льготы, калі ён і яго ўладальнік адпавядаюць наступным умовам:

    1.       Аўтамабіль знаходзіўся ў карыстанні і валоданні перасяленца не менш за 6 месяцаў да даты, калі ён пакінуў Рэспубліку Беларусь.
    2.       Сам перасяленец жыў у РБ не менш за 12 месяцаў перад выездам.

    Усе названыя тэрміны мусяць быць пацверджаныя дакументальна.

    Машына можа прэтэндаваць на льготы, калі яна была перавезеная цягам 12 месяцаў пасля пераезду самога замежніка ў Польшчу для пастаяннага пражывання.

    Але трэба разумець, што перасяленец мае права папрасіць пра льготу, а адпаведныя органы і службы, разгледзеўшы канкрэтную справу, могуць прыняць як станоўчае, так і адмоўнае рашэнне. Кожны выпадак разглядаецца персанальна, а з досведу — вельмі суб’ектыўна, — звяртае ўвагу Яраслаў Сцяцюн з «Польскага кансультанта».

    Цягам года машыну, зарэгістраваную як маёмасць перасяленца, нельга будзе прадаваць, дарыць, аддаваць у заклад і гэтак далей.

    Мытная пошліна

    Каб папрасіць пра вызваленне ад мытнай пошліны, беларусу прасцей за ўсё звярнуцца ў любое мытнае агенцтва (знайсці можна на запыт agenc­ja cel­na). За паслугу давядзецца заплаціць, але яно таго вартае: самому разабрацца ў працэдуры падачы мытных дэкларацый вельмі няпроста. І трэба мець на ўвазе, што ў момант «размытнення» аўтамабіль мусіць быць на стаянцы мытні разам з уладальнікам.

    Вызваленне ад VAT

    Гэтая магчымасць даецца артыкуламі 81 і 47 Закона РП пра падатак на тавары і паслугі (ustawy o podatku od towarów i usług) і можа прымяняцца толькі ў выпадку, калі ёсць згода ўладаў на льготы па мытнай пошліне.

    Тут ужо ўсё адбываецца аўтаматычна: калі мытная льгота ўхваленая, а ўмовы для вызвалення ад ПДВ выкананыя, падатак спаганяцца не будзе.

    Вызваленне ад акцызу

    Вызваленне ад ПДВ легкавога аўтамабіля адбываецца на падставе артыкулаў 110 і 112 Закона РП пра акцызны збор (ustawy o podatku akcy­zowym). Для гэтага трэба падаць заяву з далучэннем дакументаў, якія пацвярджаюць усе ўмовы вызвалення, на імя кіраўніка Падатковай службы Польшчы.

    Падаецца заява альбо ў электронным выглядзе праз сістэму ePUAP, альбо поштай на адрас ul. Warsza­wska 5, 43–300 Biel­sko-Biała. Працэдура падрабязна апісаная на ўрадавым сайце.

    Вам спатрэбіцца прысяжны пераклад беларускага пасведчання рэгістрацыі аўтамабіля. А для зверкі патрэбныя характарыстыкі аўтамабіля па VIN-кодзе ад ацэншчыка або дылера.

    Падаём дакументы ў гарадскую адміністрацыю

    Рэгістрацыяй аўтамабіля займаецца аддзел транспарту (wydzi­ał komu­nikacji) у любой гарадской адміністрацыі.

    Вам спатрэбяцца наступныя дакументы:

    - заява (запаўняецца на месцы ці можна загадзя спампаваць бланк у інтэрнэце — wniosek na rejes­trację pojaz­du);
    — звесткі пра рэгістрацыю па месцы жыхарства (mel­dunek);
    — нумар PESEL (індывідуальны рэгістрацыйны нумар);
    — від на жыхарства (часовы або пастаянны);
    — пасведчанне рэгістрацыі аўтамабіля (арыгінал і прысяжны пераклад);
    — рэгістрацыйныя знакі на аўтамабіль;
    — дакументы з мытні;
    — дакументы з тэхагляду.

    Узамен вам выдадуць польскія нумары і часовае пасведчанне рэгістрацыі. Пастаяннае зробяць пазней — гэта займае ад пары тыдняў да месяца, у залежнасці ад горада.

    Як зарэгістраваць беларускі аўтамабіль у Польшчы

    Фота: з сайта «Еўрарадыё»

    У той жа дзень трэба аформіць страхоўку.

    “Я не зарэгістраваў машыну адразу пасля пераезду, Што рабіць?”

    Плаціць штраф і займацца рэгістрацыяй аўтамабіля, калі плануеце заставацца жыць у Польшчы.

    — Заканадаўства Польшчы патрабуе зарэгістраваць машыну цягам 30 дзён пасля ўезду, а цягам паўгода — замяніць пасведчанне кіроўцы на польскае. Гэта дзве асобныя працэдуры.

    За нясвоечасовую рэгістрацыю машыны належыць штраф: 500 злотых, калі тэрмін перавысіў 30 дзён, і 1000 злотых, калі вы пратэрмінавалі пастаноўку на ўлік на паўгода і больш. І гэта толькі за дадзенае парушэнне. У асабліва складаных сітуацыях могуць быць ужытыя і санкцыі за нявыплату падаткаў, незаконны ўвоз і г. д.

    Разам з тым існуе Венская канвенцыя пра дарожны рух, удзельнікам якой, акрамя іншых, з’яўляюцца і Польшча, і Рэспубліка Беларусь. У адпаведнасці з гэтым дакументам, іншаземец на аўтамабілі, які адпавядае ўмовам, можа бесперашкодна перамяшчацца па краінах-падпісантах, бо ён удзельнік міжнароднага руху.

    На жаль, гэта адно з самых няясных пытанняў у юрыдычным полі, бо, з аднаго боку, перыяд такога руху заканадаўча не абмежаваны, а з іншага, уладальнікі ВНЖ нярэдка сутыкаюцца з прэтэнзіямі ад падатковай. Зарэгістраваць аўтамабіль на беларускіх нумарах, які ўжо даўно знаходзіцца ў Польшчы, бывае вельмі няпроста.

    Сітуацыя і тут індывідуальная і залежыць ад масы нюансаў, таму мае сэнс звяртацца да спецыялістаў, якія змогуць прааналізаваць усе дэталі і даць кампетэнтную рэкамендацыю.

    Альтэрнатыва — выезд на тэрыторыю РБ з наступным вяртаннем і праходжанне мытных працэдур на агульных падставах. Прымяніць ільготы для перасяленцаў у такіх умовах не атрымаецца, — каментуе «Польскі кансультант».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці