• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што такое жэнеўскі пашпарт і праязны дакумент для замежніка і якія краіны выдаюць іх беларусам

    У 2023 годзе Беларусь фактычна забараніла сваім грамадзянам падаўжаць дзеянне пашпартоў і атрымліваць новыя пашпарты за мяжою. Зрэшты, жыццё беларусаў за мяжой ад гэтага не спынілася: некаторыя краіны ўжо змаглі дапасавацца і дапамагчы грамадзянам Беларусі легалізавацца.

    І хоць праязны дакумент для замежніка і жэнеўскі пашпарт толькі пачалі набываць папулярнасць, жыхары Беларусі атрымліваюць іх ужо больш за стагоддзе: пашпарт уцекача быў, напрыклад, у Марка Шагала. «Белсат» узгадвае гісторыю гэтых дакументаў і распавядае, дзе беларусам рэальна атрымаць іх цяпер.

    што такое праязны дакумент замежніка

    Так званы жэнеўскі пашпарт. Фота: Белсат

    Перадгісторыя. Нансэнаўскі і жэнеўскі пашпарты

    З заканчэннем Першай сусветнай вайны мноства людзей засталося ў чужых краінах без пашпартоў і нават без Радзімы: краіны, якія выдалі ім пашпарт, проста перасталі існаваць. Алею ў агонь падліла і РСФСР, ануляваўшы ў 1921 годзе грамадзянства расейцаў, якія ўцяклі за мяжу ад Грамадзянскай вайны. Паводле падлікаў, з Савецкай Расеі на той момант выехалі ад 800 тыс. да 2 млн чалавек.

    У выніку колькасць уцекачоў расла, а дакументы, якія дазвалялі засведчыць асобу, былі знішчаныя або перасталі дзеяць. У выніку ўцекачы апынуліся ў краінах, дзе не мелі права на працу, і пры гэтым не маглі выехаць адтуль. Таму ў 1922 годзе ў Жэневе прайшла адмысловая міжурадавая канферэнцыя, якую арганізаваў Фрыт’ёф Нансэн – тагачасны вярхоўны камісар Лігі Нацыяў у справах уцекачоў, а да гэтага вядомы навуковец і даследнік Арктыкі.

    Па выніках канферэнцыі з 1922 года так званыя нансэнаўскія пашпарты пачалі выдаваць асобам без грамадзянства ў паўсотні краінаў свету. Уладальнікамі такіх дакументаў былі, напрыклад, Марк Шагал і дачка першага прэзідэнта незалежнай Польшчы Ядвіга Пілсудская. Усяго нансэнаўскі пашпарт атрымалі каля 450 тыс. чалавек.

    У 1922 годзе сам Нансэн, а праз 16 гадоў і Міжнароднае бюро ягонага імя ў справах уцекачоў атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру. Нансэнаўскі пашпарт перастаў выдавацца ў 1938 годзе: з таго часу нацыянальныя органы кожнай краіны выдаюць свае ўласныя праязныя дакументы для замежніка і пасведчанні асобы замежніка.

    што такое жэнеўскі пашпарт

    Пашпарт Нансена знойдзены ў калекцыі Інстытута Фрыцьёфа Нансена ў Лісакеры, Нарвегія. Фота: Fine Art Images / Her­itage Images / Get­ty Images

    Але потым пачалася Другая сусветная вайна і колькасць бежанцаў зноў дасягнула крытычных лічбаў. У выніку ў 1951 годзе ў Жэневе была прынятая Канвенцыя аб статусе бежанцаў, якая ў тым ліку зноў ўвяла дакумент, які сведчыць асобу бежанца і дазваляе перамяшчацца паміж краінамі, што падпісалі гэтую канвенцыю. Прататыпам стаў нансенаўскі пашпарт, але цяпер яго неафіцыйна назвалі «жэнеўскім».

    З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне свет зноў сутыкнуўся з крызісам бежанцаў і ў чэрвені 2023 года ААН нагадала краінам пра «праязныя дакументы бежанцаў – пашпарты Нансена XXI стагоддзя».

    Якія правы даюць жэнеўскі пашпарт і праязны дакумент замежніка?

    Хоць дакументы вельмі падобныя па функцыях, у іх ёсць адрозненні. Жэнеўскі пашпарт могуць выдаць толькі чалавеку са статусам бежанца, а праязны дакумент – кожнаму замежніку, які не мае дзеючага пашпарта сваёй краіны і па аб’ектыўных прычынах не можа яго там атрымаць. Жэнеўскі пашпарт таксама служыць гарантыяй ад дэпартацыі на радзіму.

    У любым выпадку, абодва дакументы – гэта далёка не пашпарт грамадзяніна, і правоў па іх у чалавека куды менш. Па сутнасці, абодва дакументы выступаюць як замежны пашпарт або праязны дакумент для падарожжаў. Напрыклад, у іх ставяць візы пры выездзе за межы ў ЕС (пры гэтым для падарожжаў па Еўропе, як правіла, хапае карткі ВНЖ). А вось унутры краіны пражывання яны амаль нічога не даюць: хоць абодва сведчаць вашу асобу (напрыклад, у банку ці ў страхавой), але легалізавацца ў краіне знаходжання трэба будзе па якіх-небудзь падставах. Напрыклад, атрымаць ВНЖ па міжнароднай абароне.

    Дзе беларусам можна атрымаць праязны дакумент замежніка?

    Жэнеўскі пашпарт, як і іншыя нацыянальныя праязныя дакументы замежнікаў і сёння выдаюць 146 краін, што ратыфікавалі Канвенцыю 1951 года. Але на практыцы ў кожнай краіны свае правілы і асаблівасці іх выдачы.

    Напрыклад, многія краіны выдаюць такія дакументы замежнікам, якія маюць сталы, а не часовы від на жыхарства. Ёсць і больш цяжкія выпадкі. Так, Грузія не выдае праязныя дакументы беларусам, лічачы, што ім на радзіме нічога не пагражае, А Калумбія наогул нікому не выдае.

    Так што разгледзім, у якіх краінах ужо былі выпадкі выдачы праязных дакументаў беларусам без дзейнага пашпарта.

    Польшча

    Польшча па традыцыі апярэджвае ўсіх па ўвядзенні розных легалізацыйных спрашчэнняў для беларусаў. Міжнародную абарону Польшча прадастаўляе ў двух статусах: статус бежанца або дадатковая абарона. Беларусам, якія з’ехалі ў Польшчу пасля 2020 года, часцей за ўсё даюць дадатковую абарону, а разам з ёй і праязны дакумент замежніка. Статус бежанца звычайна атрымліваюць тыя, супраць каго накіраваны асабісты палітычны пераслед. Такім людзям даюць блакітны жэнеўскі пашпарт.

    Якія краіны выдаюць беларусам праязны дакумент замежніка

    Польскі праязны дакумент замежніка. Фота: Белсат

    У 2023 годзе, пасля выхаду ўказа, які забараніў падаўжаць і атрымліваць пашпарты беларусам за мяжой, краіна спрасціла парадак выдачы праязных дакументаў для беларусаў. З гэтага часу праязны дакумент можа атрымаць любы беларус без пашпарта, які мае часовы або сталы від на выхарства ў Польшчы. Праязны дакумент у Польшчы беларусам выдаюць бясплатна, на яго маюць права нават немаўляты, якія ніколі не мелі пашпарта.

    Літва

    Другая па папулярнасці краіна для беларусаў у 2023 годзе таксама заявіла пра выдачу праязных дакументаў беларусам, якім амбасады за мяжой перасталі падаўжаць і выдаваць новыя пашпарты. Іх могуць атрымаць беларусы з часовым або сталым відам на жыхарства у Літве.

    Але ў адрозненне, напрыклад, ад Польшчы, беларусам трэба давесці ўладам Літвы, што ім сапраўды небяспечна вяртацца на радзіму. І тут нямала нацыянальных нюансаў: Літва ўсё часцей адмаўляе беларусам у прадастаўленні віду на жыхарства, прызнаючы іх «пагрозай нацыянальнай бяспецы». Толькі ў 2023 годзе Дэпартамент міграцыі Літвы абвясціў «пагрозай бяспекі» краіны 1644 беларусаў.

    Нямеччына

    Калі грамадзяне Беларусі, што законна пражываюць у Нямеччыне, праз палітычны пераслед не могуць вярнуцца на радзіму для афармлення пашпарту, яны могуць прэтэндаваць як на «шэры праязны дакумент», так і на жэнеўскі «блакітны пашпарт» уцекача.

    Як і ў Літве, беларусам давядзецца давесці, што ім небяспечна ехаць у Беларусь па пашпарт.

    Швецыя

    12 лістапада стала вядома пра першы выпадак выдачы пашпарта замежніка ў Швецыі грамадзяніну Беларусі. Пра гэта паведамілі «Народныя амбасады Беларусі».

    У сакавіку 2024 года Міграцыйнае агенцтва Швецыі абвясціла, што беларусам, якія афіцыйна пражываюць у краіне і асцерагаюцца за сваю бяспеку дома, не варта вяртацца ў Беларусь для падаўжэння дакументаў. Замест гэтага Швецыя гатовая выдаваць праязныя дакументы замежніка тым, хто мае від на жыхарства ў краіне.

    Якія краіны выдаюць беларусам жэнеўскі пашпарт

    Праязны дакумент Літоўскай Рэспублікі. Фота: Белсат

    Аўстрыя

    13 лістапада стала вядома, што Аўстрыя таксама выдала як мінімум два пашпарты замежніка беларусам.

    «Раней гэтая практыка не распаўсюджвалася на беларусаў і беларусак, – паведамілі «Народныя амбасады». – [Цяпер] у кожным асобным выпадку неабходна давесці небяспеку паездкі ў Беларусь для падаўжэння пашпарта, а працэдура афармлення пашпарта замежніка не прадугледжвае дбайнай праверкі».

    Таксама паведамляецца, што ў Аўстрыі ў першай інстанцыі можна атрымаць адмову, але пасля варта звярнуцца па кансультатыўную дапамогу ў «Народныя амбасады» і Зямельны суд.

    Данія і ЗША

    Гэтыя краіны пакуль толькі заявілі пра гатовасць выдаваць праязныя дакументы беларусам. Так 19 верасня на сайце Сената ЗША з’явіўся законапраект, згодна з якім грамадзянам Беларусі можна будзе ставіць амерыканскія візы ў пратэрмінаваны пашпарт, а для жыцця працы ў краіне выдаваць статус часовай абароны. Таксама праект змяшчае заклік да Еўракамісіі выдаваць беларусам праязныя дакументы. Але гэта пакуль толькі праект закона.

    У канцы кастрычніка паабяцала змяніць умовы для беларусаў і Данія. Краіна вырашыла ўнесці змены ў Пастанову аб іншаземцах, якія дазволяць выдаваць праязныя дакументы грамадзянам Беларусі з пратэрмінаванымі пашпартамі. Пра гэта пасля сустрэчы са Святланай Ціханоўскай заявіў у інтэрв’ю выданню Berlingske міністр замежных спраў Даніі Лярс Лёке Расмусэн.

    «Вядома, было б жахліва, калі б мы сказалі некаторым беларусам, што знаходзяцца ў Даніі, што нам вельмі шкада, але вам давядзецца прыехаць у Менск для падаўжэння пашпартоў, хоць мы ведаем, што гэта прамы шлях у турму», – заявіў Расмусэн, патлумачыўшы, што на падставе сталага або часовага віду на жыхарства ў Даніі жывуць 640 беларусаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці