Адкрыты прыём заявак на конкурс J4T AWARDS 2024 (дэдлайн — 20 лістапада)
Праваабарончая ініцыятыва «Журналісты за талерантнасць» абвяшчае конкурс для журналістаў, журналістак і рэдакцый J4T AWARDS.
Намінацыі:
- Матэрыял на тэматыку роўнасці і недыскрымінацыі
Прымаюцца артыкулы / фотарэпартажы / відэаматэрыялы / радыёперадачы, якія прасоўваюць ідэю роўнасці і недыскрымінацыі ўразлівых сацыяльных групаў у беларускім грамадстве, якія былі апублікаваныя з 1 лістапада 2023 года па 31 кастрычніка 2024 года. Адзін аўтар можа падаць не больш за тры працы.
Спасылку на матэрыял неабходна накіраваць на адрас info@j4t.info з пазнакай “Матэрыял на сацыяльную тэматыку” не пазней як 20 лістапада 2024 года. У лісце таксама трэба ўказаць імя і прозвішча і кантактныя дадзеныя (Тэлеграм / Сігнал).
Лаўрэаты і лаўрэаткі конкурса атрымаюць ганаровыя граматы і адмысловы прыз. Пераможца будзе мець магчымасць узяць удзел у асветніцкай паездцы ў адну з краінаў Еўропы ў 2025 годзе.
- Рэдакцыя года
Можа быць вылучаная рэдакцыя СМІ, якая ў 2024 годзе ў сваіх матэрыялах прасоўвала ідэі роўнасці ды інклюзіі, распавядала пра праблемы, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі ўразлівых групаў у Беларусі і краінах рэлакацыі.
Для вылучэння рэдакцыі неабходна запоўніць наступную форму да 20 лістапада 2024 года.
Рэдакцыя-пераможца конкурсу атрымае ганаровую грамату і адмысловы прыз.
- Асоба года
Адмысловая намінацыя J4T за ўнёсак у развіццё ініцыятывы і праваабарончага руху ў Беларусі ў 2024 годзе. Лаўрэата вызначаюць сябры каманды Праваабарончай ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць”.
Конкурс J4T AWARDS ладзіцца з мэтай павысіць прафесійныя навыкі працаўнікоў СМІ ў галіне роўнасці і недыскрымінацыі, паспрыяць развіццю сацыяльнай журналістыкі, павысіць пазітыўную бачнасць уразлівых групаў насельніцтва Беларусі.
Вынікі прэміі будуць абвешчаныя не пазней 20 снежня 2024 года.