• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Не трэба быць Навальным, каб рабіць расследаванні: інтэрнэт распавядзе ўсё ІНСТРУМЕНТЫ

    Гуру анлайн-расследаванняў, трэнер, кансультант і журналіст Бі-бі-сі Пол Маерс раіць выкінуць свае смартфоны і выдаліць усе акаўнты ў сацыяльных сетках. Інакш ён вас абавязкова знойдзе.

    Інтэрнэт ужо робіць жыццё журналістаў нашмат лягчэйшым: праверка інфармацыі, пошукі асобаў і тэмаў, а таксама скарбонка кантактаў. Усе мы, вядома, прызвычаіліся да жыцця анлайн, але Пол Маерс кажа, што варта навучыцца выкарыстоўваць патэнцыял інтэрнэту напоўніцу. Журналіст падзяліўся сваім досведам і інструментамі для пошуку інфармацыі і людзей анлайн падчас Глабальнай канферэнцыі расследавацельскай журналістыкі ў Ёханэсбургу, Паўднёвая Афрыка.

    Пол Маерс (Paul Myers). Фота: researchclinic.net

    Як знайсці выдаленую інфармацыю з сайта?

    Спачатку давайце зазірнем у мінулае асабліва ў тое, якое ад нас чамусьці захацелі схаваць.

    Калі нас цікавіць інфармацыя на сайце, якая дакладна была, але праз нейкі час знікла, ёсць шэраг бясплатных сэрвісаў па пошуку архіўных копіяў вэб-старонак.

    Напрыклад, Way­back­Ma­chine archive.org адна з самых вялікіх вэб-бібліятэк, якая змяшчае гісторыю 310 мільярдаў вэб-старонак, а таксама мноства дакументаў, праграм, відэа- і аўдыёфайлаў.

    Або WebC­i­ta­tion webc­i­ta­tion.org добрая альтэрнатыва для папярэдняй спасылкі.

    А вось Archive.today archive.is — прапануе не толькі выдаленыя сайты кампаніяў з нумарамі тэлефонаў і электроннымі адрасамі, але і архівы Face­book акаўнтаў. Тут таксама можна захаваць старонку або чыйсьці профіль ці пост у сацсетцы на выпадак, калі іх раптам выдаляць.

    Не лішняй будзе парада рабіць скрыншоты. Але калі вы забылі пра гэта, ёсць верагоднасць, што выява старой версіі сайта будзе на screen­shots.com.

    А самы распаўсюджаны спосаб паглядзець кэш-версію ў Google. Куды ж мы без яго!

    Навошта нам, журналістам, гэта трэба? Каб знайсці першакрыніцу інфармацыі ці, напрыклад, адкарэктаваныя звесткі пра затрыманне вядомага бізнесоўца.

    Як больш эфектыўна шукаць у сацсетках?

    Сацыяльныя сеткі маюць таксама мноства таямніц, якія могуць быць карысныя для журналістаў.

    Выдаляюць не толькі сайты, раптоўна знікаюць твіты перадусім скандальныя і асабліва калі мы вось-вось збіраліся іх працытаваць у сваім тэксце.

    Стары добры кэш і тут прыйдзе на дапамогу: хутчэй за ўсё вы зможаце знайсці і выдалены твіт, і нават цэлы акаўнт, калі ён таксама раптоўна знік.

    Каму гэта трэба? Напрыклад, незалежны следчы вэб вэб-партал ProP­ub­li­ca з 2011 года збірае выдаленыя твіты Белага дома і амерыканскага прэзідэнта. Летась гэты амерыканскі сайт атрымаў Пулітцэраўскую прэмію за «службу грамадскасці».

    Twit­ter мае зручную функцыю advanced search, дзе можна шукаць твіты паводле даты, ужытых выразаў ці ўсю публічную перапіску паміж акаўнтамі.

    foller.me — зручная аплікацыя для збору і аналізу звестак пра публічны Twit­ter-акаўнт. Усяго за некалькі секундаў можна даведацца, калі ўладальнік профілю не быў актыўны працяглы час, бо, напрыклад, спаў. Навошта нам гэтая інфармацыя? Гэтак можна вызначыць ягоную гадзіннікавую зону і быць за крок да дакладнай лакалізацыі, але пра гэта пазней.

    GeoSo­cial Foot­print geoso­cial­foot­print.com — добрая альтэрнатыва апошняму сэрвісу.

    Хэдханцінг, або паляванне на людзей

    У вас ёсць профіль чалавека ў сацыяльных сетках, але няблага было б атрымаць ягоны нумар тэлефона або электронную пошту.

    Lusha lusha.co — вельмі зручнае пашырэнне для вашага браўзера, якое аўтаматычна пакажа кантактныя звесткі карыстальніка сацсеткі. У бясплатнай версіі ёсць пэўныя абмежаванні па колькасць крэдытаў, але агулам, гэта добры і зручны метад даведацца чыйсьці email ці нумар тэлефона.

    pipl.com ці spokeo.com — зручныя сэрвісы, якія знойдуць інфармацыю пра чалавека, маючы ўсяго прозвішча, профіль у сацсетках ці нумар тэлефона.

    peo­plefind.thor peo­plefind­thor.dk — адзін з найлепшых сэрвісаў для пашыранага пошуку ў Face­book. Вельмі карысны інструмент, калі трэба прааналізаваць, хто лайкнуў тую ці іншую старонку. Фільтры па ўзросце і полу значна звужаюць пошукі, калі нам патрэбная канкрэтная асоба. І паспрабуйце знайсці ў Face­book тых, хто працуе на які-небудзь Газпром ці Дзярждэп. Чалавек, які вырашыў падзяліцца ў профілі інфармацыяй пра свайго працадаўцу, можа стаць яшчэ і вашай крыніцай для расследавання.

    А вось для аналізу ў Insta­gram спатрэбіцца Pico­dash pico­dash.com — адзін з найлепшых (але платных) інструментаў, каб зрабіць пошук у гэтай сацыяльнай сетцы лягчэйшым. Дазваляе знайсці ўсе фота- і відэагісторыі, якія адбываюцца ў дадзеным месцы і пад дадзеным хэштэгам.

    Intel­tech­niques inteltechniques.com — карысны інструмент, каб падглядзець фолавераў, што значна спрашчае пошукі магчымых сувязяў паміж канкрэтнымі асобамі. Сэрвіс, дарэчы, карысны не толькі для Insta­gram.

    Простыя метады верыфікацыі (аднак давядзецца хлусіць)

    Уявіце сабе сітуацыю: да вас звярнуўся супрацоўнік афшорнай кампаніі, які сцвярджае, што ён у Панаме і мае доступ да ўсіх засакрэчаных дакументаў. Як вызначыць ягоную лакалізацыю, калі прасіць яго даказаць гэта не выпадае?

    Па-першае, мусім даведацца ягоны IP-адрас. А наш герой дасць нам яго сам — праўда, не ведаючы пра гэта.

    Дапаможа нам grabify.link — стваральнік фэйкавых спасылак, які выяўляе сеткавы адрас. Знайсці сапраўдны лінк, праз сэрвіс ператварыць яго ў неіснуючы URL і даслаць яго чалавеку, які нас цікавіць. Gra­b­i­fy сам пакажа нам IP-адрас героя нашага расследавання.

    І гэта сапраўды дзейнічае, аднак ёсць некалькі але. Па-першае, чалавек, якому мы дасылаем фэйкавы лінк, не мусіць  нічога западозрыць і гэтую спасылку адкрыць. Бо толькі тады ўся схема будзе паспяховай. Таму варта прыдумаць легенду для спасылкі, каб па ёй захацелася перайсці.

    Па-другое, калі фэйкавую спасылку мы дасылаем праз Face­book ці Twit­ter, ёсць магчымасць таго, што яна зашыфруецца, і тады IP апынецца недзе на радзіме аўтаматычнага бота ў якой-небудзь Ірландыі, а не там, дзе насамрэч знаходзіцца чалавек, якога мы расследуем.

    Але калі ўсё пойдзе паводле плану, нам застанецца зайсці на domain­big­da­ta.com, who.is ці любы іншы сервер для лакалізацыі IP-адрасу і спраўдзіць краіну, адкуль нам напісаў наш герой.

    Нашмат больш інструментаў для анлайн-пошуку — на сайце Пола Маерса research­clin­ic.net.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці