БАЖ запрашае калег на Форум журналісцкіх арганізацый Балтыі і пераследаваных журналістаў. Рэгістрацыя
Як і кожны год, у снежні Беларуская асацыяцыя журналістаў і Саюз журналістаў Літвы запрашаюць калег на тэматычны медыйны форум, які традыцыйна пройдзе ў будынку Сейма Літвы.
Селёта галоўнымі тэмамі форуму стануць новыя трансгранічныя выклікі і пагрозы для журналістаў, а таксама выкарыстанне штучнага інтэлекту ў беларускіх рэдакцыях і рэдакцыях краін Балтыі.
У гэтым годзе Беларуская асацыяцыя журналістаў адзначала цэлую хвалю новых пагроз для журналістаў, якія працуюць ў выгнанні – ад крымінальных справаў на радзіме, да вытанчаных узломаў, фішынгу і захопаў. У сваю чаргу, калегі з краін Балтыі таксама адзначаюць шэраг выклікаў, накіраваных супраць бяспекі журналістаў у рэгіёне. Пра гэта размова пойдзе на першай тэматычнай панэлі форума.
Другая панэль форума будзе прысвечана перадавым практыкам выкарыстання штучнага інтэлекту ў рэдакцыях рэгіёну. Медыйшчыкі і медыйшчыцы падзеляцца ўласнымі напрацоўкамі, а таксама абмяркуюць этычныя падыходы да выкарыстання АІ.
Форум пройдзе ў Вільні ў пятніцу, 13 снежня 2024года і распачнецца а 10:00 у будынку Сейма Літвы. Працоўныя мовы: літоўская, англійская і руская. Службамі Сейма будзе забяспечаны сінхронны пераклад.
Удзел у форуме бясплатны.
Беларуская асацыяцыя журналістаў запрашае калег прыняць удзел у форуме, выступіць у дыскусіі, падзяліцца сваімі думкамі падчас панэляў форуму. Для ўдзелу неабходна ЗАРЭГІСТРАВАЦЦА.
Дадзеныя ў форме рэгістрацыі збіраюцца выключна для арганізацыі доступа ўдзельнікаў і ўдзельніц у будынак Сейма.
Падрабязная праграма форума будзе апублікавана тут у хуткім часе. Засталіся пытанні — смела напішыце нам на office@baj.media!