• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пашпарты замежніка для беларусаў у выгнанні: галоўнае

    На сённяшні дзень дакладна вядома пра пяць еўрапейскіх краін, якія выдаюць грамадзянам Беларусі пашпарты замежніка. Пра асаблівасці атрымання праязнога дакумента ў кожнай з іх БАЖ распавядае юрыст Алег Мацкевіч.

    Пашпарты замежніка для беларусаў у выгнанні: галоўнае

    Фота: БАЖ

    Як правіла, на атрыманне праязнога дакумента маюць права тыя, хто з розных прычынаў згубіў магчымасць карыстацца паслугамі дыпламатычных місій краіны паходжання і мае пэўныя падставы для легалізацыі ў краіне знаходжання.

    Аўстрыя

    Пашпарт замежніка (Frem­den­pässe) можа быць выдадзены ў Аўстрыі толькі тым асобам, якія маюць права на дадатковую абарону, але пры гэтым не могуць атрымаць нацыянальны пашпарт краіны паходжання, а таксама асобам без грамадзянства і асобам з няясным грамадзянствам і законным месцам жыхарства. Пры пэўных умовах на Frem­den­pässe могуць прэтэндаваць і іншыя замежныя грамадзяне ў тых выпадках, калі яго выдача адпавядае інтарэсам Аўстрыі.

    Дакладная інфармацыя, як атрымаць пашпарт замежніка, знаходзіцца тут.

    Інфармацыю аб тым, у якія краіны з аўстрыйскім пашпартам замежніка можна ўязджаць без візы, або з атрыманнем візы, або аб тым, якія краіны ўвогуле не прызнаюць Frem­den­pässe як легальны дакумент для падарожжаў, Федэральнае міністэрства еўрапейскіх і міжнародных спраў, як і Федэральнае міністэрства ўнутраных спраў Аўстрыі, не прадстаўляе.

    Адзін з чыноўнікаў міністэрства замежных спраў заверыў, што «Frem­den­pass сапраўдны для ўсіх краін свету, за выключэннем краіны паходжання (мігранта)».

    Тым не менш, перад тым, як карыстацца Frem­den­pässe для паездак у не еўрапейскія краіны, варта звярнуцца ў адпаведную амбасаду для ўдакладнення інфармацыі.

    Літва

    Пашпарт замежнай асобы (Užsie­niečio pasas) можа быць выдадзены замежнай асобе, якая мае права на пражыванне ў Літоўскай Рэспубліцы на часовай або пастаяннай аснове, аднак не мае дзейснага пашпарта грамадзяніна замежнай дзяржавы ці адпаведнага яму дарожнага дакумента, або ён страчаны ці знішчаны, і па аб’ектыўных прычынах не можа яго атрымаць з кампетэнтных устаноў дзяржавы свайго паходжання.

    Užsie­niečio pasas, выдадзены ў Літве, не змяняе грамадзянства замежнай асобы. Пашпарт замежнай асобы выдаецца на тэрмін не болей тэрміну дзеяння дазволу на часовае ці сталае пражыванне, але не менш чым на 3 месяцы і не болей чым на 5 гадоў, а ў выпадку, калі адбіткі пальцаў замежніка часова не могуць быць счытаныя, — не болей чым на 1 год.

    З правіламі атрымання Užsie­niečio pasas можна азнаёміцца тут.

    На адным з сайтаў  ЕС таксама вы знойдзеце інфармацыю аб тым, у якія краіны Еўропы і на якіх умовах можна падарожнічаць з пашпартам замежнай асобы, выдадзеным у Літве.

    Куды можна паехаць з пашпартам замежнай асобы, выдадзеным у Літве?

    Нямеччына

    У Нямеччыне праязны дакумент носіць назву Graues Reise­doku­ment (шэры праязны дакумент).

    Даведацца аб тым, як атрымаць Graues Reise­doku­ment можна тут або тут, ці наўпрост звярнуцца ў мясцовую іміграцыйную службу (Aus­län­der­be­hörde) вашага гораду або рэгіёну.

    Міністэрства замежных спраў Нямеччыны прапануе ўсю інфармацыю аб візавых патрабаваннях для людзей, якія не з’яўляюцца грамадзянамі Нямеччыны і хочуць паехаць у трэція краіны, браць толькі ў адпаведных дыпламатычных прадстаўніцтвах. У той жа час на сайце МЗС ёсць асобная старонка, дзе сабрана інфармацыя аб дзяржавах, якія прызнаюць дакументы, выдадзеныя ў Нямеччыне на замену нацыянальных пашпартоў (звярніце ўвагу на пазнаку, што інфармацыя актуальная на жнівень 2019 года).

    Graues Reise­doku­ment звычайна без абмежаванняў прызнаецца ва ўсіх дзяржавах-сябрах Еўрапейскага звязу як доказ права яго ўладальніка на свабоду перамяшчэння. Ірландыя, Балгарыя і Румынія прызнаюць Graues Reise­doku­ment толькі ў спалучэнні з пратэрмінаваным нямецкім пашпартам ці пасведчаннем асобы. Не рэкамендуецца выкарыстоўваць Graues Reise­doku­ment у якасці замены пашпарту для паездак на Кіпр.

    Дакумент прызнаны для ўезду ў турыстычных мэтах Албаніяй, Алжырам, Андорай, Ісландыяй, Ліхтэнштэйнам, Манака, Нарвегіяй, Сан-Марына.

    Маецца пацверджаная інфармацыя аб непрызнанні Graues Reise­doku­ment у наступных краінах: Егіпет, Мальдывы, Паўночная Македонія, Шры-Ланка, Турцыя, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі.

    Польшча

    У снежні мінулага году падчас сустрэчы прадстаўніка АПК Беларусі Паўла Латушкі з намеснікам міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацеем Душчыкам было заяўлена аб тым, што спрошчаны парадак выдачы польскіх праязных дакументаў замежніка для грамадзян Беларусі будзе працягнуты да 30 чэрвеня 2025 года.

    пашпарт замежніка

    Так званы жэнеўскі пашпарт. Фота: «Белсат»

    Асобна абмяркоўвалася правапрымяняльная практыка, звязаная з прызнаннем праязнога дакумента замежніка ў якасці дакумента, які сведчыць асобу на тэрыторыі Польшчы.

    МУС Польшчы зыходзіць з таго, што праязны дакумент іншаземца сведчыць асобу на тэрыторыі Польшчы, аднак мае намер прааналізаваць практычнае прымяненне гэтага падыходу. Пры неабходнасці МУС ініцыюе ўнясенне адпаведных змяненняў у закон аб замежніках.

    Таксама абмяркоўвалася пытанне аб тэрміне дзеяння праязнога дакумента замежніка, які цяпер выдаецца на адзін год. Цяпер МУС Польшчы аналізуе тэхнічныя і прававыя магчымасці прадаўжэння тэрміну дзеяння праязнога дакумента, напрыклад, да двух ці трох гадоў.

    Аднак рэалізацыя гэтага падыходу запатрабуе захавання стандартаў біяметрыі.

    Умовы выдачы Pol­s­ki doku­ment podróžy dla cud­zoziem­ca грамадзянам Беларусі выкладзены на сайце ўрада Рэспублікі Польшча. Дадатковая інфармацыя аб дакуменце размешчана тут.

    Як тлумачаць чыноўнікі польскага ўраду, праязны дакумент для замежніка з’яўляецца менавіта праязным дакументам і не замяняе візу ў тых выпадках, калі яна неабходна. Усе дзяржавы сябры ЕС прызнаюць гэты дакумент.

    Швецыя

    Каб атрымаць пашпарт замежніка (Främ­lingspass) у Швецыі, трэба мець дазвол на жыхарства на падставе абароны ад уладаў у краіне паходжання, то бок, пераследу.

    Перашкодамі для атрымання Främ­lingspass з’яўляецца:

    • наяўнасць грамадзянства Швецыі або грамадзянства EU/EEA (Еўрапейскі Саюз і Еўрапейская эканамічная зона);
    • ДНЖ быў атрыманы з прычынаў абароны, якія не звязаныя з уладамі краіны паходжання;
    • наяўнасць іншага дакумента, які аналагічны пашпарту і з якім магчыма падарожнічаць;
    • знаходжанне заяўніка ў краіне паходжання.

    Больш падрабязна аб «Främ­lingspass» і ўмовах яго атрымання можна прачытаць тут.

    Пашпарт замежніка можа быць выдадзены на тэрмін да 3 гадоў. Шведскае міграцыйнае агенцтва дэкларуе, што дакумент адпавядае пашпартным патрабаванням ЕС і з ім можна падарожнічаць ва ўсе краіны. Але для ўезда ў некаторыя краіны можа спатрэбіцца атрыманне візы. Каб удакладніць гэтую інфармацыю, агенцтва раіць звяртацца ў амбасаду адпаведнай краіны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці