• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прэмія «ПРАФОТА» 2015 (да 20 кастрычніка)

    Прэмія дакументальных і арт-праектаў для беларускіх фатографаў «ПРАФОТА» прысуджаецца ў дзвюх намінацыях:

    • Дакументальная фатаграфія
    • Арт-фатаграфія

    Журы складзе лонг-ліст з дванаццаці фотапраектаў і шорт-ліст — з шасці. Працы з шорт-ліста ўвойдуць у штогадовы каталог прэміі ды выставу (адбудзецца ў лютым 2016 года ў мінскай прасторы «ЦЭХ»). Таксама адзін з праектаў у кожнай намінацыі атрымае Гран-пры. Пераможцам арганізуюць персанальныя выставы ў межах Месяца фатаграфіі ў Мінску ў 2016 годзе. Таксама найлепшыя аўтары будуць мець магчымасць наведаць адну з міжнародных фатаграфічных падзеяў: фестываль, майстар-клас ці партфоліа-рэвю (фармат прызу вызначыць аргкамітэт па выніках конкурсу).

    Умовы

    На конкурс ад беларускіх фатографаў (у тым ліку калектываў фатографаў) прымаюцца фотапраекты, скончаныя ці ўпершыню апублікаваныя ў 2014—2015 гадах. Кожная серыя можа складацца максімум з 20 здымкаў. У кожную намінацыю магчыма падаць неабмежаваную колькасць праектаў.

    Для дакументальных праектаў забараняецца істотнае ўмяшанне ў фотаздымак: фотамантаж, візуальныя эфекты, рамкі і лагатыпы на выяве.

    Тэхнічныя патрабаванні да фотаздымкаў

    – Фотаздымкі павінны мець пашырэнне 72 dpi, памер 1200 пікселяў па доўгім баку.
    – Кожны фотаздымак мусіць быць захаваны як асобны JPEG.
    – Для каляровых фотаздымкаў рэкамендуецца AdobeRGB ці sRGB, для чорна-белых — Gam­ma 2.2. Фармат CMYK не прымаецца.
    Exif фотаздымка мае быць захаваны.
    – У filе info кожнага здымку павінен быць падрабязны подпіс.
    Filе info трэба запоўніць на дзвюх мовах: рускай або беларускай і англійскай.
    – Імя файлу мусіць складацца з намінацыі, скарочанай назвы серыі і нумару файлу: да прыкладу, art_children_1.jpg.
    – Назвы файлаў павінны быць напісаныя лацінкаю.

    Дасылка праектаў

    Праекты прымаюцца да 20 кастрычніка ўключна на email: prafota@gmail.com.
    Разам з фотаздымкамі абавязкова трэба даслаць кароткія біяграфічныя звесткі пра сябе/калектыў аўтараў і кантактныя дадзеныя (пошта, тэлефон).

    Аўтарскія правы

    Фатограф гарантуе, што ён аўтар фатаграфічнага матэрыялу, прапанаванага ад ягонага/ейнага імя на конкурс. У выпадку спрэчных пытанняў арганізатары конкурсу запытваюць доказы аўтарства.

    Аргкамітэт пакідае за сабой права выключыць усе працы аўтара з ліку конкурсных ці прызавых у выпадку, калі выявяцца факты парушэння аўтарскіх правоў. Рашэнне аб выключэнні працаў прымае аргкамітэт конкурсу. Прынятае рашэнне не абскарджваецца.

    Фатограф мусіць быць адзіным праваўладальнікам ці мусіць падаць пісьмовую згоду (дазвол) праваўладальніка на выкарыстанне матэрыялу.

    Дасылаючы фатаграфіі, аўтар пагаджаецца з умовамі конкурсу, а таксама з тым, што гэтыя фатаграфіі могуць быць выкарыстаныя арганізатарамі для публікацыі ў друкаваным ці электронным выглядзе ў мэтах прамоцыі конкурсу ў любым фармаце (інтэрнэт-выданні, друкаваныя выданні, СМІ, паліграфічная прадукцыя і г. д.) без выплаты якой-кольвек узнагароды.

    Місія «ПРАФОТА»

    Мы выступаем за стварэнне адзінай конкурснай прасторы для камунікацыі і падвышэння візуальнай пісьменнасці людзей, якія займаюцца і цікавяцца фатаграфіяй. Нашая мэта — развіццё беларускай фатаграфіі шляхам падвышэння стандартаў сучаснай дакументальнай і арт-фатаграфіі ў Беларусі. Праз стымуляванне грамадскага інтарэсу да фатаграфіі мы імкнёмся стварыць спрыяльныя ўмовы для свабоднага абмену інфармацыяй і росту магчымасцяў для актыўнага і эфектыўнага ўзаемадзеяння беларускіх фатографаў, крытыкаў і аматараў фатаграфіі.

    Журы

    Ганна Шпакава (старшыня журы)
    Святлана Паляшчук
    Кен Шлес (Ken Schles)
    Сайман Норфалк (Simon Nor­folk)
    Джэймз Ўэлфард (James Well­ford)
    Джордж Джорджыў (George Geor­gion)
    Барбара Штаўс (Bar­bara Stauss)

    Старшыня журы: Ганна Шпакава
    Прадзюсарка, куратарка, фотарэдактарка. Выпускніца Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту ім. М. Ламаносава. Працавала ў часопісах «Афиша», «Огонёк», «Сноб», фотадырэктаркаю агенцтва «РИА Новости». Выкладае ў школе фатаграфіі і мультымедыя ім. Родчанкі, Масква. Куратарка выставаў у Расіі і за межамі, камісар Расіі на фотабіенале Pho­to­quai 2011 у Парыжы. Фіналістка конкурсу POY 2013 у намінацыі «найлепшая газета» («Московские Новости»). Куратарка і фотарэдактарка мультымедыйнага праекту «Грозны: 9 гарадоў», уладальніца ўзнагароды для ваенных журналістаў Prix Bayeux-Cal­va­dos у намінацыі «ўэб-журналістыка» (2014).

    Святлана Паляшчук
    Культуролаг (ЕГУ, Мінск) і магістр у галіне сацыялогіі ды сацыяльнай антрапалогіі (Цэнтральна-Еўрапейскі ўніверсітэт, Будапешт). Вывучае гісторыю і тэорыю фатаграфіі, улучна з беларускай. Друкавалася ў часопісах «Мастацтва», Pho­to­scope, Art Aktivist, «Культурный журнал», «Новая Европа», Photographer.RU, «Хулиганствующий элемент», FK Magazine/Fotokvartals.

    Кен Шлес
    Нарадзіўся ў 1960 у Брукліне, Нью-Ёрк. Фатограф, аўтар 5 манаграфіяў. Рэпрэзентаваныя ў Музеі сучаснага мастацтва, адзначаныя The New York Times Book Review і апублікаваныя ў самых розных выдавецтвах нашага часу, ягоныя кнігі называюць «інтэлектуальнымі вехамі фатаграфіі» (Süd­deutsche Zeitung), «чартоўскі цудоўнымі» (The New York­er) і «поглядам у свядомасць вялікага фатографа» (Hot­shoe). Працы Кена Шлеса захоўваюцца ў больш як 100 музейных і бібліятэчных зборах па ўсім свеце.

    Сайман Норфалк
    Нарадзіўся ў 1963. Нягледзячы на тое, што фатограф вызначае жанр, у якім працуе, як ландшафтную фатаграфію, ягоны стыль можна апісаць як дакументаванне вынікаў. Сярод працаў Саймана — краявіды Афганістану, Босніі, Ізраілю, Бейруту і Асвенціму. Здымкі фатографа рэгулярна друкуюць у такіх выданнях, як The Guardian Week­end (Вялікая Брытанія), ID (Вялікая Брытанія), Foto8 (Вялікая Брытанія), Cam­er­a­work (ЗША), Los Ange­les Times (ЗША), FotoMagazine (Нямеччына), Exit (Іспанія). Цяпер Сайман Норфалк жыве ў Брайтане, на паўднёвым узбярэжжы Англіі.

    Джэймз Ўэлфард
    Былы галоўны рэдактар часопісу Newsweek, браў удзел у шэрагу праектаў, высока ацэненых на World Press Pho­to, The Over­seas Press Club і The Visa Pour L’Image. Джэймз таксама курыраваў разнастайныя выставы, сярод якіх «Праекцыі рэальнасці» (Масква), «Пакаленне 11 верасня, 10 гадоў ваеннай фатаграфіі пасля 11 верасня» (Гаага, Нідэрланды), «Рэпартаж з То’хоку: адгалоссе катастрофы ў Японіі» (Нью-Ёрк, ЗША) і шмат іншых. Ён таксама сузаснавальнік групаў See­nUn­seen і Screen, выкладчык у Міжнародным цэнтры фатаграфіі (Нью-Ёрк).

    Джордж Джорджыў
    Выбітны фатограф, які працуе пераважна на Балканах, ва Усходняй Еўропе, Сербіі, Грэцыі ды Турцыі. Асноўныя тэмы творчасці — пераходны перыяд і ідэнтычнасці, а таксама дачыненні людзей з асяроддзем, у якім яны апынуліся. Сярод узнагародаў Джорджа — дзве перамогі на World Press Pho­to (2003, 2005), прыз ад The British Jour­nal of Pho­tog­ra­phy (2010), першае месца на Pic­tures of the Year Inter­na­tion­al (2004) і ўзнагарода за найлепшае фотаэсэ ад Nikon Press Award UK (2000). У 2011 годзе ягоныя працы паказалі ў MoMa (Нью-Ёрк).

    Барбара Штаўс
    Нарадзілася і вырасла ў Швейцарыі, затым пераехала ў Берлін, каб вывучаць расейскую мову, а пасля – фатаграфію і візуальную камунікацыю. У 1996 годзе яна стала адною з заснавальніц Mare — Die Zeitschrift der Meere — тэматычнага часопісу пра мора, прысвечанага класічнаму фотарэпартажу і фотаэсэ. З таго часу Барбара ўзначальвае Mare, адказваючы за фатаграфічныя канцэпцыі і візуальны наратыў часопісу. У 2010 яна зарганізавала перазапуск нямецкай рэдакцыі штогадовай публікацыі фотакнігі Reporters With­out Bor­der і заняла пасаду праектнага менеджара гэтай арганізацыі. Барбара таксама курыруе фотавыставы і выкладае на семінарах па фотарэдактарскай працы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці