• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сотні тысяч чытачоў газеты кожны тыдзень. Як? Майстар-клас ад «КП в Белоруссии»

    Адзінае штодзённае друкаванае незалежнае выданне ў Беларусі — газета  «Комсомольская правда в Белоруссии». Газета выходзіць 5 разоў на тыдзень: 4 разы 16–24 паласы накладам 30–35 тыс асобнікаў, і "таўстушка" ад 32 да 48 старонак накладам у 206–210 тысяч асобнікаў.

    «Кожную газету — чытае 3-4 чалавекі. Гэта значыць, што «талстушка» трапляе ў рукі прыкладна да 750 тысяч чытачоў», — кажа галоўны рэдактар «Комсомольской правды в Белоруссии» Андрэй Ляўкоўскі.

    Рэдактары выдання Вольга Анцыповіч, Іна Брызінская і Андрэй Ляўкоўскі правялі адкрытую лятучку ў Прэс клубе Беларусь.

       Экс-редактар "КП в Белоруссии» Юлія Слуцкая, рэдактар Вольга Анцыповіч,  галоўны рэдактар "КП в Белоруссии» Андрэй Ляўкоўскі, рэдактар Іна Брызінская

    Рэцэпт паспяховага друкаванага медыя ад «камсамолкі»:

    1. Збіраем рэдакцыю

    Гэта каля 30 журналістаў плюс асобныя аддзелы вёрсткі, карэктуры, рэкламы і маркетынгу.

    «Адна рэдакцыя робіць і газету, і «талстушку», і тэксты для сайта. Журналісты часта дапамагаюць пісаць і рэкламныя тэксты, дзеляцца рэдактары. Цяжкавата, бо рытм працы газеты і сайта розныя». 

    2. Наладжваем рытм працы

    Рэдакцыя працуе як гадзіннік. Дзень пачынаецца з планёркі ў 9.30, якую вядзе «свежая галава» супрацоўнік, які набывае газету і робіць агляд іншых выданняў. Нумар падпісваецца ў друк у 18.0018.30.

    3. Арганізоўваем дастаўку

    Ноччу газета друкуецца і дастаўляецца да чытача. Як? «Саюздрук і Белпошта маюць сваю сістэму дастаўкі. Сеткі гіпермаркетаў размяркоўваюць частку наклада па сваіх крамах. Частку наклада развозіць сама рэдакцыя, плюс ёсць партнёры, якія бяруць газету для рэалізацыі», кажа галоўны рэдактар Андрэй Ляўкоўскі.

    4. Маркетынг

    Па-ранейшаму, асноўны прыбытак прыносіць папяровая версія (не сайт) праз продажы і рэкламу. Па словах рэдактара  Іны Брызінскай, імпульснае набыццё газеты, асабліва ў гіпермаркетах і шапіках Белсаюздруку, дзе бачныя першыя палосы газетаў, вельмі залежаць ад таго, хто — на першай паласе.

    Людзей заўсёды кранаюць трагедыі, тэмы дзяцей, сям’і, разводаў.

     

    Як пацверджанне гэтаму — лепш за ўсе за мінулы год радаўся нумар з Аляксанрам Ціхановічам на вокладцы.

    Горш прадаюцца вокладкі, дзе няма пазнавальнага твару (напрыклад, змешчана фота некалькіх чалавек), а таксама нумары з беларускімі героямі на першай паласе. «Напрыклад вокладка з Алесем Мухіным была адной з правальных па продажам», — кажа Іна Брызінская. Рэдакцыя вядзе статыстыку па кожнай вокладцы і пастаянна параўноўвае дадзеныя.

     

    Сайт

    Па словах Андрэя Ляўкоўскага, цяпер сайт працуе «у нуль».

    «Але гэта ня кепска, — кажа Андрэй. — Гэта значыць, што сайт акупляе сябе».

    Сайт kp.by мае 1,5 млн унікальных карыстальнікаў штомесяц. Старонкі на сайце праглядаюць 8–8,5 млн разоў у месяц. 

    «Самы важны паказчык для нас — гэта доля мясцовага трафіка, — кажа Вольга Анцыповіч рэдактар сайта kp.by. — Мы маем каля 8 0% беларускіх наведвальнікаў, і гэта вельмі добрая лічба. Гэта цэняць рэкламадаўцы. Сярэдні ўзрост наведвальнікаў 25–34 гады».

    Вольга падзялілася самымі папулярнымі загалоўкамі на сайце за апошнія тры месяцы. Напрыклад, за лістапад 2017 года — люты 2018 года самай чытанай на сайце kp.by была навіна пра Ядвігу Паплаўскую, якую збіла машына.

    А які самы папулярны каментар? Ну канешне ж «кто эти люди?».

    «Для нас гэта загадка. Чалавек заходзіць на сайт, чытае артыкул да канца, і піша камент «хто гэта такія?», «іх ніхто не ведае», — кажа Вольга Анцыповіч. 

     

    Рэдакцыйная палітыка

    Артыкулы з папяровай газеты, у адпаведнай рэдакцыі, выстаўляюцца на сайце. Але ёсць выпадкі, калі наадварот — топавыя тэксты з сайта трапляюць у газету.

    «Калі Улад Бумага «рве» інтэрнэт, мы разумеем, што пра гэта трэба напісаць у газету. Хутчэй за ўсе гэта будзе такое «не хвалюйцеся» для бацькоў», — кажа Вольга Анцыповіч.

    «Мы па ранейшаму атрымліваем папяровыя лісты. Чытачы тэлефануюць у рэдакцыю. Мы слухаем, што нам расказваюць «пра дармаедства», «пра Пугачову» і г.д. Такія размовы — адзін са сродкаў аб’ектыўна ацаніць цікаўнасць аўдыторыі. Часам хочацца напісаць пра тое, што цікава менавіта табе, але гэтага рабіць не трэба», — кажа рэдактар.

    Сярод чытачоў папяровай газеты «Комсомольская правда в Белоруссии»40 % мужчын, 60 % жанчын, 79 % жыхары гарадоў.  Большасць чытачоў узроставай катэгорыі 18–49 год, чытачоў за 60 год — каля 25 %. 

     

    Што яшчэ выкарыстоўвае рэдакцыя, каб прыцягнуць увагу аўдыторыі і павялічыць продажы?

    •    «Жывая газета» — фотаздымкі і выявы на першай паласе  друкаванай газеты сінхранізуюцца з мабільным дадаткам і ажываюць.

    •    «Зялёныя нумары» — штогод у лютым «Комсомольская правда в Белоруссии» робіць нумар для дачнікаў з пакуначкам насення. «Проста неверагодны водгук! Прыходзіць каля 1 200 смс на конкурс. Хоць гэтыя смс і платныя», — расказвае пра папулярнасць «зялёных нумароў» Андрэй Ляўкоўскі.

    •    Газета, якая становіцца аб’емнай з 3D акулярамі. 

     

    Назва

    Хоць газета заўсёды на піку падзей, у яе назве ўсе словы — атавізмы. Ну, можа, акрамя слова «праўда».

    «Ёсць указ прэзідэнта №172 ад 7 красавіка 2000 года «Аб выкарыстанні назвы «Рэспубліка Беларусь» юрыдычнымі асобамі», які забараняе ў назве газеты выкарыстоўваць афіцыйную назву краіны «Беларусь», — тлумачыць Андрэй Ляўкоўскі.

    «Комсомольская праўда» — вялікі выдавецкі дом, які мае 50 прадстаўніцтваў у розных краінах свету і прадукуе 11 млн адзінак друкаваных выданняў штомесяц! Таму назва «Комсомольская правда» і «Белоруссия» застаюцца.

    ЗАТ «БелКП-ПРЕСС», якому належыць «Комсомольская правда в Белоруссии», таксама выдае бясплатную газету «Ва-Банкъ», кніжныя серыі, напрыклад «Вялікія мастакі» і інш.

     

    Стасункі з маскоўская рэдакцыяй

    Па словах гасцей, маскоўская рэдакцыя не ўплывае на кантэнт беларускага выдання.

    «Маскоўскія» тэксты і «палосы» мы ставім, але гэта агульначалавечыя гісторыі. Мы — беларускае выданне. Усю газету мы фармуем самастойна. У нас няма абавязковай расійская часткі. Стараемся рабіць сваё, — тлумачыць Андрэй Ляўкоўскі, і падкрэслівае, што «КП в Белоруссии» — дзвюхмоўная газета.

    Але, нажаль, пакуль тэксты на беларускай мове не вельмі добра чытаюцца і прадаюцца.

    Таксама маскоўская рэдакцыя не ўплывае на інфармацыю на сайце kp.by, але бываюць узаемапранікненні, тады з беларускага дамена можна пабачыць навіны расійскай рэдакцыі.

     

    Колькі зарабляюць журналісты?

    «Плацім заробкі і прэміі» — кажа Андрэй Ляўкоўскі.

    У журналістаў ёсць аклад і ганарары. Артыкул для сайта, калі ён ужо быў у газеце, ацэньваецца трохі ніжэй. Калі журналіст пісаў толькі для для сайта — ганарар будзе вышэй.

    Агульна рэдактары паведамілі, што заробкі ў газеце «трохі вышэй» за сярэднія па краіне.

     

    Суды: «судзімся мы, судзяцца з намі»

    Суды — адзін са штодзённых клопатаў рэдакцыі. У газеце працуюць юрысты.

    «Бываюць суды з‑за крадзяжу кантэнту.  Гэтага мы не прабачаем», — кажа Вольга Анцыповіч.

    Але таксама і на газету падаць у суд. Адзін з самых буйных судовых спагнанняў з «КП в Белоруссии» —  гэта кампенсацыя ў 30 тысяч долараў старшыні мытнага камітэта Аляксандру Шпілеўскаму. Ягоны фотаздымак пераблыталі і змясцілі пад навіной пра Мікалая Шіпеўскага — менеджара футбаліста Аляксандра Глеба. «Суд цягнуўся доўга, але ў выніку мы сплацілі кампенсацыю», — сказаў Андрэй Ляўкоўскі.

    «Калі мы памыляемся, то гатовыя прызнаць віну і паспрабаваць дамовіцца. Мы выбачаемся за свае памылкі ў спецыяльнай рубрыцы. Самыя складаныя матэрыялы — гэта крымінал. Напісаць так, каб асвяціць падзею і не нарабіць  недакладнасцяў — цяжкая задача», — кажа Іна Брызінская.  

    Агульна рэдактары адзначылі што ў газеце вельмі добрая атмасфера і працаваць у калектыве камфортна. Як падцверджанне гэтамутой факт, што большасць новых журналістаў «КП в Белоруссии». Гэта — студэнты, якія размеркаваліся ў рэдакцыю і захацелі там застацца.     

    Адкрытая лекцыя Барбары МакКормак — віцэ-прэзідэнта Музея журналістыкі і навін, Вашынгтон (13 лютага, БАЖ)

     

    Прэзідэнт Альянсу незалежных рэгіянальных выдаўцоў Расіі: Платным інтэрнэт-кантэнтам могуць стаць толькі ўнікальныя гісторыі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці