“Трэба рабіць тое, што вам падабаецца, і шукаць тых, хто можа за гэта заплаціць”: лайфхакі ад гарадзенскіх журналістаў
Калегі з Лунінца завіталі на гродзенскую пляцоўку HrodnaMediaRoom. Падчас сустрэчы рэдактарка гродзенскага партала HrodnaLife Ірына Новік правяла майстар-клас па журналісцкіх спецпраектах, а фатограф і журналіст бізнес-партала Grodno.in Ілля Гелей распавёў, як ствараць фотагісторыі, якія будуць глядзець і чытаць. Прыводзім самае цікавае з двух майстар-класаў.
Журналісцкія сацыяльныя спецпраекты: лайфхакі ад Ірыны Новік
— Прыклад сацыяльнага спецпраекту можам разгледзець на шоў “Горад”, у межах якога ў Гродне з’явілася пляцоўка для выгулу сабак, — гаворыць Ірына Новік.
Вельмі важна, каб у горадзе было пазітыўнае стаўленне да ідэі праекту. Напачатку мы даследавалі, ці будзе гэта цікава гараджанам, а таксама ці мае праект шанцы на мультыфікацыю – распаўсюд пазітыўнага досведу ў будучыні. Мы размаўлялі з людзьмі, праводзілі апытанкі, і ўцягванне гарадзенцаў было вельмі актыўным. Аказалася, што пляцоўка для выгулу сабак патрэбна не толькі сабачнікам, але і раварыстам, мамам з дзеткамі і гэтак далей. Такім чынам мы паказалі, што робім гэта не для горсткі сабачнікаў, а для ўсяго горада.
Мы пісалі пра кожны этап, нас перадрукоўвалі іншыя рэсурсы – ішла кампанія. Увесь час адбывалася праца з уладамі. Не раз хадзілі на прыём да кіраўніка гарадскога ЖКГ, усе горкі і прыстасаванні для сабак ЖКГ зрабіла бясплатна. З адкрыцця пляцоўкі зрабілі сапраўднае свята, пастараліся самі актывісты, мясцовая супольнасць.
Таму вельмі важна падтрымліваць розгалас у СМІ: не толькі мы самі напісалі пра праект, але напісалі пра нас і пра грамадскіх актывістаў. Мы паказалі прыклад, як людзі не прасілі ў горада асаблівых грошай, а змаглі сваімі сіламі нешта змяніць у гарадскім асяроддзі.
Мы паставілі ўлады ў тупік сваім жаданнем нешта рабіць для горада бясплатна, яны аказаліся да такога не гатовыя. Але нам пашанцавала, што летась у нас быў малады, незашораны, вельмі адкрыты кіраўнік ЖКГ.
Так атрымаўся добры прыклад грамадскага праекту, дзе трэба ўмець дамаўляцца, шукаць актыўных людзей, не замяняць сабой іх актыўнасць, шукаць кампрамісы і моманты развіцця.
Сацыяльны праект, які яшчэ і прыносіць грошы
— Другі праект – рэкламны. Мы яго зрабілі б і бясплатна, але на поўную рэалізацыю былі неабходныя грошы. Грошы ёсць у бізнесу, — працягвае Ірына.
Мы вельмі хацелі зрабіць турыстычную мапу па Гродне, таму што свой горад вельмі любім, ён – круты. Мы хочам, каб усім было ў ім добра, таксама і тым людзям, якія прыехалі сюды ўпершыню. Галоўны герой мапы – алень Лявон, прапрапраўнук аленя Святога Губерта – сімвала Гродна. Фішка мапы – яна складаецца ў домік, атрымліваецца яшчэ і сувенір.
Мы хацелі, каб быў папяровы варыянт мапы, бо інтэрнэт ёсць не заўсёды. Нам патрэбны былі грошы, каб яе надрукаваць. Сталі шукаць магчымасці. На мапе нанесеныя цікавосткі нашага горада і лічбамі пазначаныя гарадзенскія кавярні. Таму напачатку мы хацелі манетызаваць мапу праз гэтыя кавярні, нанесеныя на мапу. Але аказалася, што яны плаціць не гатовыя. Тады мы звярнуліся да больш буйнога бізнесу і знайшлі спонсара – гэта турыстычная фірма, уладальнікі адной з кавярняў і гандлёвы дом. Мы дамовіліся на тое, каб аддаць ім частку накладу для распаўсюду па іх кропках. Яны гатовыя былі за гэта заплаціць.
Бясплатна такі праект мы маглі зрабіць толькі анлайн, але дзякуючы таму, што знайшлі падтрымку, змаглі зрабіць больш. Такія праекты робяцца не надта хутка: тут было шмат працы дызайнера, гісторыкаў, шмат чаго ўзгаднялі. Таму вельмі важна, каб праект увесь гэты час быў у інфармацыйным полі. Калі мы прэзентавалі наш праект і мапу, нам было важна, каб пра гэта напісалі іншыя гарадскія выданні. Праект атрымаў вялікі розгалас на радыё, тэлебачанні і ў газетах.
Каб нагадваць пра праект, мы рабілі матэрыялы і публікацыі. Напрыклад, пра тое, што нашчадак аленя святога Губерта знайшоўся ў Гродне: калажы, на якіх у значных месцах горада з’яўляўся герой нашай мапы Лявон. У нас “на ўра” ідуць праекты пра ежу, мы зрабілі турыстычную ацэнку аб’ектаў харчавання ў аленях святога Губерта. У нас былі паказчыкі якасці, за якія налічваліся “алені”. Напрыклад, наяўнасць меню на англійскай мове, Wi-Fi, магчымасць разлічыцца карткай і г. д. Так у гульнявой вясёлай форме мы стараемся расказваць пра самыя розныя рэчы.
Гэта тая сітуацыя, калі мы па-свойску размаўляем з тымі, хто разумее нас, хто нас чытае, хто ў курсе, хто такі алень Лявон, а калі не ў курсе, то пачытае ў нас і стане нашым. Гэта такі шлях да сэрца чытачоў.
Чаму важна падтрымліваць цікаўнасць да праекту ўвесь час? Гэта мапа – вялікі дызайнерскі праект, і за адзін раз ён не акупіцца. Каб мапа пачала прыносіць прыбытак, трэба выдаць яе некалькі разоў. Мы зрабілі мапу па мясцінах у Гродне, звязаных з БНР – да 100-годдзя БНР. Можна таксама зрабіць габрэйскі, літаратурны Гродна, і шукаць зацікаўленых людзей, гатовых падтрымаць гэтыя ідэі. Кожны раз можна адкрываць новы пласт нашай гісторыі, і з кожным разам матэрыяльная аддача ад праекта будзе ўсё большай.
Апошняе, што мы рабілі з мапай, было па замове спартовага комплекса “Нёман”: яны праводзілі спаборніцтвы па спартоваму арыентаванню і замовілі мапы ў пакет для кожнага ўдзельніка.
На маю думку, такі выхад з анлайна ў афлайн – дзякуючы вырабу мапаў, кніг – у будучыні будзе вельмі перспектыўным.
Сацыяльная натыўная рэклама ў рэгіянальных медыя
— Ёсць тэмы і праекты, якія мы любім і гатовыя працаваць з імі нават бясплатна. Але стараемся зрабіць так, каб за гэта заплацілі. Добры прыклад супрацоўніцтва ў нас атрымаўся з Беларускім народным банкам, — працягвае журналістка.
У праекце апісваецца сядзіба Панямунь, рэзідэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалітай. Зараз гэта жылы дом. Раней там жыў кароль, цяпер – пяць гродзенскіх сем’яў.
Чаму банку цікава нам плаціць за гістарычны матэрыял?
Банк пазіцыянуе сябе як установа, якая паважае беларускую гісторыю. На вуліцы Сацыялістычнай ёсць знакаміты гарадзенскі “дом з лілеямі”, гэта офіс банка. Гадоў 15 таму будынак быў у жахлівым стане, яго збіраліся знесці. Актывісты і гісторыкі адстаялі яго і шукалі любыя магчымасці, каб гэты дом захаваць, бо ён унікальны. Гэты будынак быў уласнасцю Беларускага народнага банка, і яны пагадзіліся аплаціць рэканструкцыю. Гэта каштавала вялізных сродкаў, рэканструкцыя цягнулася 10 гадоў. Але тое, што яны зрабілі – гэта выдатны ўзор рэканструкцыі, бо захавалі ўсё, што толькі змаглі ўзнавіць па дакументах і фотаздымках. Банк гэтым вельмі ганарыцца. І калі мы пісалі ім прапанову, то адзначалі – давайце мы напішам пра сядзібу, бо ў горадзе ёсць ваш прыклад, як трэба захоўваць гістарычную спадчыну. Магчыма, гэты праект натхніць улады заняцца сядзібай, магчыма, знойдзецца інвестар. Банк пагадзіўся. І гэты праект сябе ўжо акупіў. Вось на такой глебе любові да беларускай гісторыі і яе захавання мы знайшлі агульную мову.
Сваю бізнес-канцэпцыю трэба вельмі дакладна фармуляваць. Старонка тэксту, палова старонкі лічбаў: колькі выдаткаў патрабуецца на кожны пункт, колькі грошай вернецца ад продажу таго, што мы зробім. У дырэктара банка не будзе часу слухаць вас тры гадзіны. Добра, калі вам дадуць 15 хвілін на ўсю сустрэчу, і за гэты час вы павінны дакладна расказаць, што менавіта хочаце, колькі гэта каштуе, што ў выніку атрымае патэнцыйны спонсар. Такую кампетэнцыю, уменне коратка расказаць, што вы хочаце, варта ў сабе выпрацоўваць. Калі дырэктар зацікавіўся і гатовы з вамі размаўляць, то там ужо можна распавесці пра свой праект больш шырока.
Падчас пошукаў патэнцыйных партнёраў важна вылучыць, што прапісана ў палітыцы бізнесу, якія ёсць пункты па сацыяльнай адказнасці. Варта падкрэсліваць, што з вашай дапамогай бізнес зможа пазітыўна сябе пазіцыянаваць, што вы робіце агульную карысную справу.
У нашым выпадку мы падкрэслілі, што банк, які захоўвае агульнае багацце, захавае і багацце кліентаў, а таксама што ён стварае рэнамэ надзейнага партнёра. Сёння ў натыўнай рэкламе размовы пра зніжкі і завоз новых тавараў ужо не працуюць, у нас выпрацаваўся імунітэт на гэта. Сёння людзі гатовыя плаціць за аўтарытэт, рэнамэ, гандлёвую марку. І зараз бізнес разумее, што трэба працаваць не на прасоўванне зніжкі ці новага прадукту, а на імя. Зразумела, што ў спонсара могуць быць свае інтарэсы, але важна знайсці пункты перасячэння, дзе вы будзеце супадаць. Для кожнага кліента трэба шукаць свой падыход, глядзець, думаць, аналізаваць, пралічваць. У рэгіянальных журналістаў ёсць козыр: мы можам упэўнена казаць, што ў Мінску падобны праект каштаваў бы ў некалькі разоў даражэй.
Трэба рабіць тое, што вам падабаецца, і шукаць тых, хто можа за гэта заплаціць. Патэнцыйным спонсарам давесці, што яны крутыя, што калі не яны, то хто, што гэта ім самім патрэбна.
Сёння журналісту трэба мысліць праектамі, маштабамі, кубікамі Lego, з якіх можна пабудаваць цэлую канструкцыю. Сёння мы павінны ведаць шмат моваў – мовы лангрыдаў, мультымедыя, сторытэлінгу, візуала. Гэта пашырае нашы магчымасці. І калі мы хочам быць прафесійнымі журналістамі, то павінны вывучаць усе гэтыя мовы і інструменты.
“Фатаграфія будуецца на інфармацыі”: лайфхакі ад Іллі Гелея
— Добрае фота – адзін са спосабаў, каб чытачы дагарталі вялікі лангрыд да канца, — дзеліцца досведам гродзенскі фатограф Ілля Гелей.
Пры стварэнні матэрыялу варта прытрымлівацца цэласнага падыходу, каб мультымедыя разам з тэкстам стваралі адзіны візуальны комплекс і раскрывалі адзін аднаго.
Самыя топавыя тэмы:
-
Месцы, куды цяжка ці немагчыма трапіць (экскурсіі па закрытых аб’ектах, прадпрыемствах і гэтак далей).
-
Сторытэлінг пра людзей, напрыклад, незвычайны досвед турызму ад вандроўнікаў.
-
Добра выстрэльвае фармат матэрыяла-правакацыі, выкліку свету і грамадству.
Як стварыць фотагісторыю?
-
Вызначыць тэму. Чым больш вострай, значнай яна будзе, тым большая верагоднасць таго, што фотагісторыя атрымаецца добрай.
-
Фотагісторыя прадугледжвае, што вы будзеце разглядаць тэму з розных ракурсаў. Адразу трэба настройвацца на тое, што трэба будзе рабіць некалькі выездаў на месца здымкі. Вы прывыкаеце да герояў, яны – да вас,людзі пачынаюць вам давяраць, вы становіцеся пабочным назіральнікам, нібыта вас там ужо і няма. Тады ўдаецца злавіць вельмі ўдалыя кадры. Але пры гэтым трэба быць настроеным на тое, што можна адздымаць цэлы дзень і не атрымаць для фотагісторыі ніводнага кадра.
-
Для фотагісторыі мы павінны валодаць максімумам інфармацыі пра прадмет здымкі. Мы павінны быць “у тэме”, чаму так адбываецца, якія тут ёсць дзейсныя асобы і героі, якая перадгісторыя. Фатаграфія будуецца на інфармацыі. Калі мы не ведаем, што распавядаць, на чым будаваць візуальны складнік, тады і фотагісторыя будзе слабай.
Як развіць у сябе фатаграфічнае бачанне?
Трэба наведваць выставы і пастаянна здымаць. Глядзець, што здымаюць іншыя, але не капіраваць. Ідэі можна пазычаць, але рабіць па-свойму, прапускаць праз сябе. З пункту гледжання аўтарскага права, ідэі не патэнтуюцца, таму гэта не будзе крадзяжом, — раіць Ілля Гелей.