• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як пісаць пра судовыя справы: рыхтуйцеся і шукайце новыя павароты. Парады Адар’і Гуштын

    У офісе ГА «БАЖ» прайшла кансультацыя журналісткі Адар'і Гуштын пра тое, як пісаць пра судовыя справы і якіх памылак трэба пазбягаць, каб самому не трапіць пад суд.

    На суд заўсёды трэба ісці падрыхтаваным

    Ёсць некалькі спосабаў, як і дзе можна атрымаць патрэбную інфармацыю. Самы просты і самы вядомы спосаб атрымаць інфармацыю пра працэс — звярнуцца ў прэс-службу суда. Прэс-службы ёсць у Вярхоўнага суда і ва ўсіх гарадскіх, абласных і раённых судоў. Многія прэс-сакратары ў Face­book робяць анонсы найбольш гучных судовых працэсаў.

    Таксама інфармацыю пра працэс можна атрымаць у адвакатаў, праваабаронцаў, саміх фігурантаў і іх сваякоў.

    — Заўсёды лепш пісаць пра гісторыю да пачатку суда, чым постфактум. Важны момант: журналіст не можа і не мае права ўплываць на рашэнне суда. Можна скептычна ставіцца да нашай судовай улады, да яе незалежнасці, аднак дэ-юрэ — гэта незалежны орган. Уплываць на суд і маніпуляваць судом ніхто не мае права, — падкрэслівае Адар’я Гуштын.

    Інфармацыю пра працэсы можна атрымаць на сайце Вярхоўнага суда ў раздзеле «Электроннае судаводства», дзе ёсць дадзеныя пра судовыя пасяджэнні ў абласных судах і ў Вярхоўным судзе. Рэзанансныя справы як правіла разглядаюцца Вярхоўным і абласным судамі.

    Яшчэ ёсць «дзедаўскі метад», на які не заўсёды ёсць час, але ён часта бывае эфектыўным. Можна прыходзіць у будынкі раённых судоў і глядзець расклад пасяджэнняў — там указаныя артыкулы і прозвішчы падсудных. Так можна знайсці цікавыя кейсы.

    Трэба добра вывучыць біяграфію фігурантаў, паглядзець, што пра іх пісалі ў медыя, асабліва калі гэта вядомыя людзі. Калі ёсць магчымасць, то варта да суда пагаварыць са сваякамі і калегамі фігурантаў.

    Калі судзяць бізнесменаў, трэба даведацца, якія ў іх актывы, якія яны ажыццяўлялі здзелкі, пра што казалі ў публічных выступах.

    Вывучыць усё, што пісалі па гэтай справе іншыя медыя, асабліва калі трэба будзе хутка напісаць навіну. Можна загадзя аформіць некалькі абзацаў, так званую «рыбу», каб потым толькі дадаць новыя дэталі.

    Матэрыялы не павінны быць аднатыпнымі, шукайце павароты. Памятайце, што на гучны працэс могуць прыйсці і дзесяць журналістаў.

    Можна пашукаць статыстыку па тэме, паглядзець яе дынаміку. Важна вывучаць судовую практыку.

    «Я б рэкамендавала чытаць судовыя выданні, якія спецыялізуюцца на розных тэматыках», — кажа Адар’я.

    Глядзіце базы міжнароднага вышуку. Нярэдка бывае так, што ў нас судзяць людзей, якія знаходзяцца ў вышуку Інтэрпола, у базах вышуку суседніх краін.

    Чым больш інфармацыі ў журналіста перад судом, тым лепш. Цяпер на працэсы журналісты ходзяць з ноўтбукамі. Зразумела, што падрыхтаваны журналіст хутчэй напіша.

    Што адбываецца ў судзе

    У судзе ёсць канкрэтныя правілы паводзін, трэба старацца максімальна іх прытрымлівацца: выконваць тое, што кажуць і не ўступаць у канфлікты з судовай калегіяй. Журналіст — не ўдзельнік працэсу, ён проста ціха сядзіць і фіксуе тое, што бачыць.

    Суд пачынаецца з таго, што мы заходзім у залу пасяджэнняў з дакументамі. З сабой трэба мець пашпарт і журналісцкае пасведчанне, калі няма пасведчання, то можна заходзіць па пашпарце на адкрытыя судовыя пасяджэнні.

    Суд

    Прадстаўленне фігурантаў — важна хутка ўсё фіксаваць, усё пачуць.

    Абвінавачванне зачытвае пракурор. Гэтая частка бывае вельмі доўгая і можа зацягнуцца на некалькі дзён. Галоўнае — не прапусціць пачатак допыту.

    Допыт.

    Вывучэнне пісьмовых матэрыялаў справы.

    Спрэчкі ў судзе — цікавы працэс.

    Апошняе слова — рэкамендуецца не толькі фіксаваць сухія судовыя факты, але і апісваць эмоцыі, погляды, дзеяннi.

    Абвяшчэнне прысуду. Важна памятаць, што пасля абвяшчэння прысуду чалавек яшчэ мае права на яго абскарджанне, а таму не лічыцца вінаватым.

    Трэба ўважліва глядзець на ключавых удзельнікаў, уважліва слухаць, што яны кажуць, выхопліваць нейкія яркія, ацэначныя прамовы адвакатаў, сведкаў, панятых, апісваць іх паводзіны.

    Фота і відэа падчас суда можна рабіць пасля дазволу суддзі з улікам згоды бакоў, аднак для аўдыёзапісаў дазвол не патрэбны.

    Што тычыцца фатаграфій фігурантаў, гэта больш этычнае пытанне. Публікаваць ці не — вырашае рэдакцыя. Калі асоба публічная — фатаграфіі публікуюць.

    Добрым тонам лічыцца не друкаваць фота да вынясення прысуду.

    Закрыты працэс

    На закрытым судовым працэсе можна прысутнічаць толькі да таго, як абвясцілі, што ён закрыты, а таксама падчас прысуду — гэта працэдура з’яўляецца публічнай.

    Ці могуць прыцягнуць да адказнасці за тое, што вы публікуеце інфармацыю з закрытага працэсу, якую атрымалі ад сваіх крыніц? Хутчэй так, чым не.

    Аднак гэта ў большай меры рызыкі таго чалавека, які знаходзіцца на закрытым пасяджэнні і падпісвае дакумент.

    Калі журналіста ўсё ж прыцягнулі да адказнасці за разгалошванне інфармацыі, то да апошняга моманту ён мае права не раскрываць сваю крыніцу.

    Калі ёсць праўкі па матэрыяле ад фігурантаў, адвакатаў, пракурораў, то трэба іх хутка рабіць, а не ісці на канфлікты.

    Судовая журналістыка ў судзе не пачынаецца і не сканчаецца, важна пісаць пра тое, што было да або пасля працэсу. Напрыклад, пісаць рэтраспектывы.

    Як пазбегнуць памылак у матэрыялах пра суды

    Не займаць нічыю пазіцыю — гэта база.

    Заўсёды прасіць дакументы, якія пацвярджаюць словы. Падстрахоўваць сябе юрыстамі і дакументамі.

    Прадставіць у артыкуле ўсе бакі, калі з вамі не захацелі размаўляць, напішыце, што ў каментары адмовілі.

    Не трэба вешаць цэтлікі і выносіць прысуд да таго, як гэта зробіць суд.

    Не выкарыстоўвайце сухую юрыдычную лексіку замест размоўнага стылю.

    Тэрміналогія — варта звяртаць увагу на правільнасць таго, што кажа юрыст. Разумець сутнасць і пісаць чытэльнай мовай.

    Не займацца маралізатарствам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці