• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як зарэгістраваць ананімныя акаўнты ў Telegram, сацсетках і іншых месенджарах — падрабязны гайд

    У гэтым артыкуле мы патлумачым, як знайсці або стварыць эмэйлы і тэлефоны для стварэння бяспечных акаўнтаў.

    Для рэгістрацыі ананімных акаўнтаў вам патрабуецца e‑mail і нумары, якія аніякім чынам не будуць звязаныя ані з якім з вашых рэальных акаўнтаў і сацсеткамі, а назва e‑mail не будзе нагадваць аніякую з вашых старых юзернеймаў ці мянушак. Таксама ўсе аперацыі лепш праводзіць з уключаным VPN (тут мы збіралі спіс давераных і бясплатных) або праз TOR

    Стварэнне ананімнага e‑mail

    Для стварэння ананімнага e‑mail вам трэба абраць сэрвіс, які будзе вам пасаваць і, вельмі пажадана, уключыць VPN. Самых вядомых сярод бяспечных два: proton.me (у звязцы з ім ідзе Pro­ton VPN і бяспечнае воблака Pro­ton Dri­ve) і tutanota.com.

    Апошні для пацверджання патрабуе толькі вашай згоды на тое, што вы не будзеце ствараць на ім дублікаты вашых акаўнтаў і выкарыстоўваць яго для бізнэсу — аніякага пацверджання не патрабуецца. Pro­ton патрабуе пацверджання згодна з унутранымі наладамі ўбудаванай антыспам-сістэмы, то-бок, можа не запатрабаваць нічога, а можа — пацверджанне з дапамогай іншай электроннай пошты, смс ці нават ахвяравання на сэрвіс.

    Можна стварыць і ананімны акаўнт у Google, калі карыстацца тымі ж правіламі (замежны нумар, незвязанае з рэальным чалавекам імя і г.д, моцны пароль і двухфактарка), і не звязваць новы акаўнт з ужо існуючымі.

    Атрыманне нумароў для рэгістрацыі акаўнтаў

    Для рэгістрацыі ананімных акаўнтаў часта патрабуюцца нумары. Падыдуць замежныя ці віртуальныя. Самае актуальнае пытанне — якім менавіта чынам іх набываць і як захоўваць акаўнты ў гэтых сэрвісах у бяспецы. Мы разгледзелі розныя варыянты — ад самых простых да самых складаных і бяспечных.

    Замежны нумар

    Вы можаце папрасіць любога вашага знаёмага набыць вам сімку ў іншай краіне ці зрабіць гэта самастойна падчас вандроўкі. Не пасуе варыянт Расіі, а таксама краінаў з высокім узроўнем карупцыі, бо там такія нумары часта «ўцякаюць» з офісаў аператараў.

    Сім-карту можна або без праблем набыць, або атрымаць у офісе кампаніі.

    Калі гэта еўрапейская краіна ці, да прыкладу, Грузія, то там часта патрабуецца пашпарт для рэгістрацыі сім-карты, але наўрад ці яны стануць выдаваць даныя людзей беларускім спецслужбам. Прасцей за ўсё з бліжэйшых да Беларусі краінаў гэта робіцца ў Літве — для рэгістрацыі сім-карты там не патрабуецца аніякіх дакументаў і яны прадаюцца на кожным кроку.

    Калі ваш нумар рэгіструе знаёмы і вы давяраеце яму не на 100%, то не варта казаць яму назву або імя вашага новага акаўнта ў сацыяльных сетках ці тэлеграме. Калі вы набываеце сім-карту ўласнаручна, то лепш не везці яе ў Беларусь. Пакіньце яе вашым сябрам ці выкіньце — калі вы паклалі грошы на яе баланс, то нейкі час нумар будзе за вамі і гэты тэрмін ва ўсіх аператараў акрэслены.

    Але калі сім-карту проста выкінуць, то ёсць рызыка таго, што нехта праз нейкі час выкупіць той жа нумар. У бот ініцыятывы Cyber­Beaver ужо звярталіся людзі, якія траплялі ў такую сітуацыю, кажуць прадстаўнікі інцыятывы:

    «Чалавек, які набыў выкінуты нумар, будзе мець доступ да акаўнтаў чалавека, які выкінуў сімку. І пасля прадказаць дзеянні немагчыма.

    Адзін чалавек можа проста набыць іншую сімку і забіць, але ёсць людзі, якія просяць грошы і пагражаюць злівам даных, да якіх яны атрымалі доступ. Таму мы не раім бяздумна выкідаць сімку. Ці калі выкідаць, то трымаць у галаве пагрозы (можна таксама пераносіць вашы акаўнты з нумара на нумар. — НН).

    Дарэчы, Google у гэтым сэнсе мае карысны функцыянал. Можна зарэгістраваць ананімны акаўнт з дапамогай нумара, а пасля адвязаць акаўнт ад яго. Тады варыянт «выкінуць сімку» можа спрацаваць больш бяспечна».

    Доўгатэрміновая арэнда віртуальнага нумара

    Гэта выпадак, калі ў вас дастаткова грошаў і рэсурсаў, каб купіць і аплочваць пастаянны віртуальны нумар у замежным сэрвісе. Для гэтага вам патрэбная картка, вельмі пажадана — замежная (іначай у гэтым няма сэнсу), і надзейны сэрвіс.

    Да прыкладу, такую паслугу прапануе сэрвіс Numero eSIM, але праз інтэрнэт-пошук можна знайсці іх вельмі шмат. Сярод плюсоў — ён даволі танны (нумар там каштуе 25 даляраў за год) і замежны. Праграма для доступу да сэрвісу даступная для Android і iOS. Такія опцыі ёсць і ў сэрвісах для арэнды нумароў для актывацый (апісаныя ніжэй). Плаціць можна толькі карткай, таму лепш карыстацца такой паслугай, толькі калі вы маеце замежную картку ці жывеце за мяжой.

    Мінус пастаяннай арэнды віртуальнага нумара — гэта тое, што вы мусіце плаціць за яго пастаянна, не можаце вельмі часта мяняць акаўнты, бо яны прывязаныя на гэты нумар, а некаторыя сэрвісы не дазваляюць паўторна рэгістраваць іх. Плюс — гэта тое, што нумар застаецца за вамі і яго ніхто не «перахопіць», прынамсі, пакуль вы плаціце.

    Іншыя рэкамендаваныя сэрвісы для доўгатэрміновай арэнды нумароў, якія прымаюць смс для актывацыі і за якія можна плаціць у крыптавалюце, — Cryp­ton (onion-версія для браўзера TOR), Mon­eroSMS і Silent.

    Аднаразовы віртуальны нумар для прыёму SMS

    Такія нумары набываюцца ў адмысловых сэрвісах актывацый. Таксама пажадана не карыстацца расійскімі сэрвісамі і не набываць нумары з беларускай карткі (хоць такія варыянты мы таксама разгледзім).

    Калі вы ствараеце акаўнт на аднаразовы нумар, то можаце назаўжды згубіць над ім кантроль у выпадку, калі выйдзеце з акаўнта з усіх прыладаў або нумар перапрададуць. Каб зберагчы акаўнты, варта заўсёды адразу пасля рэгістрацыі ставіць двухфактарную аўтэнтыфікацыю — нават калі нумар перапрададуць, то вы проста згубіце акаўнт, але вашы даныя застануцца ў бяспецы. Таксама важна адвязваць нумар ад акаўнта, калі гэта дазваляе функцыянал.

    Сярод рэкамендаваных сэрвісаў — ProovlJuicySMS і Vir­tu­al­SIM. Тут можна плаціць або непадсанкцыйнай (лепш — замежнай) карткай, або крыптавалютамі. Нумар там набываецца пад аднаразовую актывацыю канкрэтнага сэрвісу.

    Калі вы ў сітуацыі, калі ў вас няма непадсанкцыйнай карткі і знайсці яе праблематычна, вы тэарэтычна можаце скарыстацца расійскімі сэрвісамі ці сэрвісамі з каранямі з Расіі, самыя папулярныя і танныя з якіх: Sms-Acti­vateSimSMS і Onli­neS­IM. Вы папаўняеце баланс, абіраеце патрэбны вам сэрвіс і — вуаля. Тут таксама паказаная цана адной смс для кожнага з сэрвісаў і нумара пэўнай краіны. Там жа можна набываць ужо гатовыя акаўнты ў розных сацсетках ці Telegram.

    Гэта кампрамісныя і менш надзейныя варыянты. Імі актыўна карыстаюцца расійскія актывісты, але бяспека гэтых сэрвісаў пад вялікім пытаннем.

    Рэгістравацца на расійскіх сэрвісах варта з аднаразовай пошты (да прыкладу, Gueril­la Mail або EmailOn­Deck) — тады нават у выпадку, калі ў сетку «выцячэ» база даных сэрвісу праз уразлівасць, вы не будзеце ў небяспецы, але звярніце ўвагу, што пасля выдалення емэйлаў вы ніколі не ўзновіце доступ да вашых акаўнтаў. Заходзіць на іх варта праз VPN або TOR, а плаціць дзеля вашай бяспекі варта крыптавалютамі. Для аплаты з карты наўпрост яны выкарыстоўваюць папулярныя плацежныя сістэмы і зразумець, куды менавіта пойдуць грошы, будзе няпроста — але праз параўнальна нізкую надзейнасць вы ніколі не ведаеце, ці ў бяспецы будуць вашы даныя пасля аплаты, бо на некаторых з іх ужо былі ўцечкі.

    Адзін эксперт сказаў «Нашай Ніве», што акаўнт на віртуальны нумар, куплены хоць бы з беларускай карткі наўпрост — нашмат лепшы варыянт, чым проста стварэнне ці перастварэнне акаўнтаў на ўласныя нумары. Але, купляючы іх з уласнай беларускай карткі, вы ставіце сябе ў даволі небяспечнае становішча, таму лепш разабрацца з крыптавалютамі, а калі і купляць нумары беларускай карткай, то толькі ў замежных сэрвісах.

    Таксама вы можаце папрасіць вашых сяброў ці знаёмых за мяжой папоўніць баланс якога-небудзь з гэтых сэрвісаў і купляць вам віртуальныя нумары, калі гэта спатрэбіцца.

    Яшчэ важна ведаць, што вашы мінулыя сляды, якія вы пакінулі ў сетцы на прывязаным да вас акаўнце, не выдаляцца самі. Вы можаце выдаліць іх уручную па нашых гайдах, але калі вам пагражае палітычны пераслед і лукашэнкаўцы паспелі іх захаваць, то гэта мала дапаможа. Вось нашы гайды: для інстаграммесенджараўіншых сацсетаклайкаў для сацсетак і вычышчэнні фота.

    Бяспека саміх акаўнтаў і сэрвісаў, у якіх вы купляеце нумары

    Не мае вялікага сэнсу купляць віртуальныя нумары ды «шыфравацца», калі вы не клапоціцеся пра бяспеку сэрвісаў, у якіх купляеце нумары. Лепш, каб вы ўвогуле не мелі прамога доступу да вашых крыптакашалькоў і сэрвісаў віртуальных смс — за вас гэта могуць рабіць сябры ці сваякі за мяжой.

    У выпадку, калі лукашэнкаўцы атрымаюць доступ да вашага сэрвісу, то пабачаць усе вашы актывацыі і ўся схема бяспекі стане бессэнсоўнай. Добры варыянт — ствараць акаўнт у сэрвісе актывацыі на віртуальны нумар са складаным паролем, а пасля выдаляць пароль і выходзіць з акаўнту. Тады ані вы, ані хто іншы не атрымае да яго доступу.

    Стварэнне акаўнтаў

    Перад тым як ствараць акаўнт, варта падумаць, ад каго менавіта вы збіраецеся хавацца. Калі гэта вашы калегі і знаёмыя, то гэта адна справа, калі лукашысты — зусім іншая.

    Чым больш небяспечны ваш вораг, тым больш захадаў бяспекі варта прыняць. Стварыць новы «чысты» акаўнт можна ў любой сацсетцы або месенджары. Адразу пасля стварэння варта выставіць максімальныя налады бяспекі, бо новы ўжо створаны акаўнт пачынае пакідаць сляды і даныя.

    Пры стварэнні акаўнтаў кіруйцеся гэтымі правіламі і ведайце наступнае:

    • Ваш акаўнт мусіць мець назву, не звязаную з вамі аніякім чынам (імя, юзернэйм, нікнэйм, фота і іншае).

    • Акаўнт павінен мець максімальныя налады бяспекі і прыватнасці адразу пасля стварэння: моцны пароль (калі такая функцыя ёсць), двухфактарная аўтэнтыфікацыя, схаваны пошук па нумары, аўтавыдаленне ўразлівай інфармацыі (паведамленняў і кэшу), забарона званкоў для сацсетак і месенджараў, іншыя налады.

    • Клапаціцеся пра тое, каб кантактаваць з людзьмі бяспечна. Калі вы кантактуеце з людзьмі ў Беларусі, то выстаўце строгія налады аўтавыдалення паведамленняў, каб не падставіць сябе і іх.

    Гэты артыкул «Нашай Ніве» дапамагалі рабіць прадстаўнікі ініцыятывы Cyber­Beaver, якая бясплатна кансультуе беларусаў па пытаннях лічбавай бяспекі, і некалькі беларускіх актывістаў.

    Чытайце яшчэ:

    Грамата за прапаганду: у беларускім НАК узнагародзілі журналістаў дзяржСМІ, нават не назваўшы іх імёны

    «Падпарадкавацца гэтаму страху — значыць, прайграць». Апошняе інтэрв’ю Аляксея Стрэльнікава

    Как координировать работу редакции, работающей в разных странах. Опыт работы белорусских медиа

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці