Як зрабіць бамбічным краязнаўчы артыкул?
Маладзечанская філія БАЖ зладзіла трэнінг для журналістаў і краязнаўцаў з Вілейкі, Мінска, Глыбокага і Гродна. Удзельнікі гутарылі пра тое, як ускалануць аўдыторыю краязнаўчымі артыкуламі.
Ёсць на Маладзечаншчыне школа, дзе працаваў Барыс Кіт
Краязнаўца і настаўнік з Лебедзева Антон Апанасевіч падзяліўся з прысутнымі сваімі знаходкамі, анансаваў новую кнігу, у якой будзе артыкул, прысвечаны бацьку — вязню вілейскай турмы.
— Паглядзіце, колькі знакамітых людзей звязаныя з Лебедзевым, — казаў Антон Антонавіч. — У мясцовай школе ў розныя часы вучыліся гісторык Генадзь Каханоўскі, паэт Кастусь Цыбульскі, працавалі настаўнікамі Барыс Кіт і Антон Зяновіч, вядомы як педагог Нобелеўскага лаўрэата па фізіцы Жарэса Алфёрава.
Дзякуючы дзейнасці Антона Апанасевіча, нядаўна паставілі крыж на месцы пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны ў Беніцы.
Асаблівы гонар краязнаўцы — школьны музей, у ім каля пяцісот экспанатаў. Адны з самых каштоўных — медны кацёл 14-га Грузінскага грэнадзёрскага палка і балцкі меч XIII стагоддзя.
Музей часта наведваюць замежнікі. Днямі Антон Апанасевіч чакае дэлегацыю з Тэль-Авіўскага ўніверсітэта.
Сенсацыя, захапляльная гісторыя, цікавы чалавек
Краязнаўца з Маркава Мікалай Тамашэўскі назваў тры спосабы бамбічнага краязнаўчага артыкула:
— сенсацыя,
— захапляльная гісторыя,
— цікавы чалавек.
На думку Мікалая Іванавіча, задача журналіста — падымаць на кап’ё як мага больш краязнаўчых тэм.
Мікалай Тамашэўскі распрацоўвае тэмы Агінскага і Напалеона, працуе над аднаўленнем Маладзечанскага замчышча, вывучае гісторыю Маркава:
— Леў Сапега, Тамаш Зан, Напалеон, Агінскі для Маладзечна як разынкі ў булачцы. Раскручваць такія тэмы задача таксама і журналіста.
Руслан Кулевіч: паказваю іншую гісторыю
Журналіст з Гродна Руслан Кулевіч падзяліўся сваім досведам напісання краязнаўчых артыкулаў. Герояў Руслан шукае проста: падыходзіць на вуліцы да сталага чалавека, пытаецца, ці ў Гродне ён нарадзіўся і… Калі суразмоўца карэнны гарадзенец, хутчэй за ўсё, бліжэйшым часам з’явіцца чарговы краязнаўчы артыкул.
Узрост герояў Руслана — каля 90 год. Успаміны многіх ужо ўвайшлі ў кнігу «Горад адзін — успаміны розныя», у планах кніга «Гродзенцы здалёк».
Журналіст перакананы: увесь працэс працы трэба паказваць у Фэйсбуку і Інстаграме. Вось стары фотаздымак і яго кароткая гісторыя, вось Руслан разам са сваім героем, а пасля — непасрэдна артыкул.
— Я паказваю гісторыю іншага Гродна, — дзяліўся з калегамі Руслан. — У школе нас вучаць, што ў Беларусі вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года. Але чаму ж тады бацька адной з маіх гераінь загінуў у Гродне ад бомбы, скінутай з нямецкага самалёта, 1 верасня 1939 года?
Як краязнаўчым артыкулам паўплываць на грамадства?
Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч распавёў, што краязнаўчыя артыкулы былі ў газеце з першага нумара. Друкавалі спісы вязняў Вілейскай турмы, якіх этапавалі падчас вайны з Вілейкі ў Разань. Пісалі пра тое, як вілейскія краязнаўцы на могілках на Вілейшчыне знайшлі магілу паэта ХІХ стагоддзя Ігната Ходзькі.
Разам з Анатолем Рогачам і Анатолем Капцюгом «Рэгіянальная газета» адкрыла для сваіх чытачоў, што аўтар першай украінскай Канстытуцыі Піліп Орлік і перашадрукар Іван Фёдараў нарадзіліся на Вілейшчыне.
А дзякуючы таму, што карэспандэнты газеты знайшлі сведак Халакосту ў Валожыне і напісалі пра гэта, улады райцэнтра адмянілі рашэнне будаваць жылы дом на месцы, дзе пахаваны расстраляныя яўрэі.
Акуратнасць і аператыўнасць — перш за ўсё
Супрацоўнікі маладзечанскай школы № 5 Лідзія Князева і Алена Парахня расказалі пра тое, як 22 гады пры школе працуе клуб «Пошук». Дзякуючы арганізатару і кіраўніку клуба Лідзіі Князевай і яе вучням за гэты час знайшліся тысячы імёнаў людзей, якія падчас Другой сусветнай вайны загінулі ў маладзечанскім «Шталагу-342» і іншых канцлагерах.
Без СМІ пошук не атрымаўся б, перакананая Алена Парахня. Цягам многіх гадоў пашукоўцы расказваюць пра сваю дзейнасць у беларускіх і расійскіх газетах, публікуюць спісы палонных.
Але ад журналістаў часам хочацца большай акуратнасці ў напісанні імёнаў і прозвішчаў. Сталых людзей вельмі крыўдзяць падобныя памылкі.
Звярнулі ўвагу і на тое, што журналістам спісы лепш размяшчаць аператыўна. У пошуках часцей зацікаўленыя сталыя людзі. Таму можа быць важным кожны дзень.
Уладзімір Садоўскі: больш працую з дакументамі, чым з людзьмі
Краязнаўца і журналіст Уладзімір Садоўскі, у адрозненне ад Руслана, працуе не з людзьмі, а з дакументамі. Шукае інфармацыю ў інтэрнэце, праз польскіх краязнаўцаў, у архівах. У выніку з’яўляюцца артыкулы пра тое, як выглядалі за польскім часам беларускія гарады.
Асабліва цікавяць Уладзіміра тэмы міжваеннай архітэктуры і польскага вайсковага гарадка Гелянова, які цяпер з’яўляецца мікрараёнам Маладзечна. А ў тым, што пра Гелянова Уладзімір ведае шмат, удзельнікі трэнінгу ўпэўніліся падчас экскурсіі.
На трэнінгу журналісты прыйшлі да высновы, што краязнаўчыя артыкулы помняцца праз гады, а не забываюцца праз дзень, як аператыўныя навіны. Нездарма сярод артыкулаў, якія найбольш уразілі, адзін з удзельнікаў прыгадаў матэрыял Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва пра Курапаты, надрукаваны ў 1980‑х гадах.
Павел Хаванскі, актывіст, краязнавец, Вілейка:
— На трэнінг прыехаў, бо цікаўлюся краязнаўствам больш за дзесяць год. Пісаў краязнаўчыя артыкулы ў розныя медыя. Уразіла, як Антон Апанасевіч распавядаў пра школьны музей у Лебедзева. Таксама згадка Аляксандра Манцэвіча пра тое, што краязнаўчымі артыкуламі журналісты могуць паўплываць на рашэнне ўладаў, як гэта было ў Валожыне. Спадабаўся Руслан Кулевіч. А вось расповед Мікалая Тамашэўскага пра закапаную на Маладзечаншчыне карэту Напалеона не ўразіў. Я часам езджу на раскопкі, гутару з мясцовымі жыхарамі: такое адчуванне, што ці не ў кожнай вёсцы рэгіёна ёсць свая карэта Напалеона, і вяскоўцы гатовыя паказаць месца, дзе яна закапаная.
Таццяна Смоткіна, журналіст-фрылансер, Глыбокае:
— Краязнаўствам цікаўлюся даўно, часам пішу на гэтую тэму. Уразіла тое, што малады хлопец Руслан Кулевіч так глыбока займаецца краязнаўствам. Лавіла сябе на тым, што шмат пісала на падобныя з Русланам тэмы. У архівах шмат матэрыялаў, якія ніяк не збяруся апублікаваць. Руслан даказаў, што можна не проста пісаць краязнаўчыя артыкулы, але нават выдаць з іх кнігу. І гэтая кніга будзе запатрабаваная.
Наталля Хамутоўская, журналіст-фрылансер, Мінск:
— Яшчэ са студэнцкіх гадоў садзілася ў цягнікі і аўтобусы, ехала аўтастопам у гарады і вёскі. Заўсёды цікава было спасцігаць гісторыю сваёй краіны. Слухаць гісторыі зніклых будынкаў, дрэў, рэк, азёр, а пасля пераказваць іх іншым. Усе спікеры заціквілі: люблю людзей, у якіх гараць вочы! Выдатная ідэя — сумясціць трэнінг з экскурсіяй па горадзе, што правёў краязнаўца Уладзімір Садоўскі. Не хапіла толькі наведвання «Шталагу-342». А ў маім нататніку з’явілася шмат новых запісаў.